Буры Міхаіл Сямёнавіч
Нарадзіўся ў 1922 г. у Бярэзінскім раёне.
У РСЧА з 06.07.1944, прызваны Бярэзінскім РВК Магілёўскай вобл. У Айчыннай вайне з верасня 1944 г. Радавы 646 сп 152 сд, стралок 6 роты. Беспартыйны.
З Узнагароднага ліста: “21.01.1945 у баі за нямецкі апорны пункт абышоў праціўніка з фланга і калі праціўнік пад нажымам нашых байцоў пачаў адыходзіць, накрыў яго агнём з ручнога кулямёта, забіўшы пры гэтым 10 нямецкіх салдат. Праціўнік бег да гасподскага дома з мэтай замацавацца ў ім. М. Буры першым уварваўся ў гасподскі двор і знішчыў 2 афіцэраў і 2 салдат праціўніка.
22.01.1945 пры фарсіраванні ракі Ангеран пад агнём праціўніка першым пераправіўся цераз раку і замацаваўся на правым беразе, прыкрываў агнём свайго ручнога кулямёта падыходзячых байцоў, 2 снайперы трапнымі чэргамі былі знішчаны”.
Мае ўзнагароду: 26.02.1945 - ордэн Славы ІІІ ст. (быў прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі).
Буры Рыгор Васільевіч
Нарадзіўся ў 1903 г. у в. Мацевічы Пагосцкай вол.
У РСЧА з 09.07.1944, прызваны Бярэзінскім РВК Магілёўскай вобл. Радавы 139 сд. Сапёр 195 асб.
З Узнагароднага ліста: “З 01.08.1944 паказаў сваё ўменне ў веданні сапёрнай справы. Дзейнічаючы сумесна з агульнавайсковай групай разведчыкаў, за час з 11.11 па 5.12.1944 - па захопе “языка” 4 разы рабіў праходы ў мінных палях на тэрыторыі занятай абароны праціўніка, размініраваў 150 мін. Два разы рабіў праходы ў драцяной агароджы праціўніка. “Язык” быў узяты. Акрамя таго, Буры Р.В. даў дакладныя звесткі па інжынернай разведцы ў абароне праціўніка. Пры выкананні баёў праявіў выключныя ўменні і мужнасць”.
Узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ст.
Загінуў 21.04.1945. Пахаваны ў в. Ніпервізе (Германія).
Буры Фёдар Сцяпанавіч
Нарадзіўся ў 1921 г. у в. Лешніца.
У РСЧА з 09.07.1944, прызваны Бярэзінскім РВК Магілёўскай вобл.
Радавы 1270 сп 385 сд 49 А. Камандзір узвода 45-мм гармат. Член ВЛКСМ з 1944.
З Узнагароднага ліста: “У наступальным баі 25.01.1945 у в. Пісасутэн(?) (Усх. Прусія), гарматны разлік Ф. Бурага паспяхова падтрымліваў сваім агнём наступленне стралковага падраздзялення і падавіў 5 кулямётаў праціўніка, чым садзейнічаў паспяховаму выкананню баявой задачы”.
Узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ст.
Загінуў 02.05.1945, пахаваны ў г. Кёнігсбергу (Калінінград).
Валькевіч Іван Канстанцінавіч
Нарадзіўся ў 1902 г. у в. Слабада Пагосцкай вол.
У РСЧА з 09.07.1944. Радавы 1268 сп 385 сд 2 Бел. Фронта. Стралок 2 стралковай роты. Беспартыйны.
З Узнагароднага ліста: “За перыяд наступлення з 23 па 28.01.1945 на подступах да мяжы Усходняй Прусіі, так і на яе тэрыторыі, паказаў смеласць і выключную адвагу. Нягледзячы на моцны артылерыйскі і кулямётны агонь праціўніка, хутка рухаўся наперад, урываўся ў траншэі праціўніка, дзе знішчаў нямецкіх салдат. Агнём з аўтамата і гранатамёта знішчыў да 10 фашыстаў”.
Мае ўзнагароды: ордэн Славы ІІІ ст., 13.09.1944 - медаль “За адвагу”, 09.05.1945 - медаль “За Перамогу над Германіяй”.
Васілевіч Васілій Якаўлевіч
Нарадзіўся ў 1924 г. в. Тыль-каўка Высакагорскага с/Савета.
У РСЧА з 07.1943. У Айчыннай вайне з 1943 г. Малодшы сяржант 102 сп 41 сд 69 А батарэі 45-мм гармат, 1 Бел. Фронт. Беспартыйны.
З Узнагароднага ліста: “Пры фарсіраванні р. Зах. Буг знішчыў у складзе разліку гарматы 1 кулямёт праціўніка і 37-мм гармату, забяспечыў фарсіраванне ракі”.
Узнагароджаны 24.07.1944 ордэнам Славы ІІІ ст.
Загінуў 22.07.1944, пахаваны ў в. Яновіцы, Польшча.
Вінцарэвіч Канстанцін Іосіфавіч
Нарадзіўся ў 1916 г. у м. Беразіно.
У РСЧА з 1944 г. Гвардыі радавы стралок 210 сп 71 гв. сд. Беспартыйны.
З Узнагароднага ліста: “У наступальным баі 23.02.1945 сваімі адважнымі дзеяннямі натхніў сваіх таварышаў на подзвіг.
У момант прарыва варожай абароны ў р-не в. Таурэні Латвійскай ССР ён першы ўварваўся ў траншэі праціўніка і прымусіў здацца ў палон 2 нямецкіх салдат, якіх даставіў у штаб. Дастойны ўзнагароды Вялікай Айчыннай вайны ІІ ст. Узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ст.”
Мае ўзнагароды: 01.03.1945 - ордэн Славы ІІІ ст., 09.05.1945 - медаль “За Перамогу над Германіяй”.
Памёр 09.12.1986.
Вусік Іосіф Адамавіч
Нарадзіўся ў 1898 г. у в. Лісітнік Пагосцкай вол.
У Грамадзянскай вайне з 1918 па 1922 гг. У РСЧА з 09.07.1944, прызваны Бярэзінскім РВК Магілёўскай вобл. У Айчыннай вайне з 08.08.1944. Радавы 1270 сп 385 сд 49 А. Стралок. Беспартыйны.
З Узнагароднага ліста: “У наступальным баі 29.01.1945 пры штурме г. Бішофсбург пры адбіцці контратакі праціўніка, агнём свайго аўтамата і гранат знішчыў 9 нямецкіх салдат”.
Узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ст. (01.03.1945).
Паранены 25.08.1944 у в. Бачэ-Суке.
Загінуў у баі 24.02.1945 каля в. Клопава, Польшча.
Гайдук Аркадзь Пятровіч
Нарадзіўся ў 1925 г. у в. Дзямешкаўка Бярэзінскага р-на.
У РСЧА з 1944 г. Прызваны Бярэзінскім РВК Магілёўскай вобл. У Айчыннай вайне з 21.07.1944, 3 Бел. Фронт і 1 Прыбалт. Фронт. Стралок стралковай роты.
З Узнагароднага ліста: “У раёне Бандож Латвійскай ССР 18.09.1944 у час раптоўнай контратакі пяхоты праціўніка, якая падтрымлівалася танкамі, па сваёй ініцыятыве сабраў разрозненыя групы нашай пяхоты ў баявы парадак, арганізаваў адбіццё атакі і асабіста вынес з нейтральнай паласы цяжка параненага свайго камандзіра, аказаў яму меддапамогу і даставіў да медпункта.
У раёне г. Мемель (Усх. Прусія) 11.10.1944 удзельнічаў у адбіцці контратакі праціўніка, асабіста забіў 2 немцаў”.
Мае ўзнагароды: 16.10.1944 - ордэн Славы ІІІ ст., 01.02.1945 - медаль “За адвагу”, 09.05.1945 - медаль “За Перамогу над Германіяй”.
Гайдук Васілій Іванавіч
Нарадзіўся ў 1926 г. у в. Клубча.
У РСЧА з 1944, прызваны Бярэзінскім РВК Магілёўскай вобл. Гвардыі сяржант. 662 осапб 380 сд, 2 Бел. Фронт. Сапёр. Беспартыйны.
З Узнагароднага ліста: “Пад агнём праціўніка арганізаваў разведку воднай перашкоды ракі. Даныя ад разведкі неабходныя былі для пабудовы пераправы”.
Мае ўзнагароды: 14.04.1945 - ордэн Чырвонай Зоркі, 15.03.1945 - ордэн Славы ІІІ ст., 17.09.1944 - медаль “За адвагу”, 09.05.1945 - медаль “За Перамогу над Германіяй”. З вёскі выехаў.
Галуза Адам Мацвеевіч
Нарадзіўся ў 1911 г. у в. Арэшкавічы Дзмітравіцкай вол. Барысаўскага павета.
У РСЧА і Айчыннай вайне з 10.08.1944, прызваны Бярэзінскім РВК Магілёскай вобл. Гвардыі радавы 49 гв сп 16 гв сд 36 гв ск. Стралок 4 стралковай роты. Беспартыйны.
З Узнагароднага ліста: “У баях за в. Хайде Вальдербург (Усх. Прусія) 14.03.1945 адным з першых уварваўся ў траншэю праціўніка, кінуў гранату і забіў 3 немцаў. У гэтым баі быў паранены, але поле боя не пакінуў і працягваў весці бой”.
Мае ўзнагароды: 17.04.1945 - ордэн Славы ІІ ст., 18.03.1945 - ордэн Славы ІІІ ст., 17.02.1945 - медаль “За адвагу”, 09.05.1945 - медаль “За Перамогу над Германіяй”, 09.06.1945 - медаль “За ўзяцце Кёнігсберга”.
Гамеза Іван Сяргеевіч
Нарадзіўся ў 1922 г. у в. Вяшэўка.
У РСЧА з 1940 г., прызваны Бярэзінскім РВК Магілёўскай вобл. Капітан 998 начнога бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка 313 нбад 15 паветранай арміі.
Ордэн Чырвонага Сцяга атрымаў за 344 баявыя вылеты, скінуў авіябомб 40999 кг.
Ордэн Славы III ст. - за ўзрыў эшалона з гаруча-змазачнымі матэрыяламі.
Мае ўзнагароды: 07.09.1943 - ордэн Айчыннай вайны ІІ ст., 07.08.1944 - ордэн Славы III ст., 19.02.1945 - ордэн Чырвонага Сцяга, 15.11.1950 - медаль “За баявыя заслугі”, 30.12.1956 - ордэн Чырвонай Зоркі, 09.05.1945 - медаль "За Перамогу над Германіяй”.
Гамеза Міхаіл Пятровіч
Нарадзіўся ў 1922 г. у в. Паплавы Неганіцкага с/Савета.
У РСЧА з 1944 г., прызваны Бярэзінскім РВК Магілёўскай вобл. Радавы 331 сп 96 сд, 2 Бел. Фронт. Член ВЛКСМ.
З Узнагароднага ліста: “Будучы артылерыстам, прымаў удзел у баях з нямецкімі захопнікамі з 06.07.1944 па 29.01.1945 і ў баі пад г. Кёнігсбергам атрымаў раненне ў правую нагу, у выніку ранення правая нага была ампуціравана. Не працаваў”.
Мае ўзнагароды: 06.11.1947 - ордэн Славы III ст., 09.05.1945 - медаль "За Перамогу над Германіяй”.
Падрыхтаваў Ігар ЖУКОЎСКІ.
(Працяг будзе).