Аб экалагічных праблемах сёння размаўляем з начальнікам Бярэзінскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Інай Дамаронак.
- Многія ўпэўнены, што выпальванне сухой расліннасці спрыяе яе лепшаму росту. Наколькі праўдзівыя такія меркаванні?
- Асноўным аргументам прыхільнікаў спальвання леташняй травы з'яўляецца тое, што гэта ўзбагачае яе попелам, у выніку чаго на выпаленых участках трава прарастае хутчэй і расце лепш.
Але спецыялісты запэўніваюць, што попел, які застаецца пасля спальвання травы, ніяк не ўплывае на паляпшэнне якасці глебы, таму што губляюцца злучэнні азоту (асноўная частка звязанага азоту выпускаецца ў атмасферу, становіцца недаступнай для пераважнай большасці раслін). Мінеральныя элементы, якія змяшчаюцца ў попеле, пераходзяць у растваральную форму і лёгка сыходзяць з паверхневымі і грунтовымі водамі. Толькі нязначная частка іх паглынаецца раслінамі.
- А пасля спальвання сухой травы зноўку прарастаюць толькі тыя травы, што размнажаюцца карэнішчамі, накшталт пырніку. І гэта самае сапраўднае пустазелле, якое нават на корм буйной рагатай жывёлы не вельмі падыходзіць. Працэс згарання суправаджаецца выкідамі ў атмасферу вуглякіслага газу, згарае кісларод. У агні згараюць і рэшткі ўгнаенняў і пестыцыдаў, утвараючы лятучыя таксічныя арганічныя і неарганічныя злучэнні, уздоўж дарог адбываецца забруджванне паветра цяжкімі металамі.
- Як данесці да жыхароў горада і раёна, што праблемы экалогіі павінны стаць найпершымі з важнейшых пытанняў для кожнага чалавека?
- Толькі сумеснымі намаганнямі. Усім вядома, дрэнная экалагічная сітуацыя прыносіць непапраўны ўрон не толькі жывёльнаму і расліннаму свету, а ўплывае і на здароўе чалавека. У выніку выпальвання сухой травы збядняецца відавы склад лугавой расліннасці і жывёльнага свету. Усюды, дзе прайшлі палы, не будзе ўжо ранейшага разнатраўя, пустазелле захопіць тэрыторыю, якая вызвалілася. У полымі выпальванняў гінуць бесхрыбетныя, кузуркі, жабы, яшчаркі і іншыя жывёлы. Выпальванне сухога травастою выклікае гібель кладак і месцаў гнездзішчаў такіх птушак, як крыжанка, кнігаўка, чаротавая і звычайная аўсянкі, палявы, лясны і чубаты жаўрукі, лугавы конік. Гнездавы перыяд гэтых птушак пачынаецца якраз у пачатку красавіка..
- Якую адказнасць могуць панесці парушальнікі, што выпальваюць сухую расліннасць?
- У адпаведнасці з артыкулам 16.40 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў, вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь.
У адпаведнасці з артыкулам 16.41 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах, за выключэннем парушэнняў патрабаванняў пажарнай бяспекі, адказнасць за якія прадугледжана іншымі артыкуламі Асаблівай часткі названага Кодэкса, цягне накладанне штрафу ў памеры да дванаццаці базавых велічынь.
Акрамя таго, незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў у адпаведнасці з пунктам 3 Палажэння аб парадку вылічэння памеру кампенсацыі шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, і складання акта аб устанаўленні факта прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 г. № 1042, з'яўляецца фактам прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю і прадугледжвае грамадзянска-прававую адказнасць. Памер кампенсацыі шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, вызначаецца па таксах, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 чэрвеня 2008 г. № 348 "Аб таксах для вызначэння памеру кампенсацыі шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю".
Падрыхтавала Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.