Наступствы снегапада адолеем разам!

Date 12.12.2022 Man
Comment 985
Наступствы снегапада адолеем разам!

Капрызы надвор’я гэтай зімы не толькі не перастаюць нас здзіўляць сваімі шчодрымі ападкамі, але і дадаюць шмат клопатаў. Так, за апошнія суткі перабоі ў электразабеспячэнні зафіксаваны ў 426 населеных пунктах краіны. У іх ухіленні было задзейнічана 432 чалавекі і 133 адзінкі тэхнікі. Аднаўленчыя работы працягваюцца. Наступствы ледзянога дажджу і снегападу больш за ўсё былі адчувальнымі на тэрыторыі Мінскай вобласці. Мы папрасілі адказных работнікаў некаторых арганізацый горада расказаць аб тым, як яны змагаліся з наступствамі снегападу мінулага тыдня і нядзельнага дажджу.

Начальнік ДРБУ-192 Аляксей Кніга:

- Найбольшую праблему для нас стварыў дождж, у выніку якога на гравійных і грунтовых дарогах утварылася ледзяная корка. Пад вагой аўтамабіляў яна разбураецца і машыны правальваюцца ў снег, што стварае нямала клопатаў пры руху. Таму першым чынам адправілі на такія дарогі цяжкую тэхніку для ачысткі праезнай часткі і ліквідацыі ледзяной скарынкі. На асфальтавых дарогах такога малюнка няма, не пацярпелі яны і ад галалёду, бо былі загадзя апрацаваны пясчана-саляной сумессю.

У пазаштатным рэжыме, на працягу ўсёй ночы з нядзелі на панядзелак, працавала і наша брыгада вальшчыкаў: пад цяжарам абледзянелага снегу многія дрэвы не вытрымлівалі, падам, утвараючы завалы на праезнай частцы.

Кругласутачным аказаўся графік работы і ў прадстаўнікоў камунальнай службы, паведамілі нам з дыспетчарскай РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”. На ліквідацыі наступстваў была задзейнічана ўся наяўная тэхніка прадпрыемства. Чысціліся не толькі вуліцы сельскіх населеных пунктаў (а гэтаму была нададзена асаблівая ўвага), а і горада. Тут па магчымасці стараліся аператыўна закрыць усе паступаючыя заяўкі грамадзян. Найбольш небяспечныя ўчасткі вуліц апрацоўваліся супрацьлёдавай сумессю.

 

Начальнік РЭС Уладзімір Несцяровіч:

- За апошнія суткі (нядзеля-панядзелак) на тэрыторыі Бярэзінскага раёна было афіксавана 8 адключэнняў электраэнергіі, якая падаецца ад высакавольтных ліній 10Кв. Сярод абясточаных аб’ектаў аказалася і 6 фрем сельгаспрадпрыемстваў. Асноўнай прычынай таму стала падзенне дрэў на правады з-за вялікай колькасці на іх снегу. Колькасць паваленых дрэў істотна павялічылася пасля дажджу, калі ўтвораныя на іх снежныя шапкі значна цяжэй.

На барацьбу са стыхіях было накіравана 6 рамонтна-транспартных брыгад (24 чалавекі) і 6 адзінак тэхнікі. Людзі працавалі ўсю ноч. Дадаткова да нас у панядзелак было накіравана яшчэ 2 брыгады з Крупскага раёна. Дапамогу нам аказваў і Бярэзінскі лясгас. Найбольш пацярпела ад падзення дрэваў тэрыторыя Пагосцкага сельсавета, дакладней – СУП “АграМАЗ”.

Работы па ліквідацыі наступстваў снегападу працягваюцца. На жаль, аб’ёмы стыхіі даволі значныя (сапраўды, за апошнія два тыдні снегу выпала амаль зімовая яго норма). Таму дарожным і камунальным службам вельмі будзе дарэчы ваша дапамога ў барацьбе са снегам. Калі кожны з нас не палянуецца расчысціць участак вуліцы каля свайго падворка, дома, пад’езда, утульней стане ўсім. Не забывайцеся, калі ласка, і пра нямоглых састарэлых грамадзян, якія жывуць побач з вамі. Ім таксама ваша дапамога будзе вельмі дарэчы.

Між іншым, актывісты БРСМ і валанцёры з пачатку снежня ўжо ўключыліся ў маладзёжную акцыю “Прыбяром снег разам”, накіраваную на садзейнічанне ва ўборцы снегу пажылым і адзінокім людзям.

Давайце ж разам напярэдадні Новага года тварыць добрыя справы і ўчынкі!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

 

 

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць