Завяршэнне чарговай уборачнай кампнаніі яшчэ раз яскрава прадэманстравала нам нашу сілу, згуртаванасць і яднанне ў ажыццяўленні высокай і важнейшай місіі аграрыяў – уборцы ўраджаю і забеспячэнні харчовай бяспекі краіны. Бярэзінскі раён унёс свой істотны ўклад у агульны рэспубліканскі каравай. Аказаўся ён незвычайна важкім і пышным, і дасягнуў 47 тысяч тон, што сведчыць аб тым, што папрацавалі мы на славу. Гэтую славу нашаму краю складалі многія – камбайнеры, вадзіцелі і механізатары, работнікі зернесушыльных комплексаў, работнікі інжынернай службы і спецыялісты аховы працы, ідэолагі… Кожны на сваім рабочым месцы і ўсе разам мы гартавалі свой поспех, супрацьстаялі неспрыяльнаму надвор’ю, да цёмнага вялі малацьбу за збажыну, напаўнялі засекі і выконвалі план дзяржпаставак. Асобныя словы падзякі хачу выказаць кіраўнікам і галоўным аграномам сельгаспрадпрыемстваў, якім удалося не толькі спланаваць будучы ўраджай, прыняць усе неабходныя захады для яго вырошчвання і ўборкі, а таксама арганізаваць свае калектывы на аператыўную і якасную работу на кожным участку гэтага працаёмкага працэсу.
Сёння мы будзем ушаноўваць лепшых з лепшых – тых, хто ўяўляе сабой гонар і славу нашага раёна. На жаль, на сцэну мы не зможам запрасіць кожнага ўдзельніка бітвы за ўраджай. Таму яшчэ раз вялікі дзякуй усім работнікам палеткаў. Няхай і надалей спадарожнічаюць вам поспех, высокія ўраджаі, моцнае здароўе і асабістае шчасце.
Са святам вас, мае шаноўныя землякі, з дажынкамі!
Андрэй САКАЛОЎСКІ,
старшыня Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта.