Жывёлагадоўля: падведзены вынікі паўгоддзя

Date 06.08.2025 Man
Comment 489
Жывёлагадоўля: падведзены вынікі паўгоддзя

На пленарнай частцы, якая прайшла ў Любушанскім Доме культуры, спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксей Шалай зрабіў аналіз работы галіны за справаздачны перыяд у цэлым па раёне і ў разрэзе асобных гаспадарак. Ён адзначыў, што жывёлагадоўля з пачатку года працуе стабільна, мае станоўчыя вынікі як у вытворчасці і рэалізацыі малака, так і ў адкорме і рэалізацыі БРЖ. На жаль, не абыходзіцца без асобных хібаў і недапрацовак.

Першае, на што звярнуў увагу Аляксей Аляксеевіч, - на колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы. На жаль, яе росту не назіраецца, што адлюстроўвае і паказчык у 97,6% да аналагічнага мінулагодняга перыяду. Тады налічвался 28324 галавы БРЖ, сёння – толькі 27655. Скарацілі пагалоўе чатыры гаспадаркі: ААТ “Багушэвічы” – на 15 галоў, СУП “Здравушка-агра” – на 52, ААТ “Уша” - на 93 і ААТ “Пагосцкі” – аж на 1087. Найбольш істотна павялічылі свой статак СУП “АграМАЗ” і ААТ “Першамайскі” – адпаведна на 343 і 132 галавы.

Зменшыўся на 256 галоў і лік кароў. Зараз іх налічваецца 9942. “Мінус” дапусціла толькі адна гаспадарка – ААТ “Пагосцкі”. Тут недалічыліся 351 карову. Няпроста ёй будзе навярстаць упушчанае, а раёну ў цэлым справіцца з задачай выйсці па колькасці кароў на леташні паказчык.

Дакладчык шчыра падзякаваў работнікам галіны за паспяховае выкананне паказчыка па валавой вытворчасці малака, якая склала 121,3% да леташняга. Найбольшай прыбаўкі, вышэй за сярэднераённую  тут дасягнулі ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, ААТ “Першамайскі”, ААТ “Багушэвічы”, ААТ “Брадзец” і СУП “Здравушка-агра”. І зусім крыўдна на гэтым фоне выдзяляюцца філіял “Ома” і ААТ “Пагосцкі” з паказчыкамі 93,7 і 99,9%. Крыўдна, бо да выхаду на стапрацэнтны ўзровень ім не хапіла зусім крыху (напрыклад, ААТ “Пагосцкі” – усяго 43 тоны).

Не можа не радаваць і той факт, што з пачатку года бярэзінскія жывёлаводы павялічылі надой малака на карову больш як на паўтоны, дакладней – на 522 кілаграмы. А вось у працаўнікоў ААТ “Першамайскі” гэтая прыбаўка аказалася нават удвая большай - 1033 кг. Істотнага “плюса” дабіліся таксама жывёлаводы ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” (939 кг), СУП “Здравушка-агра” (656 кг) і ААТ “Брадзец” (641 кг).

Адзінае сельгаспрадпрыемства раёна выйшла ў “мінус” - сельгасфіліял “Ома”. Але і пры такой акалічнасці яно трымае трэцяе месца па надоі на карову (3846 кг), саступаючы такім лідарам, як сельгасфіліял “Арэшкавічы” і СУП “АграМАЗ”, дзе надой склаў адпаведна 3946 і 4409 кілаграмаў.

Дарэчы, гэтыя вытворцы малака лідзіруюць і па такім паказчыку, як сярэднясутачны надой на карову: тут ён перавышае 21 кг. Важкія сярэднясутачныя надоі таксама на рахунку ААТ “Першамайскі” (17,3 кг),  СУП “Здравушка-агра” (16,1) і ААТ “Брадзец” (15,7). У аўтсайдарах жа знаходзяцца ААТ “Пагосцкі” і ААТ “Багушэвічы” з паказчыкам адпаведна 10 і 11 кілаграмаў. Сярэднераённы ж вынік дасягнуў 15,5 кілаграма.

Станоўча ідуць справы і з рэалізацыяй малака. Яна склала 26264,8 тоны, або 122,6 працэнта да леташняга. Толькі ААТ “Пагосцкі” і сельгасфіліялу “Ома” гэты рубеж аказаўся недасягальным. Ёсць перамены да лепшага і ў плане якасці малака. Поўнасцю класам “экстра” яго здаюць сельгасфіліялы “Ома” і “Арэшкавічы”. Крыху не дацягваюць да стапрацэнтнага паказчыка ААТ “Брадзец”, СУП “АграМАЗ”, ААТ “Уша” і ААТ “Першамайскі”. Разам з тым 9,7% малака трапіла ў рэалізацыю першым гатункам. Вызначыліся тут ААТ “Багушэвічы”, ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” і ААТ “Пагосцкі”, на рахунку якіх адпаведна 6,2, 24,4 і 61,1 працэнта такой сыравіны. Нельга мірыцца з падобнай з’явай! 

Па выніках паўгоддзя раён станоўча справіўся з задачай па атрыманні сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе. Замест устаноўленага паказчыка ў 700 грамаў мы запісалі на свой рахунак 712 грамаў. Лідарам тут з’яўляецца ААТ “Брадзец” – 824 грамы. Пераадолеў 800-грамовы рубеж і СУП “АграМАЗ”. А вось чатыры сельгаспрадпрыемствы пакуль што толькі на подступах да лічбы 700. Адзначаны рост да леташняга і такіх паказчыкаў, як валавыя прыбаўленні ў вазе БРЖ, прадукцыя яе вырошчвання і рэалізацыя жывёлы. Дасягнуць яго не змаглі толькі тры гаспадаркі – ААТ “Уша”, ААТ “Пагосцкі” і сельгасфіліял “Ома”.

Узнімаў і іншыя пытанні, што стаяць на парадку дня жывёлаводаў: рэканструкцыя ферм, іх агароджванне, абкошванне, пабелка, у цэлым падрыхтоўка памяшканняў да маючай адбыцца зімоўкі жывёлы. Праблем  існуе нямала і час прыспешвае вырашаць іх аператыўна, каб потым недапрацоўкі не адбіліся на выніках працы.

Пра тое, як павысіць прадуктыўнасць статка, якія меры неабходна прыняць для яго захавання і аднаўлення, свае парады і рэкамендацыі давалі намеснік галоўнага ветурача раёна Ірына Кужалевіч і дырэктар райплемстанцыі Аксана Андрэенка.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

 Фота аўтар.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30