Поспех – прыступка да новых здзяйсненняў

Date 01.02.2024 Man
Comment 1595
Поспех – прыступка да новых здзяйсненняў

Па выніках рабты за мінулы год жывёлаводы СУП “АграМАЗ” папрацавалі паспяхова і ў каторы раз выйшлі ў лік лідараў раённага спаборніцтва. Нагадаем, што гаспадарка аказалася адзінай з лікеу тых, дзе валавая вытворчасцьц малака перавысіла 10 тысяч тон, удой ад каровы тут павялічыўся за справаздачны перыяд на 909 кілаграмаў і склаў 7889 кг.

Аналагічная сітуацыя і з вытворчасцю мяса. Валавыя прывагі ў гаспадарцы склалі 1161 тону, а гэта зноў жа самы высокі вынік па раёне, як і атрыманыя 707 грамаў сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе БРЖ (пры гэтым плюс склаў 13 грамаў). Адметна яшчэ і тое, што “АграМАЗ” здолеў не толькі прыбавіць да 2022 года, а і паспяхова справіўся з асноўнымі даведзенымі заданнямі праграм “Малако” і “Ялавічына”.

Сярод тых, хто ўнёс свой дастойны ўклад у агульны поспех, і працаўнікі аддзялення “Васілеўшчына”, якім вось ужо шосты год кірауе Васіль Траццякоў. І хоць па адукацыі ён інжынер, выдатна валодае ўсёй інфармацыяй, якая датычыцца работы мясцовага малочнатаварнага комплексу, асновамі тэхналогіі вырошчвання і догляду БРЖ, атрымання годных паказчыкаў: так атрымалася, што ўся работа аддзялення ў той ці іншай ступені “завязана” менавіта на дзейнасці фермы.

 

- Мяркуйце самі, - расказвае Васіль Антонавіч, - агульная колькасць працуючых у Васілеўшчыне складае крыху менш 40 чалавек, і добрая іх палова – жывёлаводы. Ды і механізатары тут таксама не госці, бо абслугоўваюць комплекс – дастаўляюць кармы або падсцілку, вывозяць арганіку, удзельнічаюць у раздачы кармоў або ачыстцы хлявоў. І толькі ў час асноўных сельскагаспадарчых кампаній частка з іх рупіцца на палетках. Хачу адразу сказаць, што каманда ў нас падабралася трывалая, людзі тут працавітыя і адказныя, маюць вялікі стаж работы, а некаторыя працуючыя пенсінеры могуць “даць форы” маладым.

Што ж уяўляе сабой малочнатаварны комплекс? Ён складаецца з дзевяці будынкаў, адзін з іх уступіў у строй летась пасля рэканструкцыі. Агульная колькасць пагалоўя, што ўтрымліваецца тут, складае прыкадна 1800 галоў. Ёсць тут маленькія цяляткі, дойны статак, пагалоўе, якое ўтрымліваецца на адкорме, а большую частку складаюць цялушкі. На комплексе адпрацаваны рэжым выканання роўнага цыкла догляду жывёлы ад нараджэння да пакрыцця цялушак, якія затым перадаюцца на іншыя фермы гаспадаркі. Жывёла не толькі расстаўлена па сваіх узроставых катэгорыях, але і адпаведна корміцца. У рацыёне прысутнічаюць як КР-1 і КР-2, так і сакавітыя кармы. Прычым, рацыён кармлення вытрымліваецца на працягу ўсяго года, ён аднатыпны як у зімовы перыд, так і летам, бо жывёла пастаянна знаходзіцца ў памяшканнях (з мінулага года тут перасталі выганяць на пашу і кароў). Яно і зразумела: высокапрадуктыўная жывёліна, будучы на выпасе, не зможа атрымаць столькі корму, колькі ёй кладуць у кармушкі, і даць максімальную аддачу, ды і перавод рацыёна з летняга на зімовы або наадварот у жывёлы заўсёды выклікае стрэс і таксама адбіваецца на яе прадуктыўнасці.

Зараз перад жывёлаводамі і спецыялістамі ставіцца задача не толькі забяспечыць пагалоўе кармамі пад патрэбу, тут сёння гаворка ідзе аб павышэнні якасці закладваемых кармоў, іх збалансаванасці па пратэіне, бялку, цукру і іншых кампанентах. Менавіта ў гэтым бачыцца залог высокіх паказчыкаў. Хаця, як бачым, у “АграМАЗе” яны і без таго немалыя.

 

Гэтымі днямі ў Васілеўшчыне атрымліваюць больш як па 20 кілаграмаў малака на карову. Палічыце самі, валавы надой тут складае 5600-5700 кілаграмаў ад 233 кароў. Пры гэтым прыкладна 85 працэнтаў прадукцыі здаецца класам “экстра”. Важкія тут і сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе, па асобных групах яны дасягаюць кілаграма. Гаспадынямі вялікіх надояў тут з’яўляюцца тры аператары машыннага даення – Валянціна Каралёнак, Людміла Яблонская і Ала Трыфанава, якая лічыцца падменнай.

Усе трое абслугоўваюць даільна-малочны блок і аднолькава рупяцца на агульны поспех. Сярод лепшых працаўнікоў МТК Васіль Траццякоў называе таксама прозвішчы цялятніц Марыі Шык і Алены Кудзінай, якія даглядаюць групу маладняку ад 3 да 6 месяцаў. З самымі маладымі насельнікамі фермы, “немаўляткамі” перыяду 0-3 месяцы, удала ўпраўляецца Алена Бурая. На адкорме бычкоў трэці месяц, пасля пераводу на гэтую групу, старанна працуе Валянціна Буйніцкая, якая і на папярэднім месцы таксама мела добрыя паказчыкі. Асобная і адказная роля на комплексе належыць Марыі Ждановіч, якая не толькі сочыць за парадкам у трох хлявах, а і спалучае свае абавязкі з функцыяй асемянатара. Заслугоўваюць добрых слоў і пашаны за сваю работу іншыя працаўнікі комплексу, бо толькі калектыўная праца, агульная зацікаўленасць у атрыманні высокіх паказчыкаў могуць з’яўляцца залогам поспеху. А ён у “мазаўцаў” ёсць, і спыняцца на дасягнутым тут не збіраюцца – не ў іх гэта характары.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Пазначыць пад

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць