Вячаславу Кашлачову – ордэн Пашаны

Date 22.11.2022 Man
Comment 105
Вячаславу Кашлачову – ордэн Пашаны

На мерапрыемстве з нагоды ўрачыстага ўшаноўвання перадавікоў аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь прысутнічала і дэлегацыя Бярэзінскага раёна, у склад якой увайшлі аператар штучнага асемянення кароў СУП “АграМАЗ” Марына Ждановіч, механізатар СУП ”Здравушка-агра” Уладзімір Сігаёў і механізатар ААТ “Пагосцкі” Вячаслаў Кашлачоў.

Асаблівую ўрачыстасць гэтаму мерапрыемству надаваў для нашых землякоў той факт, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў на ім нашаму славутаму камбайнеру і сейбіту Вячаславу Кашлачову ордэн Пашаны.

Нагадаем, што гэта ўжо другая дзяржаўная ўзнагарода Вячаслава Аляксеевіча за старанную працу: яшчэ ў 2016 годзе ён быў удастоены медаля “За працоўныя заслугі”. І сёння ён пакуль што з‘яўляецца адзіным ардэнаносцам Бярэзіншчыны, які ўдастоены такой высокай узнагароды ўрада Рэспублікі Беларусь.

Марына ЖДАНОВІЧ, аператар штучнага асемянення кароў СУП “АграМАЗ”:

– Чым запомнілася мерапрыемства? Сваёй шчырасцю і той увагай, якую праяўляе пра работнікаў сельскай гаспадаркі Прэзідэнт Беларусі. Сапраўды, гэта пры яго непасрэднай падтрымцы наша галіна набыла перадавыя пазіцыі ў сусвеце, а яе прадукцыя запатрабавана ў многіх краінах. Прыемна, што і я таксама маю дачыненне да сельскай гаспадаркі і ўношу свой пасільны ўклад у яе развіццё. І няхай ён не вельмі важкі ў параўнанні з іншымі, тым не менш, яго бачаць і адзначаюць. Так, напярэдадні свята мне была аб’яўлена падзяка міністра сельскай гаспадаркі Беларусі. Ёсць у мяне і іншыя ўзнагароды і граматы. Ды і тое, што я трапіла на такое ўрачыстае мерапрыемства, таксама сведчыць аб многім.

 

Уладзімір СІГАЁЎ, механізатар СУП “Здравушка-агра”:

– Стаўленне Кіраўніка дзяржавы да нас, сельскіх працаўнікоў, заўсёды было выключна станоўчым. І гэтаму мы не раз бачылі пацвярджэнне, калі Аляксандр Рыгоравіч наведваў той ці іншы рэгіён, цікавіўся жыццём сялян і іх працай, прымаў захады па паляпшэнні нашага быту і ма-дэрнізацыі галіны. Пацвярджэннем такіх адносін стала і ўшанаванне работнікаў сельскай гаспадаркі. На падобным мерапрыемстве я прысутнічаў упершыню, і прыемных уражанняў яно пакінула вельмі многа.

 

Вячаслаў КАШЛАЧОЎ, механізатар ААТ “Пагосцкі”:

– Атрымаць урадавую ўзнагароду за сваю працу – вялікі гонар для кожнага. Тым больш – ордэн. Ды яшчэ з рук самога Кіраўніка дзяржавы! Хваляванняў і ўражанняў шмат. Безумоўна, такая высокая ацэнка маёй працы вельмі ганаровая і адказная. І я яе атаясамляю не толькі з ацэнкай маіх намаганняў, а ў цэлым усіх аграрыяў Бярэзіншчыны, якія ў няпростых умовах штогод дасягаюць высокіх вынікаў і ўмацоўваюць харчовую бяспеку нашай краіны.

Як адзначыў у сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка, «кожны беларус разумее, што дабрабыт дзяржавы, наша харчовая бяспека знаходзіцца ў вашых руках. Руках механізатараў і аграномаў, жывёлаводаў, ветэрынараў, хлебапёкаў, сыраробаў, вучоных – усіх, хто заняты ў аграпрамысловым комплексе”.

Мы разумеем гэтую адказнасць і імкнёмся дасягаць высокіх паказчыкаў. Так, сёлета мы атрымалі багаты ўраджай. Але, як адзначыў Прэзідэнт, не будзем расслабляцца, бо ёсць яшчэ над чым працаваць. Таму ўжо сёння мы робім задзел будучага ўраджаю, імкнёмся да павышэння прадуктыўнасці нашага грамадскага статка, уводзім у севазварот новыя, больш перспектыўныя культуры і клапоцімся пра рост прыбытковасці гаспадарак. Працаваць, сапраўды, ёсць над чым. І мы не збіраемся здаваць ужо заваяваныя пазіцыі і спыняцца на дасягнутым. Сваю ганаровую місію працаўнікі сельскай гаспадаркі добра разумеюць, ведаюць і здраджваць ёй не збіраюцца.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ і аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER