У Міхалёве сямейная пара вось ужо 17 гадоў. Да гэтага былі жывёлаводамі ў ААТ “Багушэвічы”. Там жа і пазнаёміліся, на новае месца працы перабіраліся ўжо разам. Тут спадабаліся і ўмовы працы, і людзі, з якімі даволі хутка сышліся і пасябравалі.
– На той час, калі мы стварылі сям’ю, у мяне ўжо было чацвёра дзяцей і ў Івана дачушка. Сёння яны – людзі самастойныя. Старэйшая жыве ў Багушэвічах, двое дзетак – у Мінску, яшчэ двое – адпаведна ў Барысаве і Беразіно. Ёсць у нас і ўнукі, старэйшаму з якіх, дарэчы, вось ужо 18 гадоў. Так што мы – багатая сям’я. Дарэчы, такая асаблівасць відаць перадалася нам у спадчыну ад бацькоў, якія таксама былі мнагадзетнымі (у мужа таксама). У спадчыну нам яны перадалі і працавітасць, адказнасць за даручаную справу, а таксама весці ўласную падсобную гаспадарку.
Так, на сённяшні дзень на падворку Тамары Іванаўны і Івана Іванавіча 2 свінні, 4 авечкі, 4 казы і адносна “невялічкая” – на 50 галоў – чародка курэй. Сапраўды, па сённяшніх мерках аб’ёмы ўнушальныя. Праўда, каб пратрымаць і дагледзець такое пагалоўе, даводзіцца і папрацаваць нямала: выхадных тут не бывае. Дапамагаюць “соткі”, на якіх сям’я вырошчвае збожжа і бульбу. Пры апрацоўцы ўчастка, а таксама дастаўцы грузаў на двор, выкарыстоўваецца ўласны трактар. Тут жа, на падворку, размешчаны і градкі, якія радуюць гаспадароў сваім багатым ураджаем у знак удзячнасці за клапатлівы догляд. Яшчэ адным гонарам гаспадароў (дакладней гаспадыні) з’яўляецца кветнікавы палісаднік. Нават у кастрычніку на ім агеньчыкамі ззялі невялічкія кусцікі мініяцюрных хрызантэм самых розных афарбовак. Таму не вельмі напрагаючы фантазію, можна сабе ўявіць якая прыгажосць тут стаіць улетку.
Але ж за хатнімі клопатамі гаспадары не забываюць і аб працоўных абавязках. Пры гэтым знаходзяцца ў ліку лепшых жывёлаводаў сельгасфіліяла. Да таго ж, у Тамары Абрамовіч вельмі адказны ўчастак работы: яна занята на раздоі першацёлак. Спецыялісты ведаюць, што менавіта ад таго, наколькі руплівай і клапатлівай будзе даярка ў гэты перыяд з каровай, настолькі багатай будзе аддача жывёліны на працягу наступнага перыяду, а гаспадарцы гарантуецца вялікае малако. Нагадаем, што “Ома” па выніках работы за дзевяць месяцаў года мела па 21,1 кілаграму малака сярэднесутачных надояў і займала трэцяе месца сярод іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна. Ёсць у гэтым поспеху і заслуга Тамары Іванаўны.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.