А каму яшчэ па сілах будзе марафон?

Date 05.09.2022 Man
Comment 233
А каму яшчэ па сілах будзе марафон?

У рамках абласнога тыдня спорту і здароўя ў ДУА “Бярэзінская гімназія” па ініцыятыве настаўніка фізічнай культуры і спорту Мікалая Міхалёва была наладжана сустрэча гімназістаў з заўзятым бярэзінскім аматарам марафону і паўмарафону Генадзіем Жаўронкам.

Ён яшчэ ў школьныя гады актыўна пачаў займацца бегам і сёння ў свае пяцьдзясят плюс ўпэўнена ўваходзіць у лік першых непрафесійных бегуноў на доўгія дыстанцыі ў сваёй узроставай групе, не раз перамагаў і ўдзельнічаў у розных міжнародныхспаборніцтвах і дагэтуль, нягледзячы на надвор’е, не стамляецца штотыдзень пераадольваць дыстанцыю ў звыш 200 кіламетраў.

Дарэчы, такое апантанае захапленне спортам ніяк не перашкодзіла Генадзію скончыць сярэднюю школу з залатым медалём, атрымаць дзве вышэйшыя адукацыі і сёння сумленна працаваць загадчыкам Бярэзінскай раённай натарыяльнай канторы.

Таму няцяжка здагадацца, які вялікі інтарэс выклікала асоба мясцовага марафонца ў гімназістаў. Сустрэча не абышлася без цікавых пытанняў і спартыўных падарункаў. Футболкі і сумкі з лагатыпамі спаборніцтваў атрымалі з рук паважанага госця аўтары самых арыгінальных пытанняў, а на памяць аб гэтым мерапрыемстве ўсім удзельнікам дасталося сумеснае фота.      

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER