А яшчэ ў здольнасці быць чуллівай, уменні слухаць іншых людзей, ісці насустрач, быць адказнай, памяркоўнай, ставіцца да ўсіх прыязна і адкрыта, а таксама мець надзейны тыл і падтрымку ў выглядзе сям’і, дзяцей, мужа. У гэтых высновах пераканана Анастасія Крывель, інспектар Дзяржэнергагазнагляду.
Звесткі пра тое, што сёлетні год Прэзідэнтам краіны аб’яўлены Годам беларускай жанчыны, Анастасія Крывель ўспрыняла як камплімент, бо на жанчынах сёння трымаюцца ледзь не ўсе аспекты жыцця ў самых разнастайных сферах.
– Беларуская жанчына – гэта жанчына, якая з лёгкасцю сумяшчае работу, кар’еру, сямейнае жыццё і хатні быт, – падкрэслівае Анастасія. – У нас ёсць шмат жанчын, якія дабіліся вялікіх дасягненняў і поспехаў на рабоце, парою займаюць такія пасады, якія часам недасягальныя для многіх мужчын, і пры тым усім, з’яўляюцца клапатлівымі матулямі, любячымі жонкамі і выдатнымі хатнімі гаспадынямі. Вось гэта і ёсць сапраўдная беларуская жанчына: мэтанакіраваная і мабільная ў тым ліку. І пры ўсіх якасцях – абавязкова неабыякавая да чужой бяды. Напрыклад, едзе ў машыне, раптам бачыць: кацяня на дарозе, імгненна спынілася сама, развяла рукамі – спыніла іншыя машыны, аднесла кацяня ў бяспечнае месца.
.jpg)
Тут варта заўважыць у пацвярджэнне вышэйсказанага, што сама Анастасія Станіславаўна з’яўляецца шматдзетнай матуляй. Старэйшая дачка, 17-гадовая Аліна вучыцца за мяжой. 12-гадовы Іван наведвае Бярэзінскую гімназію, а 9-гадовы Дзмітрый – пачатковую школу. І дзеці, па запэўніванні гэтай жыццелюбівай няўрымслівай жанчыны, з’яўляюцца самым вялікім шчасцем у жыцці, і сапраўднай жыццёвай узнагародай, якая толькі можа быць у лёсе любой жанчыны, не толькі беларускай. Нягледзячы на рабочыя графікі, распарадак дня, дзеці на сувязі з мамай, як гаворыцца, 24 на 7, і могуць у любы момант звярнуцца за дапамогай, парадай ці нейкім пытаннем.
– Маё галоўнае жыццёвае правіла: калі хочаш, каб усё было добра, нельга нідзе ніколі заставацца абыякавай, раўнадушнай. Менавіта яно і дазваляе сумяшчаць у жыцці і сям’ю, і кар’еру, – раскрывае сакрэт паспяховасці Анастасія Крывель. – На рабоце я інспектар тэхнічнага накірунку, у межах дзейнасці стараюся растлумачыць людзям патрэбнае, накіраваць у належнае рэчышча, а дома таксама варта аддаваць часцінку сябе, каб дзеці выраслі адукаванымі, разумнымі, добрымі, і каб муж быў шчаслівым. І гэта цудоўна, калі дома з дзецьмі вучыш на памяць школьны вершык, ці майструеш вырабы на конкурс, а потым як перамогу ўспрымаеш навіну, што дзіця ў школе атрымала дзявятку ці дзясятку, і на рабоце займаешся любімай справай, якая прыносіць выключна задавальненне.
.jpg)
Дарэчы, муж Аляксандр Уладзіміравіч – вадзіцель у Бярэзінскім РГЗ. Чалавек працавіты і гаспадарлівы. На пытанне, хто ў сям’і галоўны, Анастасія шчыра завярае, што ў сям’і пяцёра чалавек, і меркаванне кожнага мае каштоўнасць. Прынцып, які таксама з’яўляецца неад’емнай часткай шчаслівага жыцця.
Спецыяльнасць, набытая ў БНТУ, які яна скончыла ў 2008 годзе, незвычайная для жанчыны. Анастасія па дыпломе інжынер-электрамеханік. Вучылася на аўтатрактарным факультэце. Згадзіцеся, прафесійны выбар вельмі нестандартны. Па словах Анастасіі зрабіць яго натхніла мабыць тое, што тата ў свой час хацеў сына, а нарадзіліся дзве дачкі. Дарэчы, малодшая сястра працуе ў Барысаве ў структурах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
– Нас з сястрой з дзяцінства вабілі ваенныя прафесіі, і я марыла стаць міліцыянерам, але не прайшла па здароўі, і з той нагоды было дужа крыўдна, – разводзіць рукамі жанчына. – Мой будучы муж ужо вучыўся ў БНТУ, прыйшла я разам з ім ва ўстанову дзеля цікаўнасці, паглядзела – спадабалася, падала дакументы і паступіла. У нашай групе вучылася 27 хлопцаў і нас, дзяўчат, было толькі двое. Адна не вытрымала, адлічылі на другім курсе, а я, як баец, выстаяла да канца і атрымала цікавую спецыяльнасць. Затое тата ўжо парадаваўся ад душы! Ён і не чакаў ад мяне такой вытрымкі.
У дамашняй атмасферы Анастасія вялікі аматар пазавіхацца на кухні з выпечкай і тартамі, якія з задавальненнем гатуе на сямейныя святы і ўрачыстасці для родных і гасцей. Пры тым, хлопчыкі з задавальненнем дапамагаюць матулі ўдзельнічаць у гэтым творчым працэсе. А з улікам, што да дзяцей далучаюцца яшчэ і пляменнікі, якія завітваюць у госці, выпечку і тарты ёсць каму спажываць, што робіць хатнюю гаспадыню яшчэ больш шчаслівай.
.jpg)
Бавіць вольны час любіць разам з усёй сям’ёй, часцяком ездзяць у Барысаў да сястры, а яшчэ Анастасія – вялікая аматарка футбола, «хварэе» за БАТЭ. Тлумачыцца ўсё проста: двое сыноў – заўзятыя футбалісты, заразілі спортам і матулю, і цяпер пры выпадку ўсім сямействам стараюцца не прапускаць ніводнага чэмпіянату і гульні любімай беларускай каманды.
– Жанчынам важна несці і захоўваць сямейныя каштоўнасці, – падкрэслівае Анастасія Крывель, – а таксама сачыць за ўласным здароўем, каб не выйсці са строю, тады стваральны настрой будзе суправаджаць усё жыццё і яе, і блізкіх.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота з архіва гераіні матэрыялу.