Як працуе рэгістратура?

Date 13.12.2022 Man
Comment 1080
Як працуе рэгістратура?

Калі хтосьці задасца пытаннем, ці напружаная работа ў рэгістратуры паліклінікі Бярэзінскай ЦРБ, скажу адразу – вельмі. Пабыўшы там амаль палову гадзіны, мне давялося ўбачыць на свае вочы ўсю глыбіню адказнасці і моц пачуццяў, якія літаральна ўзвальваюцца на плечы медыцынскіх рэгістратараў кожны дзень.


Зусім нядаўна Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, які расказаў, як ідуць справы ў галіне медыцынскага абслугоўвання. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб любыя праблемы, узнікаючыя ў сістэме аховы здароўя, былі выкаранены.

“У нас государство для народа. Так и народ надо лечить”, – сказаў беларускі лідар.

З той прычыны мы вырашылі праверыць, як працуе рэгістратура паліклінікі Бярэзінскай ЦРБ – месца, куды народ рэгулярна звяртаецца.


Гэта знешне здаецца, колькі той работы, але, зазірнуўшы ўнутр, разумееш, што не кожнаму пад сілу справіцца з такой колькасцю паступаючай інфармацыі, якая ўносіцца ў медкарткі і рэгіструецца ў камп’ютары. Да таго ж і пацыенты розныя сустракаюцца, у тым ліку і не заўсёды ветлівыя, а часам нецярплівыя і грубыя. І ўсім трэба дагадзіць, абслужыўшы хутка і аператыўна, прадаставіўшы патрэбныя звесткі аб прыёме ўрача. Без перабольшвання можна сцвярджаць, што рэгістратура – самы гарачы ўчастак паліклінікі.

Да кожнага – з усмешкай

Працуюць 6 рэгістратараў, 4 – у дарослай рэгістратуры: Марына Сіняк, Таццяна Тарасевіч, Валянціна Яфрэмава, Аксана Шэмет. У кожнай уласны досвед і стаж работы на пасадзе. “Старажылам” з’яўляецца Марына Сіняк, яна ў рэгістратуры з 2000 года, а вось Валянціна Яфрэмава тут завіхаецца толькі палову года, але ўжо зведала ўсе асаблівасці працоўных абавязкаў.

Марына Сіняк

– Каб працаваць на гэтым участку, трэба быць вельмі стрэсаўстойлівым, – гэта самае першае і важнае правіла, бо не кожны вытрымае, – усміхаюцца жанчыны. – Ну а потым ужо важна быць уважлівым і акуратным у рабоце. Ветлівасць таксама не на апошнім месцы. Трэба абслужыць кожнага наведвальніка паліклінікі, пастарацца ўсім дапамагчы, часам не звяртаючы ўвагі на капрызы асобных пацыентаў.

Дарэчы, працоўная змена пачынаецца з 7 гадзін раніцы і доўжыцца да 19 вечара. Без абеду. У суботу – з 8.00 да 14.00. Часам наплыў людзей такі, што не адарвацца, не падняць галавы.

Для дзяцей жа існуе асобная рэгістратура. Працуюць тут два рэгістратары: Надзея Жукоўская і Валянціна Заяц. Валянціна Васільеўна працуе ўжо 40 гадоў, Надзея Генадзьеўна каля 10. Дакладна ведаюць, дзе што шукаць у картатэцы, якая немаленькая – дзяцей у раёне прыкладна тры з паловай тысячы.

 

Пяць сотняў

Сказаць жа, колькі наведвальнікаў звяртаецца ў рэгістратуру за дзень, адразу складана. Факт, што часам не менш пяці соцень. Скажам, запланавана для такой буйной арганізацыі, як, напрыклад, лясгас, усім супрацоўнікам прайсці медыцынскую камісію на працягу тыдня. І ў такія дні можна запраста збіцца з падліку, колькі людзей звярнулася ў акенца з надпісам “Рэгістратура”.

Калі ішла першая хваля пандэміі каранавіруснай інфекцыі, тут таксама было “спякотна”. Жанчыны прызнаюцца, што было нават крышачку страшнавата, бо пачуцці ўзмацняліся тым, што пра хваробу яшчэ мала было вядома. Даводзілася апытваць кожнага пацыента на прадмет сімптаматыкі і да якога медыцынскага спецыяліста накіроўваецца перад тым, як выдаць медкарту і талон да ўрача, і далёка не ўсе пацыенты ставіліся з паразуменнем.

 Таццяна Тарасевіч

Камп'ютарная база

Што ж уваходзіць у абавязкі рэгістратара? У першую чаргу супрацоўнік павінен выстветліць, у які кабінет паліклінікі пацыент збіраецца завітаць, потым выдаць чалавеку медкарту і таксама талон на прыём, па магчымасці ў зручны для наведвальніка час. Або запісаць чалавека на прыём у іншы час, калі талоны скончыліся – калі гэта планавае наведванне ў паліклініку, а не неадкладная дапамога.

Да слова, медкарты ўсіх жыхароў Бярэзіншчыны захоўваюцца на стэлажах вышынёй да столі, усе акуратна размешчаны па алфавіце, кожная медкарта на сваім месцы.

Для зручнасці гісторыі хваробы кожнага чалавека вядуцца ў камп’ютарнай базе дадзеных. Гэта мае свае выгоды. Здараюцца выпадкі, калі пацыент губляе медкарту, тады выпісваецца новая, і з камп’ютарнай базы дадзеных уносяцца ўсе вядомыя пра пацыента звесткі. У нейкім сэнсе можна пажартаваць, сказаўшы, што “згублена” картка, доктара ўжо не падманеш, камп’ютар – надзейнае сховішча.

 Надзея Жукоўская

Як узяць талон?

Актуальнае пытанне, якое хвалюе многіх бярэзінцаў. Без талонаў урач зараз не прымае, абумоўлена гэта тым, што кожны доктар мае сваю квоту часу. Па прычыне прафесійных асаблівасцей кожны медыцынскі спецыяліст можа прыняць за дзень абмежаваную колькасць пацыентаў, таму і колькасць талонаў на прыём таксама абмежаваная.

Напрыклад, на прыём да гінеколага ў сёлетнім снежні выдаецца 23 талоны, да дэрматолага – 43, да ўрача-інфекцыяніста – 24, да акуліста – больш за 30.

Размяркоўваюцца талоны наступным чынам: 75% іх выдаецца прама ў рэгістратуры, астатнія – для тых, хто заказвае ў рэжыме анлайн або па тэлефоне. Выключэнне існуе толькі для тых, хто праходзіць медыцынскую камісію. Для іх прадугледжаны прыём без талонаў у перыяд з 10.00 да 11.00 і з 14.00 да 15.00.

Для тых, хто кіруе аўтатранспартам, прайсці медкамісію можна ў панядзелак, сераду і пятніцу – талоны да ўрачоў не патрабуюцца. Калі вадзіцель прыйдзе ў гэтыя дні, ён пройдзе ўсіх урачоў без ніякіх праблем. Вадзіцелям неабходна звяртацца ў рэгістратуру з пашпартам і ваенным білетам, таксама мець дзве фотакарткі. Праходжанне медкамісіі без талонаў для іх таксама ў пазначаныя вышэй гадзіны.

Бываюць сітуацыі, калі талоны да ўрача распісаны на тыдзень наперад, асаблівай “папулярнасцю” карыстаюцца кардыёлаг, гінеколаг, неўролаг, іншыя.

Зараз для спрашчэння сітуацыі і зручнасці талон да ўрача можна заказаць праз інтэрнэт у рэжыме анлайн на сайце talon.by, або пазваніўшы па тэлефонах: 69-5-03, 69-4-13. Заказаць талон у дзіцячай рэгістратуры можна пазваніўшы па нумары 68-3-62, або таксама зрабіць гэта праз інтэрнэт на згаданым сайце.

Як паказала практыка, падобны падыход поўнасцю сябе апраўдаў.

А што рабіць, калі пацыентамі з’яўляюцца адзінокія бабуля ці дзядуля, якія жывуць у сельскай мясцовасці, куды маршрутны аўтобус ездзіць толькі раз на тыдзень?

Як засведчылі ў рэгістратуры, падобных выпадкаў таксама хапае. Да такіх людзей ставяцца з паразуменнем і па тэлефоне запісваюць менавіта на той дзень, калі чалавек можа дабрацца да паліклінікі.

 

Карыстайцеся электроннымі медкарткамі!

З адносна нядаўняга часу паліклініка ажыццяўляе пераход на электронныя медкарткі. Кожны пацыент можа прыйсці з пашпартам і такую завесці прама ў рэгістратуры. Урачы маюць электронныя подпісы і, дзякуючы электроннай медкарце, спрошчваецца працэдура выпіскі і атрымання лекаў. Выглядае гэта так: чалавек аддае электронную медкарту доктару, той выпісвае лекі, ставіць уласны электронны подпіс, інфармацыя трапляе ў базу дадзеных і літаральна праз пяць хвілін патрэбныя лекі ўжо можна атрымаць у аптэцы. Тое ж самае працуе і ў дзіцячай рэгістратуры. Ільготныя рэцэпты таксама можна выпісаць з дапамогай электроннай медкарткі.

Уявім сітуацыю: чалавек хранічна хворы, напрыклад, артэрыяльнай гіпертэнзіяй, і яму неабходна прадоўжыць рэцэпт на набыццё неабходных прэпаратаў, якія ён прымае ўжо даўно, але няма магчымасці адарвацца ад работы, каб за рэцэптам схадзіць да ўрача. Ён тэлефануе ў рэгістратуру, спецыяліст з рэгістратуры звоніць патрэбнаму доктару, у якога пад наглядам пацыент, і далей выпісвае электронны рэцэпт. Чалавек ужо без наведвання паліклінікі можа ісці ў аптэку за лекамі. Вось яскравы прыклад, калі электронныя медкарткі спрашчаюць адносіны паміж урачом і пацыентам.

На сённяшні дзень электроннымі медкартамі карыстаецца пракладна 60 працэнтаў жыхароў Бярэзіншчыны.

– Хочацца прызваць бярэзінцаў актыўней карыстацца паслугамі папярэдняга запісу на прыём, пераходзіць паступова на электронную медкарту, выпісваць талоны ў рэжыме анлайн. Бо навошта стаяць у чэргах у рэгістратуру і дарэмна губляць час, калі можна пазваніць або запісацца анлайн, – гаворыць старшая медсястра паліклінікі

Вольга Сілівончык, – за гэтымі тэхналогіямі будучыня!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Новости БелТА

Комментарии

Подписка

Видео о районе

Календарь

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31