А ў нас - майстар-клас!

Date 07.04.2023 Man
Comment 1368
А ў нас - майстар-клас!

Напярэдадні свята Вялікадня ў Бярэзінскі раённы цэнтр рамёстваў завіталі вучні 7-9 класаў СШ №3 горада на чале з настаўніцай працоўнага навучання Святланай Алязаранка. Тут арганізавалі майстар-клас па роспісе велікодных яек воскам.

Вядома, свята Вялікадня не абыходзіцца без фарбаванага яйка, якое яшчэ са старажытнай міфалогіі лічыцца сімвалам Сусвету і зараджэння ў ім жыцця.

Сакрэтамі майстэрства з удзельнікамі майстар-класа дзялілася вядомая на Бярэзіншчыне таленавітая майстрыха Дана Зяневіч.

- У нашай сям’і, - гаворыць Дана Юоза, - памятаю з дзяцінства, яйкі фарбавалі менавіта так - з дапамогай васкавання.

Родам я з літоўскай вёскі. Там была распаўсюджана менавіта такая тэхніка роспісу. Звычайна выкарыстоўваюцца яйкі белага колеру. Тут, на Бярэзіншчыне, для многіх роспіс воскам здаецца складаным. А ў нашай сям’і гэта добрая традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне і такім чынам беражліва захоўваецца з году ў год.

Дарэчы, на майстар-класе таксама некаторыя дзяўчынкі палічылі такі роспіс складаным. Але большасць з задавальненнем асвойвалі новую і дзіўную для іх тэхніку, растоплівалі воск, малявалі на шкарлупіне, прадрапвалі белы контурны ўзор на каляровым фоне яйка. А потым радаваліся афарбоўцы яек, створанай сваімі рукамі.

– Мне вельмі спадабалася! Я такога не ведала нават, – гаворыць Паліна Шых. - Наогул, вельмі люблю ўсе віды творчай дзейнасці. А яшчэ люблю займацца выпечкай і ўпрыгожваць торцікі. Да таго ж, наша настаўніца працоўнага навучання Святлана Мікалаеўна навучыла мяне шыць на электрычнай машынцы. Я сваім лялькам нашыла такога адзення, што мае матуля з таткам захацелі мне ў падарунак купіць швейную машынку. Няўжо гэта не цудоўна?!

– Я таксама люблю творчасць, – гаворыць Настасся Цэдрык. – І мне гэты майстар-клас вельмі даспадобы.

Абавязкова ўсё, чаму навучылася тут, раскажу і пакажу матулі.

Яшчэ я займаюся ў тэатральным гуртку ў Бярэзінскім раённым цэнтры культуры. І ў гэтым месяцы, акрамя свята Вялікадня, для мяне будзе значнай яшчэ адна падзея – удзел у фестывалі “Ча-роўны куфэрак”, які адбудзецца ў Любані.

 

 

 

 

Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць