Атрадам прапанавалі прайсці іспыты на сямі лакацыях: дзеці тушылі ўмоўнае ўзгаранне, разгадвалі красворд бяспекі, называлі знакі эвакуацыі і вызначалі прыгоднасць для ежы розных грыбоў, перабіраліся праз «балота» па купінах, складвалі гістарычны пазл. У актавай зале мы пагаварылі пра тыя сітуацыі, якіх неабходна пазбягаць падчас летняга адпачынку, паглядзелі два фільмы. А юны ратавальнік Васіль Калянковіч нагадаў дзецям, як трэба правільна карыстацца вогнетушыцелем.
Па выніках гульні лідарамі сталі атрады «Дынаміт», «Шлях воіна» і «Фенікс». Усе астатнія каманды атрымалі адзякі за актыўны ўдзел у гульні.
Начальнік бярэзінскіх ратавальнікаў Іван Мазанік расказвае:
- Практыка паказвае, што дзеці добра ведаюць правілы паводзінаў у небяспечных абставінах. А вось ці змогуць яны скарыстацца ведамі ў экстрэмальный сітуацыі – гэта вялікае пытанне. Як вядома, паніка і разгубленасць могуць стаць дрэннымі дарадчыкамі. Так, нядаўна на пляжы ў Беразіно дапамога спатрэбілася 17-гадоваму юнаку: хлопец адплыў на значную адлегласць, сілы скончыліся, пачаў зваць на дапамогу. Добра, што не пачаў змагацца з цячэннем і плаваў на пляжы, дзе дзяжурылі матросы службы ратавання людзей на вадзе.
Дзеці пабудуць у лагеры пад наглядам выхавацеляў і паедуць дадому. А там - найчасцей безліч вольнага часу, роўна як і безліч ідэй, як ім скарыстацца. Напамінаем усім бацькам: штодня напамінайце дзецям правілы пажарнай, дарожнай бяспекі. Не адпускайце малых адных да ракі ці возера. Кантралюйце забавы падлеткаў. Дашкольнікі павінны быць пад наглядам кожную хвіліну. Паглядзіце навіны: ледзь у Беларусі ўсталявалася па-сапраўднаму гарачае надвор’е, як распачаліся факты выпадзення малых дзяцей з вокан. Патэнцыяльных сітуацый, калі дзіця можа траўміравацца, можна прыводзіць безліч. Забяспечце годны нагляд за дзецьмі, і агульнымі намаганнямі мы зможам звесці колькасць няшчасных здарэнняў да мінімуму. Ратавальнікі раёна жадаюць вашым дзецям бяспечных і запамінальных канікулаў!