Аліна Жызнеўская: медыцына - лепшая прафесія ў свеце

Date 10.11.2022 Man
Comment 239
Аліна Жызнеўская:  медыцына - лепшая прафесія ў свеце

Калі гаварыць пра людзей, чые справы ўпрыгожваюць дасягненні ў развіцці Міншчыны, то, на маю думку, нідзе няма столькі найбольш дастойных, як у медыцынскай сферы.

Сярод іх яркай зоркай вылучаецца Аліна Жызнеўская, якую бярэзінцы ведаюць як урача з вялікай літары.
Два запісы
У працоўнай кніжцы Аліны Жызнеўскай два запісы, якія сведчаць пра пачатак пра-фесійнай працоўнай дзейнасці на Мядзельшчыне, а потым прыбыццё ў Беразіно.

Нарадзілася на Гродзеншчыне ў Мастоўскім раёне ў сям’і звычайных працаўнікоў. Сярэднюю школу скончыла з адзнакай, потым з першага разу паступіла ў Гродзенскі медыцынскі інстытут, дыплом урача атрымала ў далёкім ужо 1977-м.

З улікам таго, што вучылася выдатна, мела права самой выбіраць, у якую вобласць размяркоўвацца. Бацькі на той час пераехалі на Нарач, таму папрасілася на Міншчыну. Так апынулася ў сельскай амбулаторыі ў Сырмежы (зараз аграгарадок) Мядзельскага раёна. Тут выйшла замуж, і калі праз 6 гадоў мужа перавялі працаваць на Бярэзіншчыну, пераехала разам з сям’ёй.

У бярэзінскай бальніцы прайшла ўсе прыступкі на лесвіцы прафесійнай кар’еры. Спачатку працавала ўчастковым тэрапеўтам на сельскім прыпісным участку. Абслугоўвала два ўчасткі з насельніцтвам у 6 тысяч чалавек, разам з медсястрой Францішкай Калінка прымалі за дзень па 60-80 пацыентаў. У такім рэжыме прамінула паўтара года, пасля павысілі да загадчыка паліклінікі, потым праз пэўны час перавялі на пасаду намесніка галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце. У 1997-м прапаноўвалі на пасаду намесніка галоўурача па медыцынскай частцы. У 2003-м давялося выконваць абавязкі галоўнага ўрача, а ў 2007-м назначылі галоўным урачом, якім адпрацавала 12 гадоў.

З рук прэзідэнта

Важнай падзеяй у жыцці Аліны Жызнеўскай было атрыманне дзяржаўнай узнагароды “Медаль за працоўныя заслугі” ў 2015 годзе, якую ў Палацы Незалежнасці ўручыў сам Прэзідэнт краіны. Урачысты момант узрушыў да глыбіні душы і застаўся ў памяці на ўсё жыццё.

– Хвалявалася вельмі, - шчыра прызнаецца Аліна Паўлаўна. – Уразіла тое, што Аляксандр Рыгоравіч выклікае прыхільнасць да сябе адразу, ад яго выпраменьваецца цеплыня.

Між іншым, за ўсе 12 гадоў, пакуль Аліна Жызнеўская была на пасадзе галоўнага ўрача, дзяржаўнымі ўзнагародамі былі адзначаны 3 медработнікі Бярэзінскай ЦРБ, гэта значная лічба. Дарэчы, узнагарод у гераіні матэрыялу назбіралася шмат, акрамя разнастайных грамат, яна яшчэ і выдатнік аховы здароўя. Усе ўзнагароды – вынік сумленнай працы і адданасці любімай лекарскай справе.

Уратавалі дзяцей

Мабыць у жыцці кожнага ўрача аднойчы настае такі момант, калі здаецца, сам лёс выпрабоўвае на чалавечую вартасць, прафесійную годнасць, аператыўнасць мыслення і здольнасць хутка прымаць правільныя рашэнні. У практыцы гераіні матэрыялу падобных выпрабаванняў выпала шмат.

Прыкладна ў 2009-10 годзе на шашы Мінск-Магілёў адбылася буйная аўтакатастрофа. З Магілёва вярталася ў сталіцу каманда баскетбалістаў,

15 юнакоў школы алімпійскага рэзерву.

– А палове дванаццатай ночы атрымліваю паведамленне, што да нас паступіла адначасна 13 чалавек, у тым ліку з цяжкімі траўмамі, – расказвае Аліна Паўлаўна. – У падобнай сітуацыі трэба дзейнічаць правільна і рацыянальна. З усім калектывам змаглі за дзве гадзіны арганізаваць усё, што патрабуецца, і неабходную колькасць апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, і ўсё належнае. Выехала брыгада медыкаў з вобласці. Чатырох чалавек прааперыравалі. Мы захавалі жыццё ўсім тым дзецям. Потым бацькі нам падзякі пісалі, ведаеце, гэта самая лепшая ўзнагарода.

Працуе - 24 на 7

Калі назначылі на пасаду галоўнага ўрача, давялося падымаць матэрыяльна-тэхнічную базу, клапаціцца пра закупку абсталявання і апаратуры, арганізоўваць капітальныя і бягучыя рамонты. Хацелася, каб бярэзінская бальніца была не горш за астатнія ў вобласці, менавіта такую мэту паставіла перад сабою новы галоўурач. Работы ж у гэтым плане чакалася вельмі шмат, і яна вымагала аддачы, як цяпер папулярна гавораць – 24 на 7. Гэта значыць – кругласутачнай і без выхадных.

– Удзячна ўсім добрым людзям, кіраўнікам прадпрыемстваў і бізнесменам, якія ішлі насустрач. Звычайна я прыходзіла з планам, у якім абгрунтоўвала неабходнасць закупкі патрэбнай для бальніцы рэчы, тлумачыла эканамічную эфектыўнасць і выгаду.

Калі ў 2014 годзе ў раёне праходзіла “школа перадавога вопыту” і адбыўся семінар з удзелам старшынь райвыканкамаў і райсаветаў дэпутатаў вобласці, Бярэзінская ЦРБ была названа ў ліку лепшых.

 

Працаваць заўсёды

– Прайшла шлях, які мяне загартаваў, – прызнаецца Аліна Паўлаўна. – Работа прыносіць вялікую радасць і задавальненне! І не толькі мне, усім маім калегам. З удзячнасцю ўспамінаецца сумесная праца разам з тымі, хто і сёння застаецца ў страі, напрыклад, з Ірэнай Гарбацэвіч, а таксама і з тымі, каго ўжо няма, напрыклад, Марыяй Гулінай. І з многімі іншымі, разам з кім мы рабілі і робім вялікую справу – лечым людзей.

Нягледзячы на тое, што вядомы ўрач на заслужаным адпачынку, кідаць любімую справу не збіраецца нават у думках. Жыве работай, мае вышэйшую катэгорыю, прафесійны ўзровень пацвярджаецца практыкай работы ўрачом-тэрапеўтам. Пастаянна чытае прафесійную літаратуру, і ў інтэрнэце таксама, не адстае ад жыцця ў гэтым плане. Кансультуе маладых урачоў пры выпадку.

Ну а за тыя вышыні, якіх дасягнула ў прафесіі, Аліна Паўлаўна ў многім удзячна ўласнай сям’і і асабіста мужу, які заўсёды быў надзейным плячом і моцнай падтрымкай.

Выпадала ў свой час па 4 месяцы знаходзіцца на курсах, а муж сядзеў дома з дзецьмі. Дарэчы, муж усё жыццё працаваў у сферы лясной гаспадаркі. Старэйшы сын Віталь пайшоў па матчынай сцежцы і зараз працуе ўрачом-хірургам у 432 ваенным шпіталі ў Мінску.

– Мы, урачы, выбралі справу служэння людзям, і трэба быць гэтаму вернымі да канца, – сцвярджае Аліна Жызнеўская.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Новости БелТА

Комментарии

Подписка

Видео о районе

Календарь

« Февраль 2023 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28