Ордэн – з рук Прэзідэнта

Date 18.11.2022 Man
Comment 192
Ордэн –  з рук Прэзідэнта

Вячаслава Кашлачова мы ў гэтую раніцу засталі на мехдвары. Нягледзячы на тое, што пачаў падаць першы ў гэтым годзе снег і надвор’е было не самым лепшым, настрой у нашага суразмоўцы быў аптымістычным.

– Дык без аптымізму і добрага настрою і на працу прыходзіць няма чаго, – жартуе ён. – Гэта ж палова поспеху пры вырашэнні любой справы.

Спраў і клопатаў у сельскай гаспадарцы заўсёды хапае. Асабліва ў механізатара – самай галоўнай дзеючай фігуры любога сельгаспрадпрыемства. Вось і зараз, хоць усе асноўныя палявыя работы і завершаны, атрад механізатараў ААТ “Пагосцкі” заняты на завяршэнні ворыва зябліва і вывазкай на палеткі арганікі. Сярод гэтых працаўнікоў і Вячаслаў са сваім энерганасычаным трактарам: рана яшчэ на адпачынак. Ды і сядзець без спраў – не ў яго характары.

– Такая высокая ацэнка маёй працы – вельмі ганаровая і адказная, - дзяліўся сваімі ўражаннямі Вячаслаў напярэдадні паездкі. – І я яе атаясамляю не толькі з ацэнкай маіх намаганняў, а ў цэлым усіх аграрыяў Бярэзіншчыны, якія ў няпростых умовах штогод дасягаюць высокіх вынікаў і ўмацоўваюць харчовую бяспеку нашай дзяржавы.

Наогул, прозвішча Кашлачова як стараннага працаўніка, неаднаразовага лідара раённага спаборніцтва на сяўбе і жніве, добра вядома бярэзінцам і далёка за межамі раёна. Ён стаў свайго роду брэндам нашага рэгіёна, які ўвасабляе сабой адданасць роднай зямлі, вернасць служэнню ёй і высокі прафесіяналізм. А літаральна ўчора імя Вячаслава Аляксеевіча гучала з вуснаў самога Кіраўніка дзяржавы, які ва ўрачыстай абстаноўцы ў Палацы Рэспублікі ўручыў нашаму земляку высокую ўрадавую ўзнагароду – ордэн Пашаны!

Атрыманы ордэн – ужо не першая ўзнагарода такога кшталту ў механізатара. Яшчэ ў 2016 годзе ён быў удастоены адразу двух медалёў – юбілейнага “Прафсаюзнаму руху 100 гадоў”, а таксама “За працоўныя заслугі”. Калі ж гаварыць пра іншыя ўзнагароды (ганаровыя граматы, падзячныя лісты, дыпломы і г.д.), то іх у нашага земляка назбіраўся вялікі стос, без іх не абыходзіцца ні адзін год.

Вось і па выніках сёлетняга жніва Вячаслаў Кашлачоў таксама трапіў у тройку лепшых камбайнераў Бярэзіншчыны. Менавіта тройку, бо якраз столькі чалавек у час кампаніі змаглі дасягнуць намалоту ў 2000 тон (нагадаем, імі сталі таксама Уладзімір Сігаёў з СУП “Здравушка-агра” і Даніла Дальнічанка таксама з ААТ “Пагосцкі”). Дарэчы, сёлетняе жніво для Вячаслава Аляксеевіча было юбілейным: мужчыну споўнілася 45 гадоў. І яшчэ адной адметнасцю вызначылася яно: якраз у час уборкі адбылося вяселле старэйшага сына.

– Такім чынам носьбітаў прозвішча Кашлачовых стала на Бярэзіншчыне больш, – жартуе Вячаслаў Аляксеевіч.

І сапраўды, для нашага рэгіёна яно рэдкае і належала толькі адной сям’і. Але дзіўнага тут нічога няма: бацька нашага героя – выхадзец з Петрыкаўскага раёна. А на бярэзінскай зямлі Слава, будучы чатырохгадовым хлопчыкам, аказаўся дякуючы таму, што тутэйшымі былі яго бабуля з дзядулем. Таму, нягледзячы на сваё “іншаземнае” паходжанне, мужчына лічыць сябе сапраўдным бярэзінцам. Ды і як інакш, калі тут жа, у Пагосце, заканчваў ён школу, а з 1994 года ўліўся ў атрад мясцовых механізатараў тагачаснага саўгаса “Камунар”. Вось ужо 28 гадоў прайшло з таго часу, шмат што перамянілася і ў жыцці нашага героя, і ў гаспадарцы. Але толькі не ў яго адносінах да справы і роднай зямлі.

– Поспех у любой справе, – лічыць Вячаслаў Кашлачоў, – амаль поўнасцю залежыць ад самога чалавека. І ад яго любові: да выбранай справы, да замацаванай тэхнікі, да роднай зямелькі, да самога сябе, як адказнага за лёс роднай гаспадаркі чалавека. Менавіта гэтае пачуццё, пракладзенае праз душу, здольна пакараць любыя вышыні, у тым ліку і працоўныя. Так што вялікага сакрэту свайго поспеху я не раблю, іменна ў гэтым ён і заключаецца.

А яшчэ важна для любога чалавека адчуваць надзейны тыл, мець тую гавань, дзе цябе заўсёды чакаюць і дзе не страшныя ніякія буры і шторм. Вядома, гэта сям’я. І яна для Вячаслава таксама шмат што значыць у жыцці, з’яўляецца яго асновай. Тут заўсёды пануюць каханне і згода, утульнасць і цяпло, цэніцца аўтарытэт бацькі і яго працавітасць (яна датычыцца і хатніх спраў, якіх для ўладальнікаў асобнага до-ма заўсёды хапае). І хоць дзеці – людзі ўжо дарослыя (сын стварыў ўласную сям’ю, закончыў Акадэмію Міністрэства унутраных спраў і служыць у РАУС, дачка спасцігае асновы гандлю і эканомікі ў каледжы), тата для іх застаецца прыкладам для пераймання.

Шмат клопатаў пра сям’ю праяўляе і жонка Алена. І хоць працуе яна аператарам ЗАТ “Клявіца”, знаходзіць час для дзяцей, вядзення хатняй гаспадаркі, з цярплівасцю чакае познімі вечарамі мужа з работы і ніколі не наракае на тое, што рэдка калі бачыць яго, працаголіка, дома засветла…

Зрузумела, узрост у 45 гадоў – яшчэ не тая мяжа, калі можна падводзіць вынікі пражытага і зробленага, бо наперадзе яшчэ будзе шмат і поспехаў, і перамог, і працы. Але ўжо і сёння Вячаслаў Кашлачоў можа з упэўненасцю сцвяржаць, што след на зямлі ён пакінуў трывалы, глыбокі і важкі, як той ураджай, які ён ўбірае кожнае жніво.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER