Ад дзіцячай пакупкі - да майстэрства

Date 28.04.2026 Man
Comment 17
Ад дзіцячай пакупкі - да майстэрства

Нездарма кажуць, што дарога пачынаецца з першага кроку. Такім першым крокам у свет рукадзелля для Вольгі Аляксандраўны Харловіч – члена Народнага калектыву майстроў народнай творчасці Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў стала набыццё кручкоў для вязання. І было гэта…

– Я тады вучылася ў пачатковых класах, - гаворыць Вольга Аляксандраўна. – Ішла са школы дадому, зайшла ў наш мясцовы вясковы магазін і ўбачыла кручкі. У мяне якраз з сабой было чатыры рублі. А кожны кручок каштаваў роўна адзін рубель. І я, не асабліва задумваючыся і не разумеючы для чаго, купіла гэтыя самыя кручкі.

Сакрэт такога выбару пакупкі маленькай дзяўчынкі хутчэй за ўсё хаваецца ў падсвядомасці.

Кожны дзень яна бачыла перад сабой бабуліны дыванкі і палавікі, якія тая вывязвала вялікім кручком. Назірала, як хутка бабуліны рукі перабіраюць цэлых пяць пруткоў, калі яна вяжа шкарпэткі. Пруткамі вязала і матуля. Тады, у 90-ыя гады, не тое што вялікага, увогуле выбару адзення не было, таму менавіта мама сваімі рукамі “спраўляла” абноўкі ў школу. Вольга Аляксандраўна да гэтага часу памятае кофтачку, у якой “моднічала” ў школе.

Яна і сама спрабавала вязаць пруткамі, але не спадабалася. А вось па-дзіцячаму спантанна набытыя кручкі праз пэўны час спатрэбіліся. І больш таго, суправаджаюць захапленне вязаннем да гэтага часу.

Першыя прыёмы вязання – паветраную пятлю і слупок з накідам – паказала настаўніца Надзея Міхайлаўна Камароўская. Яна ж пасля падзялілася кнігай, па якой вучаніца асвойвала ўрокі вязання. Дасведчаны ва ўсім інтэрнэт тады яшчэ не быў даступны, ды і кнігі для рукадзелля былі ў вялікім дэфіцыце.

У памяці першыя ўласнаручныя вырабы – стаканчык для ручак і алоўкаў і сабачка-пудзель. А вось жаба, якую звязала ў школе на ўроках працы, захавалася да гэтага часу.

– У школе мы шмат займаліся творчасцю, - расказвае Вольга Аляксандраўна. – Памятаю, заўсёды самі рабілі кветкі, каб аднесці іх на магілы родных, якіх ужо няма з намі. У нашай мясцовасці на могілкі ідуць на Тройцу, і да гэтага часу мы з гафрыраванай паперы выраблялі кветкі. Дома знаходзіла час, каб штосьці ствараць, працягвала вязаць.

Сказаць па-шчырасці, вясковыя дзеці ніколі не сядзелі без справы. Вольга, хаця і нарадзілася ў горадзе Чэрвені, хутка разам з бацькамі пераехала ў вёску Мікулічы. А там у вольны час абавязкова дапамога па дому і гаспадарцы, работа на агародзе, пяць гадоў падчас летніх канікулаў працавала на зернетаку ў мясцовай гаспадарцы. Пасля заканчэння 9 класа паехала ў Смілавічы набываць прафесію прадаўца. Некалькі гадоў працавала ў магазінах райспажыўтаварыства ў Беразіно, выйшла замуж і вярнулася ў сваю вёску. Адзін за адным нарадзіліся дзеці. Вось так закружыла жыццё. І на тое, каб заняцца вязаннем, часу амаль не заставалася. Але рукі не забыліся. Больш таго, Вольга Харловіч асвоіла нямала іншых відаў рукадзелля, якія таксама прыйшліся даспадобы.

Садзейнічала гэтаму і новая прафесійная дзейнасць - Вольга прыйшла працаваць у Мікуліцкі сельскі клуб-бібліятэку. Акрамя таго, што асвойвала невядомую да гэтага часу справу і камп’ютар, з’явіліся і новыя захапленні: навучылася плесці з газетных трубачак, майстраваць лялек-мотанак, занялася выцінанкай.

– Лялек-мотанак убачыла на адной са святочных выстаў, куды мы паехалі з былой загадчыцай нашай установы Людмілай Аляксандраўнай Пянкрат, - гаворыць Вольга Харловіч, - вельмі спадабаліся. Прыехала дадому і адразу праз інтэрнэт пачала асвойваць іх выраб. Праз інтэрнэт вучылася плесці і з газетных трубачак, нялёгкая справа аказалася. А пасля мне паказалі, як можна плесці больш проста, але не менш эфектыўна. Нарабіла кошыкаў, ваз, цукерніц… Шмат чаго дарыла і прадавала, штосьці да гэтага часу выкарыстоўваю ў працы. Выцінанак не менш за 200 стварыла, некалькі калекцый рознай тэматыкі, адна з іх, Велікодная, зараз выстаўлена ў нашым клубе да свята.

Вядома ж, ёсць цэлыя калекцыі вязаных вырабаў. Пэўны час, успомніўшы захапленне бабулі, вязала дыванкі з малочных пакетаў. Да вязання з нітак больш цесна майстрыха вярнулася пасля таго, калі яе запрасілі на самы першы раённы конкурс вязальшчыц у раённым цэнтры рамёстваў. Адмыслова выканала дамашняе заданне – звязала дзіцячыя пінеткі, падрыхтавала калекцыю на выставу і на самім конкурсе паказала сваё майстэрства.

Сам працэс вязання заварожвае, аднак тут вельмі важна знайсці для сябе прымальную схему вязання, ад гэтага залежыць не толькі хуткасць і якасць работы, але і жаданне.

– Па адной схеме некалькі вырабаў звяжу, а іншую толькі адзін раз выкарыстаю – не мая, - расказвае Вольга Аляксандраўна. - Вяжу ў асноўным цацкі, кожная з іх мае свой характар і, нават, настрой – лялькі, зайчыкі, мішкі, коцікі, навагоднія і іншыя святочныя сімвалы… Хачу стварыць некалькі новых калекцый. Хаця ўжо існуючыя пастаянна абнаўляюцца, штосьці дару або прадаю, вяжу новыя.

Уласныя выставы майстрыхі абавязкова можна ўбачыць на святах вёсак, якія ўваходзяць у акругу яе абслугоўвання, на раённых выставах і святах. Тут нярэдка на дапамогу прыходзяць родныя. Муж Сяргей Мікалаевіч дапамагае ствараць адпаведны фон для калекцый, вырабляе рамкі. Першай яго спробай стала аздабленне выставы падчас правядзення раённых “Дажынак”, якія праходзілі ў аграгарадку Косаўка. Маці Ганна Іванаўна - на пенсіі і працягвае працаваць у раённай бальніцы, але заўсёды знаходзіць час для выпечкі – пірагі, хрушчы, кулічы… і таксама з задавальненнем частуе гасцей падчас свят вёсак.

– Дзяцей не прымушаю, да творчасці патрэбна прыйсці самім, - працягваем размову з Вольгай.

– Але сын - навучэнец каледжа, мне змайстраваў вялікі кручок для вязання дыванкоў, хаця больш любіць тэхніку. У нас, у дамашняй гаспадарцы, ёсць трактар, дык гэта яго захапленне. Дачка-старшакласніца –
аматарка спорту, у прыватнасці, спартыўнага арыентавання, па якім мае нямала ўзнагарод. Аднак нядаўна яна заняла трэцяе месца ў конкурсе “Вы-ратавальнікі вачыма дзяцей” са сваім самаробным, звязаным кручком, “пажарным”.

Дзейнічае клубнае аб’яд-нанне і пры Мікуліцкай установе культуры, дзе загадчыца, адначасова і майстар рукадзелля, стараецца не проста навучыць дзяцей вязаць, плесці або выразаць, але і растлумачыць, што хутка і без карпатлівай працы нічога не атрымаецца. І што галоўнае тут – шчырае жаданне і цярплівасць. Ну і, вядома, творчы падыход, які выкарыстоўвае ў сваёй рабоце і сама Вольга Аляксандраўна, для якой рукадзелле – нешта значна большае, чым проста звязаць цацку або выразаць узор. Гэта свой, асобны, свет.

Ала АЛЬФЕР.
Фота аўтара
і з уласнага архіва В. Харловіч.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30