Імя на помніку: Яўген Ярмалкевіч

Date 29.07.2026 Man
Comment 28
Імя на помніку: Яўген Ярмалкевіч

Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі ў цэнтральным скверы нашага горада быў абноўлены помнік падпольшчыкам, павешаным фашыстамі практычна на тым жа месцы ў 1942 годзе. На жаль, пра большасць з названых на помніку прозвішчаў патрыётаў мы ведаем няшмат. Пра падпольную дзейнасць, па-першае, нельга было не тое што расказваць, яе нават старанна хавалі ад людскіх вачэй. А па-другое, на лёс мужных змагароў выпала зусім кароткае жыццё.

Аднак і за кароткае жыццё можна пакінуць пра сябе доўгую памяць на многія гады наперад. Гэта якраз пра Яўгена Аляксандравіча Ярмалкевіча, чыё прозвішча знаходзім на помніку сярод іншых. Што мы пра яго ведаем? Ды амаль нічога: да вайны выкладаў для глуханямых, у час вайны быў старастам Машчаніцкай воласці і з’яўляўся членам падпольнай групы.

На самой жа справе, Яўген Ярмалкевіч быў мастаком, кіраўніком першай мастацкай студыі ў Бабруйску. Менавіта так назваў яго адзін з вучняў Абрам Рабкін у кнізе “Вакол вайны”.

Нарадзіўся Яўген Аляксандравіч Ярмалкевіч у горадзе Бабруйску ў 1912 годзе. У 1928 годзе паступіў у Віцебскі мастацкі тэхнікум. Праз чатыры гады яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыць давялося ў Тамбове, там і сустрэў будучую жонку Ганну Пятроўну.

У 1934 годзе ў Бабруйску адкрываецца Дом піянераў, у якім Ярмалкевіч стаў кіраўніком мастацкай студыі. Тры групы дзяцей прыходзілі да яго на заняткі: малодшая, сярэдняя і старэйшая. Таленавіты вучань вядомых мастакоў прывіваў сваім выхаванцам любоў да роднай зямлі. Сярод яго вучняў ужо ўзгаданы Абрам Рабкін, Віктар Савіцкі, Аляксандр Дзегіль і інш.

У 1940 годзе сям’я Ярмалкевічаў, у якой на той час ужо было трое дзяцей (Наталля 1935 года нараджэння, Антаніна і Барыс), пераязджае ў Бярэзінскі раён. Яўген Аляксандравіч выкладае ў Паплаўскай школе для глуханямых дзяцей. А ледзь пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён актыўна ўключыўся ў барацьбу з захопнікамі. У верасні 1941 года яго прызначэнне акупантамі старастам Машчаніцкай воласці супадае з пачаткам дзейнасці ў падпольнай групе.

У групу, як вядома, таксама ўваходзілі і складалі яе ядро Леанід Шунэйка – шэф паліцыі ў Беразіно, Лізавета Гансоўская – перакладчыца Бярэзінскай раённай управы, Фёдар Глінскі – рэдактар “Бярэзінскай газеты”, Зінаіда Маёрава (жонка Шунэйкі) і іншыя патрыёты сваёй радзімы. Група вяла вялікую работу па выратаванні людзей ад фашысцкай расправы. Дапамагла многім воінам Чырвонай Арміі, якія ўцяклі з нямецкага палону або трапілі ў акружэнне, жыхарам раёна. Падпольшчыкі не проста падтрымлівалі сувязь, але і цесна працавалі з партызанскімі атрадамі Васіля Беражнога і Мікалая Дзербана. І ўжо планавалі перайсці ў лес, але …

Групу выдаў здраднік, хутчэй за ўсё, намеснік Шунэйкі, які ўцёрся ў падпольную групу. Усіх арыштаваных расстралялі, а пяцярых – Шунэйку, Гансоўскую, Глінскага, Маёраву, а таксама Ярмалкевіча, павесілі ў цэнтры Беразіно. Адбылося гэта 23 красавіка 1942 года. У гэты ж дзень карнікі забілі жонку Ярмалкевіча – Ганну Пятроўну. Круглымі сіротамі засталіся трое дзяцей Ярмалкевічаў. Па сцвярджэнні А. Рабкіна, двое малодшых, Антаніна і Барыс памерлі, выжыла толькі старэйшая Наталля. А вось па ўспамінах групы партызан, якія ў свой час звярталіся з пісьмом-аповедам пра дзейнасць падпольнай групы да першага сакратара ЦК КПБ К.Т. Мазурава, памерла толькі адно дзіця, дваіх камандзір партызанскага атрада Мікалай Дзербан у гады вайны перадаў надзейным людзям, а пасля вайны ўладкаваў у дзіцячы дом.

У цэлым, паплечнікі характарызавалі Яўгена Аляксандравіча Ярмалкевіча як валявога, настойлівага, патрыятычна настроенага чалавека.

Падрыхтавала
Ала АЛЬФЕР.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Ліпень 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31