З верай у працу і людзей

Date 22.03.2022 Man
Comment 309
Трактарыст-машыніст ААТ  “Пагосцкі”   Аляксандр Каравы

Рашэннем Бярэзінскага райвыканкама калектыў адкрытага акцыянернага таварыства “Пагосцкі”занесены на раённую Дошку гонару ў галіне сельскай гаспадаркі.

Даходы растуць

Мінулы год, і сапраўды, аказаўся даволі плённым для мясцовых аграрыяў і жывёлаводаў. Вытворчасць валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах павялічылася ў параўнанні з мінулым годам на 6 працэнтаў, а выручка ўзрасла на 32 працэнты. Асабліва шмат даходаў у бюджэт гаспадаркі прынесла рэалізацыя прадукцыі жывёлагадоўлі.

 

Не мялеюць малочныя рэкі

Малако – асноўная і багатая крыніца пагосцкіх даходаў. Летась тут вытворчасць малака павялічылі практычна на чвэрць у параўнанні з мінулым годам, а надой на карову давялі да 4845 кілаграмаў.

 

А яшчэ і кармы, і збожжа, і рапс

Добра памятаюць пагостцы, што вялікага малака не бывае без належнай кармавой базы. Нездарма ж яны летась сталі лепшымі ў раённым спаборніцтве на жніве і шчыра віншавалі ў сваім аграгарадку Лешніца лепшых хлебаробаў раёна. Прымалі яны паважаных гасцей заслужана, бо даказалі ўсім сваю высокую культуру земляробства і вернасць сялянскай справе.

Ды і ніяк нельга забыцца пра шчодрыя палеткі азімага рапсу. Пры ўраджайнасці ў 22 цэнтнеры масланасення з гектара яны забяспечылі гаспадарцы рэнтабельнасць у 68 працэнтаў.

 

Нізкі паклон вам, працавітыя людзі!

За ўсе гэтыя вынікі дырэктар сельгаспрадпрыемства Наталля Сокал удзячна ўсяму свайму калектыву – ад радавога работніка да вядучых спецыялістаў.

– Мінулы год яскрава паказаў усім нам, што мы можам і ўмеем эфектыўна і плённа працаваць, рухаемся наперад у вырашэнні шматлікіх вытворчых задач, – заўважае яна, – а самае галоўнае – прадэманстравала ўсім нашу працавітасць і зладжанасць.

Словы гэтыя Наталля Уладзіміраўна адрасуе ў першую чаргу сваім земляробам і вадзіцелям Вячаславу Кашлачову, Віталію Семашкевічу, Юрыю Гоману, Раману Жукоўскаму, Міхаілу Салаўю і свайму намесніку Аляксандру Салаўёву. Дзякуючы ім і іншым работнікам гаспадарка намалаціла з 1670 гектараў рэкордныя 5904 тоны збожжа. Ды і не забываецца гаспадарка пра важкі ўклад жывёлаводаў у развіццё сельгаспрадпрыемства. Тут словы падзякі гучаць для Алены Ахрамейка, Вольгі Шалай і ветурача Ліліі Дзяхцяр. Старанне і руплівасць пагосцкіх жывёлаводаў гаспадарка плануе заахвоціць будаўніцтвам новай сучаснай малочнатаварнай фермы з яшчэ адной даільнай залай з выдатнымі ўмовамі ўтрымання жывёлы і належным камфортам для работнікаў.

 

“Ленінскія дні”, “Вяшэўка”, а цяпер і “Бярэзінскі”

Таму сёлетні вытворчы год пагостцы пачалі з пэўных амбіцый яшчэ больш прырасціць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі і наладзіць эфектыўнасць працы на кожным участку. Гэтаму іх рашучаму намеру не перашкодзіць нават далучэнне да сельгаспрадпрыемства суседняй стратнай гаспадаркі – адкрытага акцыянернага таварыства “Бярэзінскі”.

– Нам не ўпершыню прымаць на сябе такую адказнасць, – прызнаецца Наталля Уладзіміраўна, – бярэзінцы памятаюць, што быў час, у наш склад увайшлі дзве невялічкія гаспадаркі – калгасы “Ленінскія дні” і “Вяшэўскі”. Вядома ж, ААТ “Бярэзінскі” яўна больш за іх па плошчы і колькасці жывёлагадоўчых аб’ектаў, але, мяркуем, і тут з цягам часу зможам паставіць вытворчасць на новыя рэйкі.

 

Працы на зямлі хопіць усім!

Словы кіраўніка пацвярджае трактарыст-машыніст ААТ “Пагосцкі” Аляксандр Каравы. Хутка ён пойдзе на заслужаны адпачынак, а ўсё сваё працоўнае жыццё мужчына прысвяціў сялянскай працы.

– Я нарадзіўся і зараз жыву ў бацькоўскай хаце ў вёсцы Журоўка, – расказвае пра сябе механізатар. – Таму пачынаў працаваць яшчэ ў тагачасным саўгасе “Вяшэўскі”.

– На зямлі ў руплівага гаспадара заўсёды працы і клопатаў шмат, – дадае мужчына, – а цяпер у нас яшчэ дабавіцца турбот. Тут ужо талакой будзем шчыраваць і старацца, каб не страціць патрэбную культуру земляробства!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота АленыГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER