І сапраўды, будучы ў Беразіно напярэдадні гэтай чорнай памятнай даты, выратавальнікі-пажарныя палічылі сваім абавязкам узгадаць сваіх былых калег, якія цаной свайго подзвіга і жыцця захінулі нас ад страшнай радыяцыйнай бяды. Тым больш, што ў нашым горадзе ёсць вуліца імені адважнага героя Айчыны Васіля Ігнаценкі, тут жа жывуць яго маці і блізкія.
Менавіта каля мемарыяльнай дошкі герою-чарнобыльцу і быў наладжаны мітынг, на якім прысутнічалі маці Васіля Ігнаценкі Таццяна Пятроўна і яго сястра Наталля Іванаўна.
Перад прысутнымі выступілі старшыня Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Дзішук, начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, палкоўнік унутранай службы Сяргей Лапановіч, а таксама старшыня Мінскага аблалснога аддзялення Беларускай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў, удзельнік ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС Вячаслаў Шэлег.
Да мемарыяльнай дошкі былі ўскладзены кветкі. Вялікі букет чырвоных гваздзікоў ад імя раённага выканаўчага камітэта і абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях быў уручаны і Таццяне Пятроўне. Дадаткам да яго стаў сертыфікат на набыццё кухоннага камбайна.
Працягам мерапрыемства, арганізаванага абласным ўпраўленнем па надзвычайных сітуацыях, стала далучэнне яго ўдзельнікаў да рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.