У чым сакрэт булак Наталлі Заікінай?

Date 13.02.2026 Man
Comment 176
У чым сакрэт булак Наталлі Заікінай?

Распачынаючы праект “Са знакам якасці”, адразу зазначым, што пад галоўнымі героямі матэрыялаў маюцца на ўвазе не толькі работнікі вытворчых прадпрыемстваў, арганізацый і розных устаноў, якія выконваюць сваю работу адказна і якасна, але і таксама радавыя бярэзінцы і жыхары раёна, рукамі якіх ствараюцца цуды. Людзі, якіх мы добра ведаем, якія становяцца ўдзельнікамі разнастайных мерапрыемстваў і гарадскіх свят, якія з душой аддаюцца ўласным захапленням, і ўласнай творчасцю, працай радуюць іншых і ўносяць своеасаблівыя ноткі ў агульную атмасферу любога фестывалю, семінара ці кірмашу, прадукцыя якіх – ужо падзея. Сярод іх – загадчыца Сялібскага сельскага клуба-бібліятэкі Наталля Заікіна. Наталля Мікалаеўна – вялікая майстрыха выпечкі булак, пірагоў, караваяў і ўсяго смачнага, здобнага, мучнога, што само растае ў роце і натхняе спажыўца папрасіць дабаўкі.

Наталля Заікіна – нязменная ўдзельніца разнастайных мерапрыемстваў. На кожнае свята, у ліку якіх Вялікдзень, Масленіца, Дажынкі, за прылаўкам лакацыі Сялібскай установы культуры столькі ўсяго напечанага, прыгожага і духмянага, што ў кожнага, хто наблізіцца, каб паглядзець ці пакаштаваць, разбягаюцца вочы.

– Мы не прамінаем ніводнага буйнога мерапрыемства, заўсёды ладзім да свята як мае быць булкі, кулічы, усё, што душа пажадае, – сціпла пасміхаецца Наталля Мікалаеўна і следам тлумачыць: – мы – гэта я, а таксама ўдзельнікі клубнага аб’яднання, жыхары вёскі, старыя майстры выпечкі, у якіх я вучылася, якія падказвалі і паказвалі, як правільна пячы.

Да слова, у наступным годзе споўніцца 30 гадоў, як гэтая жыццярадасная жанчына працуе ва ўстанове культуры. І з іх 15 гадоў яна займаецца выпечкай. А распачыналася ўсё з малога. Як гэта заўсёды бывае, вялікая справа, захапленне на ўсё жыццё неўпрыкмет вырастаюць з незаўважнай падзеі, якая можа стаць лёсавызначальным першым крокам. Неяк аднойчы дома паспрабавала спячы вялікі пірог да свята – атрымалася з першага разу! Занесла на работу, пачаставала калег і сяброў – ухвалілі, смачна! Папрасілі каравай спячы на Дажынкі – атрымалася выдатна, на ура! І з тае пары справа пайшла ўгору. Пачалі паступаць заказы ад гаспадарак, устаноў культуры, іншых. І неўпрыкмет Наталля Мікалаеўна зрабілася вядомым у раёне майстрам па выпечцы.

Дарэчы, самой выпечкі перад святамі ў яе за раз атрымліваецца даволі шмат. Мяркуйце самі.

– Зазвычай выкарыстоўваецца 8-10 кілаграмаў мукі, – расказвае Наталля Мікалаеўна. – І ўласна сам працэс займае два дні. Выпечка – такая справа, што яна добрая, калі свежая, таму і гатаваць трэба напярэдадні святочнага дня.

Як у сапраўднай гаспадыні, кухня ў Наталлі Заікінай – шырокае поле кулінарных эксперыментаў.

– Але ж, ведаеце, з вопытам міжволі прыходзіш да высновы, што адхіленні ад рэцэптуры прынцыпова недапушчальныя. Усяго павінна быць роўна столькі, колькі трэба. Ёсць у мяне традыцыйны рэцэпт, якім заўсёды карыстаюся.

– Падзялюся з чытачамі самым простым рэцэптам святочнага куліча. Для яго патрабуецца малако – 350 грамаў, мукі – 1 кілаграм, свежых дражджэй – 45 грамаў, палова чайная лыжачкі солі, масла сметанковага – 250 грамаў, 4 курыныя яйкі, а таксама ванілін, сухафрукты. Замешваеце цеста, накрываеце ручніком ці марлечкай і даяце пастаяць 4-5 гадзін, пакуль цеста падыдзе. За гэты час яно разы тры паднімецца і апусціцца. Потым ужо можна ставіць у печ або духавую шафу.

Каб паспець роўна да свята, Наталля Заікіна прачынаецца ў самую рань, у 3 гадзіны, і пачынае пячы. Выкарыстоўвае электрадухоўку. І тут таксама патрабуецца поўны кантроль над працэсам. Вопытны прафесіянал ужо на вока можа вызначыць, калі паменшыць або павялічыць тэмпературу выпякання, і калі канчатковая прадукцыя ўжо гатовая. Зазвычай час выпякання займае адну-паўтары гадзіны, калі чакаюцца маленькія булачкі, і дзве гадзіны – для вялікага каравая.

Галоўны ж сакрэт смачнага пірага, як высветлілася ў ходзе гутаркі, хаваецца ў самым простым.

– Пачынаць выпечку, рабіць цеста трэба толькі з добрым настроем, – завярае Наталля Мікалаеўна. – Ужо праверана вопытам, калі няма настрою, нічога не ладзіцца цягам дня, лепш і не пачынаць. Тады хоць танцуй вакол цеста, пірог не атрымаецца. Толькі з добрым настроем, ласкавай усмешкай, са своеасаблівай любоўю да цеста пачынаем замешваць інгрэдыенты – тады ўсё атрымаецца: і каравай з булачкамі выйдуць духмянымі і румянымі, і сама атрымаеш задавальненне, і людзям падорыш радасны і цудоўны настрой. Іншымі словамі, выпякайце пірагі, будзьце шчаслівымі і – смачна есці!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30