Гэтых людзей яднае непакінутасць і клопат з боку дзяржавы. Тых жа, хто наведвае аддзяленне дзённага знаходжання Бярэзінскага ТЦСАН аб’ядноўвае яшчэ і любоў супрацоўнікаў названай установы.
Мы для іх – матулі
Аддзяленне дзённага знаходжання прызначана для аказання інвалідам кансультацыйнаінфармацыйных, сацыяльна-бытавых, сацыяльна-медыцынскіх, педагагічных, пасрэдніцкіх і рэабілітацыйных паслуг.
Асноўная ж мэта яго дзейнасці – дапамагчы людзям з абмежаваннямі аднавіць парушаныя або страчаныя навыкі па самаабслугоўванні, навучыць і падрыхтаваць да самастойнага жыцця. Не на апошнім месцы – выклікаць цікавасць да працы за кошт выяўлення патэнцыйных здольнасцей і схільнасцей.
На сённяшні дзень на абслугоўванні аддзялення знаходзяцца 32 чалавекі, з іх 15 наведваюцца сюды кожны дзень.
– Першапачаткова аддзяленне дзённага знаходжання было адкрыта ў 2008 годзе менавіта для маладых, – расказвае загадчыца Алена Варановіч. – Аднак потым мы пачалі прымаць выпускнікоў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання, яны ў нас сацыялізуюцца. Хтосьці з нашых наведвальнікаў прыходзіць самастойна, кагосьці прывозяць бацькі, ёсць і тыя, хто перамяшчаецца ў інваліднай калясцы. Дарэчы, прыходзяць да нас і дарослыя інваліды, каму па 40-45 гадоў, але да ўсіх мы ставімся як матулі.
Дзеля паспяховай адаптацыі
Сёння аддзяленне можа прапанаваць сваім наведвальнікам нямала заняткаў, на ўзбраенні педагогаў і інструктараў шмат дзейсных метадаў.
Тут працуюць 2 рэабілітацыйна-працоўныя майстэрні па вырабу сувенірнай прадукцыі “Дзівосы сваімі рукамі” і “Волшебный лоскуток”. Арганізаваны гурткі па інтарэсах: музычны “Весялуха”, тэатральны “Усмешка”, “Камп’ютарны свет”, інтэлектуальны “Эрудыт”, мастацкі “Букет фантазій” і таксама “Крок да самастойнасці”, у якім наведвальнікаў абучаюць навыкам самаабслугоўвання. Тут яны вучацца маляваць, вязаць, шыць, вышываць, самастойна гатаваць ежу і шмат чаму іншаму.
А клубы “Акіян мары” і “Для душы” прызначаны арганізацыі вольнага часу, цікавага спазнавання свету.
Асобнае месца займае клуб “Бацькоўская гасцёўня”, на пасяджэннях якога ўдзельнікі клуба разглядаюць актуальныя для бацькоў пытанні, арганізоўваюць святочныя мерапрыемствы, сустракаюцца з рознымі спецыялістамі: псіхолагамі, урачамі, юрыстамі, таксама з вернікамі Свята-Нікольскага храма.
– Усё гэта садзейнічае нашым падапечным паспяхова адаптавацца ў соцыуме, – дзеліцца Алена Валер’еўна. – Яны – малайцы. Многія творча развітыя і маюць патэнцыял, але кожны патрабуе індывідуальнага падыходу з-за ўласных асаблівасцей. Хтосьці прыгожа вышывае, хтосьці добра спявае ці малюе. Для адных магчымасць праявіць сябе – конкурс творчага майстэрства, для другіх – конкурс дэкаратыўна-прыкладнога майстэрства. Ніхто не застаецца без нашай увагі.
Насычанае жыццё
– У нас без перапынку адбываюцца падзеі і мерапрыемствы. Спецыялісты аддзялення праводзяць сустрэчы, акцыі, канцэрты, майстар-класы, спартыўныя мерапрыемствы, выставы і іншае. Дарэчы, у выставах удзельнічаем пастаянна. Напрыклад, ва ўсіх раённых і абласных “Дажынках”, праўда, толькі летась з-за кавіду не былі на вобласці. Сёлета ў верасні выстаўлялі сувенірную прадукцыю нашых майстэрняў у гандлёвым цэнтры “Валяр’янава” ў Мінскім раёне. Звычайна там рамеснікі і індывідуальныя прадпрымальнікі прапануюць свае работы, і нам таксама дазволілі бясплатна прыняць удзел. Таксама былі на выставе на Кургане Славы. Вобразна кажучы, мы бываем, мабыць, на ўсіх выставах. Калі атрымліваецца сувеніры прадаць, то за выручаныя грошы набываем матэрыялы для работы майстэрняў і гурткоў.
Не выставамі адзінымі
– Двойчы на тыдзень наведваемся ў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Лазурный”, што таксама дае плён: трэці год запар ездзім у Чэрвень на міжрэгіянальную параалімпіяду і прывозім адтуль ганаровае другое месца! Удзельнічаем і ў дыстанцыйных конкурсах.
Зараз адбываецца абласная акцыя “Перадай дабро па крузе” з цацкай, якая падарожнічае: 10 хлопчыкаў і дзяўчат зрабілі 10 цацак, разыгралі іх у латарэю і перадалі нам, потым нашыя зрабілі тое самае ў адказ. Прымаем удзел у фестывалі “Снежаньскі карагод” для людзей з інваліднасцю.
Паверыць у сябе
Засяродзім увагу на новым праекце, які з’явіўся сёлета – “Мой свет у фарбах”. Ён арганізаваны сумесна з рэлігійнай місіяй “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Мінска-Магілёўскай архіепархіі”. У рамках праекта выкладчыца Бярэзінскай школы мастацтваў Святлана Юрыкава ў якасці валанцёра праводзіць з інвалідамі ўрокі выяўленчага мастацтва. Зараз да праекта далучыўся ЦБП “Белаграпрамбанк”, на базе якога запланавана выстава “Мой свет у фарбах”. Мэта – дыялог маладых інвалідаў і грамадства, адлюстраванне людзьмі з інваліднасцю сваіх пачуццяў, атрыманне водгуку на творчасць і падтрымка таленту аўтараў. Мерапрыемства адбудзецца ў фармаце “свабодны кошт”. Маладым людзям з абмежаванымі магчымасцямі проста неабходна падзяліцца ўласнай творчасцю, пачуць добрыя словы, дый проста ўбачыць уласную работу ў выставачнай зале, каб паверыць у сябе і будучыню, і развівацца далей.
Усяго на Бярэзіншчыне пражывае 1100 інвалідаў 1 і 2 груп. З іх ва ўзросце ад 18 да 31 года – 29 чалавек.
Працоўная тэрапія
Што датычыцца спецыялістаў аддзялення, то па словах загадчыцы, усе яны самаадданыя, добрыя і сардэчныя людзі. Больш за ўсіх працуе інструктар па працоўнай тэрапіі Таццяна Ждановіч.
– У нас цудоўныя дзеці, у дадзены момант рыхтуемся да Новага года, майструем сувеніры. – тлумачыць Таццяна Уладзіміраўна і адначасова знаёміць са сваімі вучнямі. – Галачка вяжа чахол для тэлефона. Ірачка вяжа тапкі для дзіцяці. Алена – дэкаратыўную падушку. Саша з Ганнай рыхтуюць матэрыял для дэкаратыўных вырабаў. Аксана майструе дэкаратыўны домік. Марына вязальным кручком стварае калядны вянок.
З музыкай
Музычны кіраўнік Тамара Дземяшкевіч займаецца з наведвальнікамі аддзялення ўжо 4 гады. Праводзіць і тэатральныя заняткі.
– У нас пастаноўкі ў выглядзе казак, – распавядае Тамара Іванаўна. – Зараз рэпеціруем да Новага года спектакль “Кот-ваявода”, у ім задзейнічана 10 акцёраў, ім падабаецца спяваць і танцаваць, вельмі артыстычныя асобы ў нас.
А вось Юлія Чысцякова вядзе некалькі гурткоў: і малявання, і камп’ютарны, і карыстання бытавымі прыборамі, і іншыя.
– Не ўсё ў жыцці нашых наведвальнікаў гладка, зразумелая справа, – дзеліцца Юлія Уладзіміраўна. – Яны прыходзяць да нас як да светлага праменьчыка, і гэта кранае сэрца.
Таксама хапае клопату і самаму маладому спецыялісту па сацыяльнай рабоце Таццяне Пінчук.
Маладыя людзі прыходзяць у ТЦСАН з задавальненнем. Для хлопцаў і дзяўчат гэта магчымасць сустракацца з аднагодкамі, пашыраць кругагляд, сябраваць і засвойваць розныя віды дзейнасці.
Калі ж напрыканцы мы спыталіся ў прысутных, ці падабаецца ім наведвацца штодзень у аддзяленне, пачулі дружнае “так!”.
Што падкажа сэрца
Расказваць пра месца, у якім інваліды знайшлі сабе падтрымку, можна бясконца доўга. Работнікі аддзялення і яго наведвальнікі вельмі ўдзячныя спонсарам, сярод якіх “Біямалпрам”, “Бэрыфуд”, філіял аблспажыўтаварыства. Распрацаваны тут і гуманітарныя праекты, накіраваныя на падтрымку людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Хачу засяродзіць увагу на наступным: чым займаліся б гэтыя людзі, калі б не існавала аддзялення дзённага знаходжання?Згаджуся, што ў кожнага маюцца родныя і блізкія. Але ж ім трэба і на працу хадзіць, дый не прысвяціш жа ўвесь свой час інваліду, які жыве побач, ёсць жа іншыя неадкладныя справы. І што крывадушнічаць, адзінота і пакінутасць – нярэдкіч госці ў жыцці і здаровых людзей. Таму ідуць сюды 17-гадовыя і 45-гадовыя інваліды, цягнуцца да сваіх другіх матуль, якія ахінаюць клопатам і любоўю, вучаць стасункам з іншымі, даюць шанец адаптавацца ў свеце, і проста дораць святло любові, часцінку шчасця, кавалачак сябе.
Застаецца дадаць, што ў рамках Дня інвалідаў 1 снежня на базе ЦБП “Белаграпрамбанк” стартуе выстава “Мой свет у фарбах”. 2 снежня ў РЦК адбудзецца музычна-забаўляльная праграма “Гэты свет прыдуманы не намі” для маладых інвалідаў і выхаванцаў ЦКРН. 7 снежня мяркуецца спартыўны квэст на базе “Лазурнага”. Запланаваны і іншыя мерапрыемствы. Наведайце іх, падзяліцеся з гаспадарамі мерапрыемстваў любоўю і ўсмешкай, і ўсім тым, што падкажа сэрца, станьце часцінкай праменьчыка, які ззяе ім.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.