Адыходзячы год аказаўся прарыўным

Date 12.12.2024 Man
Comment 317
Адыходзячы год аказаўся прарыўным

Адыходзячы год у нашай краіне Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка быў аб’яўлены Годам якасці і бярэзінцы ў гэтым плане папрацавалі шчыра і адказна. Да таго ж, асабіста ў нашым раёне праходзіў ён і пад знакам навядзення парадку на зямлі. Менавіта такую ініцыятыву выказаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Сакалоўскі з самага пачатку сваёй дзейнасці на гэтай пасадзе. І нам сёння не сорамна за тую чысціню і ўтульнасць, якія мы сваралі талакой як у горадзе, так і на сяле, у грамадскіх месцах і на вытворчых аб’ектах, на сваіх падворках.

На працягу года, спалучаючы абодва напрамкі, эфектыўна сёлета папрацаваў калектыў ДРБУ №192, які нямала зрабіў па навядзенні парадку на зямлі, выконваючы пастаўленую задачу толькі з высокай якасцю, пакідаючы пасля сябе на доўгія гады добраўпарадкаваныя вуліцы і дарогі.

- Год для нас, сапраўды, аказаўся як ніколі раней вельмі пладатворным, – пацвярджае начальнік ДРБУ №192 Аляксей Кніга. – Работы па ўсіх запланаваных аб’ектах (а некаторыя з іх былі ўнесены дадаткова) мы поўнасцю правялі і зрабілі гэта ў тэрмін. Наша арганізацыя мела магчымасць асвоіць і большыя аб’ёмы, але яны залежаць ад аб’ёмаў фінансавання з абласнога і раённага бюджэтаў. Усяго з гэтых крыніц было выдаткавана звыш 3 мільёнаў рублёў, якія асвоены пры выкананні работ па добраўпарадкаванні 50 аб’ектаў вулічна-дарожнай сеткі. Лічу, што сёлета нам вельмі пашанцавала з даведзенай нагрузкай. Яшчэ адным плюсам з’яўляецца і тое, што амаль усе аб’екты знаходзіліся іменна на тэрыторыі Бярэзінскага раёна, што не толькі дало магчымасць добраўпарадкаваць яго тэрыторыю, але і сэканоміць сродкі на раз’езды, атрымаць большую выручку і прыбытак.

Давайце сёння разам узгадаем, дзе і ў якіх кутках нашага рэгіёна паспелі сёлета “засвяціцца” дарожнікі.

Адным з важных аб’ектаў Аляксей Уладзіміравіч называе ўчастак дарогі Марціянаўка-Котава-Восава даўжынёй 2,5 кіламетра, які доўгі час заставаўся простай гравійкай і нарэшце ў верасні быў “апрануты” ў асфальт. І сёння дарога стала зручнай і запатрабаванай не толькі бярэзінцамі, але і вадзіцелямі транзітнага транспарту.

Яшчэ большы аб’ём работ быў выкананы ў в. Арэшкавічы. У рамках бягучага рамонту мясцовай сеткі аўтамабільных дарог тут заасфальтавалі 7 кіламетраў. Арганізацыя добраўпа-радкавання супала з правядзеннем у гэтай вёсцы раённага свята «Дажынак», да якога ўсе работы былі якасна выкананы, што стала добрым падарункам не толькі гасцям мерапрыемства, а перш за ўсё для саміх жыхароў Арэшкавіч, якія годна ацанілі намаганні дарожнікаў.

З аб’ектаў, размешчаных у сельскай мясцовасці, нельга не ўзгадаць аграгарадок Палавы, дзе па даручэнні губернатара вобласці Аляксандра Турчына былі заасфальтаваны ўсе цэнтральныя вуліцы, а на іншых (у тым ліку і завулках) зроблена гравійная падсыпка і добраўпарадкаванне. У рамках бягучага рамонту на аўтамабільнай дарозе Беразіно-Жукавец, ад Жорнаўкі да канца вёскі Прыбярэжная, быў выкананы бягучы рамонт, у ходзе якога частка шляху пераведзена з гравійнага пакрыцця ў асфальта-бетон, а па самой Прыбярэжнай абноўлена пакрыццё. Яшчэ адазін аб’ект - з’езд з трасы Беразіно-Барысаў да вёскі Паложына, дзе таксама пакладзены асфальт.

Дадатковым аб’ектам стала дарога Журоўка-Шавярнічы, на якой поўнасцю зроблена гравійная аснова, а частка (у межах выдзеленага фінансавання) таксама аказалася заас-фальтаванай. Налета дарожнікі плануюць работы тут завяршыць, што таксама стане добрым падарункам вяскоўцам.

Нямала зроблена і на вуліцах горада. Да прыкладу – на Новабазарнай. Часткова заасфальтавалі вуліцу Я.Коласа і другі завулак Я.Коласа, вуліцу Калініна, зрабілі закальцоўку вуліц Кірава і Пушкіна (часткова за кошт раённага бюджэту, часткова – у рамках будаўніцтва новага дома па вул. Кастрычніцкай).

– Тут мы не толькі паклалі асфальт, – дадае Аляксей Кніга, – а і абсталявалі ўзбочыны і водаадводы. У гэтым мікрараёне з-за складанасцей рэльефу мясцовасці і існуючых забудоў раней таксама назіраліся праблемы з водаадводам. Таму мы ўзялі на сябе гарантыйнае абавязацельства на працягу двух гадоў сачыць за сітуацыяй, карэкціраваць яе і ў выпадку падтаплення ўчасткаў прымаць меры па ліквідацыі такіх наступстваў. Мы заўсёды нясём адказнаць за вынікі сваёй работы і лічу, што так і павінна быць.

Да прыведзенага пераліку неабходна дадаць і шэраг вуліц і дарог у горадзе і ў раёне, якія былі выкананы ў гравійным пакрыцці. А гэта таксама значны аб’ём работы.

Нямала папрацавалі дарожнікі і на ямачным рамонце праезных часткак дарог і вуліц. З пачатку года гэты від работ быў выкананы на 2200 квадратных метрах. Больш аператыўна вырашыць праблему дапамаглі і калегі з ДЭУ №6. Нагрузкі хапіла і ім, бо зрабіць неабходна было шмат у розных кутках раёна. Найбольш актыўна работы вяліся на ўчастках дарог Брадзец-Месціна і Кукарава-Высокая Гара-Харчычы. На наступны год у планах дарожнікаў – уключыць гэтыя дарогі ў праграму бягучага рамонту. Усё будзе залежыць ад паступаючага фінансавання і яго аб’ёмаў.

– Свае асноўныя работы мы завяршылі, – расказвае Аляксей Кніга. – Але калі будзе выдзелена дадатковае фінансаванне, мы зноў гатовы і да асфальтаўкладкі. Умовы надвор’я вельмі спрыяльныя для ўкладкі цёплых асфальта-бетонных сумесей. Не страшны і мароз: сёння тэхналогіі істотна рушылі наперад. І калі гавораць, што пакладзены ў такі перыяд асфальт будзе дрэннай якасці, гэта няпраўда. Так, адна з нашых дарог была некалькі гадоў таму назад выкладзена цёплымі сумесямі ў снежні, і да сённяшняга дня яна з’яўляецца адной з лепшых дарог сеткі, тут не ўтвараецца ямачнасць, яна вытрымлівае нагрузкі і паводзіць сябе вельмі добра. Сёлета цёплыя сумесі мы выкарыстоўвалі на вуліцы Я.Коласа і на другім завулку Я.Коласа, сочым за гэтым участкам. Прайшло ўжо больш месяца і праблем пакуль што няма.

Вытрымліваць напружаны рытм і працаваць без прастояў арганізацыі дапамагло тое, што яшчэ ў пачатку года ў рамонт існуючай тэхнікі і асфальта-бетоннага завода, размешчанага ў в. Асмолаўка, былі ўкладзены істотныя сродкі – больш за сто тысяч рублёў, больш 150 тысяч давялося патраціць і на рамонт асфальтаўкладчыка (як жа без яго?). Паступова вядзецца і аднаўленне парка арганізацыі.

З завяршэннем актыўнага летняга перыяду ДРБУ №192 не застаецца без работы: пачаўся сезон зімовага ўтрымання дарог. Сёлета істотна памяняліся нарматывы апрацоўкі іх пакрыцця ў выпадку галалёдзіцы і выпадзення снегу. Пакуль што яны заўсёды вытрымліваліся. Ад гэтага правіла адступаць дарожнікі не будуць. Тут ужо нарыхтавана 5 тысяч тон пясчана-саляной сумесі, да работы гатовы абсталяваныя неабходным навясным абсталяваннем 5 пескасолеразмеркавальнікаў (адзін зараз праходзіць тэхагляд), 6 трактароў, 2 грэйдары і 3 пагрузчыкі. Дыспетчарская ўжо не першы тыдзень працуе ў кругласутачным рэжыме і работы па доглядзе дарог выконваюцца аператыўна. Пры неабходнасці ўсё робіцца ў рэжыме рэальнага часу. Так што і тут дарожнікі напагатове і не падвядуць.

– Сёння я не магу не сказаць словы вялікай падзякі ўсяму калектыву, пачынаючы ад дарожных рабочых, бітумавараў, вартаўнікоў, зваршчыкаў, слесараў, токараў – усіх удзельнікаў рабочага працэсу, – рэзюмуе Аляксей Кніга. – Любы, нават дробны вінцік – гэта адказная дэталь нашага калектыву, мы ўсе разам ішлі да гэтага выніку. Чаго былі б мы вартыя, калі б не было нашага завода на чале з прарабам Міхаілам Варламавым, які вытрымаў такія вялікія аб’ёмы і быў гатовы яшчэ іх павялічыць і папрацаваў на славу, без нашага асфальтаўкладчыка Міхаіла Рабкевіча (яму прысвоілі сёлета званне «Ганаровы дарожнік», ён прадстаўнік сямейнай дынастыі), нашай моладзі – прараба Уладзіслава Мацыякі, прараба Аляксандра Слабко, майстроў Ігара Хадаронка, Максіма Хахла і ветэрана Васіля Дзюка. Вялікі дзякуй нашаму планаваму аддзелу, бухгалтэрыі, дыспетчарскай службе, ахове працы. Мы – адзіны калектыў. За тры гады маёй работы тут гэта – лепшы, прарыўны год і я спадзяюся, што нашы аб’ёмы работы будуць толькі павялічвацца, мы будзем атрымліваць годную зарплату, годна працаваць, будзем абнаўляць нашы машыны і механізмы, станем тварам раёна.

Па выніках работы за мінулы год мы трапілі на раённую Дошку гонару. Лічу, што і сёлета мы папрацавалі не менш годна. Вельмі важна, што Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка надае такую вялікую ўвагу інфраструктуры краіны, будаўніцтву дарог і іх утрыманню. З часу прызначэння на пасаду старшыні Бярэзінскага райвыканкама Андрэя Сакалоўскага і пры яго актыўнай падтрымцы нам сёлета сапраўды ўдалося зрабіць многае, кожнаму аб’екту надавалася вялікая значнасць, ішло стабільнае фінансаванне, адшукваліся дадатковыя магчымасці яго павелічэння. Думаю, што Андрэй Валянцінавіч ніколі не скажа, што мы яго падвялі ў гэтым плане. І спадзяюся, што на гэтым фінансавы паток на дарожнае будаўніцтва не спыніцца, а пра важнасць дарог будуць дбаць і памятаць заўсёды, як пра важнейшую транспартную інфраструктуру дзяржавы.


Шанўныя калегі і ветэраны дарожнай галіны! Шчыра віншуем вас з надыходзячым Новым годам!

Прыміце словы вялікай удзячнасці за вашу працу і за той след, які вы пакінулі на зямлі. Наша прафесія, нашы рабочыя рукі вельмі запатрабаваны грамадствам, на нас ускладаюцца вялікія спадзяванні, нам давераны вельмі адказны ўчастак.

І мы павінны не толькі эфектыўна і з поўнай аддачай працаваць, а сапраўды стаць тварам раёна і клапаціцца аб дабрабыце і камфорце нашых землякоў.

Напярэдадні свята жадаем вам здзяснення ўсіх навагодніх пажаданняў і мар, толькі радаснага і стабільнага жыцця, шчасця ў сем’ях і на рабоце, дабрабыту і моцнага здароўя. Напера-дзе нас чакаюць новыя здзяйсненні і мы павінны быць гатовымі да іх ажыццяўлення.

Адміністрацыя і прафкам ДРБУ-192.


*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.

Філіял КУП «Мінскаблдарбуд -
ДРБУ №192», г. Беразіно. УНП 601058907.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць