Першымі ж у «Першамайскім» з’явіліся тысячнікі, а потым і двухтысячнікі, прычым як на адвозцы збожжа, так і на яго ўборцы. На працягу ўсяго гарачага сезона ў сельгаспрадпрыемстве не спадаў працоўны напал, нягледзячы на неспрыяльныя кліматычныя ўмовы гэтага года, тут здолелі ў самыя сціслыя (наколькі гэта дазваляла надвор’е) тэрміны правесці самую адказную кампанію года, і затым, падлічыўшы яе вынікі, смела сказаць, што прыкладзеныя намаганні на гэты раз акупіліся шмат-разова. Мяркуйце самі: у гаспадарцы збожжавыя культуры далі на круг па 42,3 цэнтнера з гектара супраць 17 леташніх, а агульная вага першага першамайскага каравая склала 5085 тон і павялічылася да мінулагодняга на 2380 тон.
– Асноўны цяжар уборкі прыпаў на нашых шасцярых камбайнераў і вадзіцеляў – Анатоля Зелянкевіча, Аляксандра Зязюлю, Уладзіслава Трамфімава, Віталія Абмётку, Уладзіміра Рафаловіча і Васіля Палянскага, – расказвае дырэктар ААТ «Першамайскі» Аляксандр Салаўёў. Першая тройка іх – вадзіцелі, другая – камбайнеры. На гэты раз за кожным камбайнам быў замацаваны канкрэтны аўтамабіль, так у тандэме яны і працавалі.
.jpg)
Аб тым, што стараліся яны на славу, гаворыць хаця б той факт, што ўсе яны сталі тысячнікамі, а Васіль Палянскі і Аляксандр Зязюля дасягнулі і звання двухтысячнікаў. Названыя мужчыны, хоць у пераважнай большасці маладыя па ўзросце, але ў справе жніва не навічкі, а большасць з іх і ў папярэднія сезоны таксама выходзіла ў лік тысячнікаў і двухтысячнікаў.
.jpg)
Да справы ў гаспадарцы падышлі адказна і капрызам надвор’я супрацьпаставілі працавітасць і волю. Выкарыстоўвалі кожную пагодлівую гадзіну, не пакідалі поле да цёмнага, працуючы з уключанымі фарамі, ледзь не начавалі там. Дадатковай праблемай было тое, што нагрузка на камбайн, а іх у гаспадарцы толькі тры, пры агульнай плошчы ўборкі ў 1220 гектараў дасягала шасцісот гектараў. Ды і старэнькі збожжасушыльны комплекс, разлічаны на перапрацоўку толькі 15 тон, не мог управіцца з вялікім валам зерня, якое неабходна было тэрмінова дасушваць і даводзіць да патрэбнай кандыцыі. Узнікаючыя пытанні вырашаліся ў рабочым парадку, што ніяк не адбівалася на ходзе ўборкі.
.jpg)
– Праведзенае жніво, а яно для мяне першае на мікуліцкіх землях і на пасадзе кіраўніка сельгаспрадпрыемства, – дадае Аляксандр Салаўёў, – як і для ўсяго калектыву гаспадаркі, аказалася знакавым. Па-першае, мы ўбачылі свае канкрэтныя магчымасці. Па-другое, вызначылі «слабыя» месцы, якія не даюць нам замахнуцца на больш высокія паказчыкі і дастаўлялі дадатковыя праблемы. Па-трэцяе, жніво прадэманстравала нашу згуртаванасць у дасягненні пастаўленай мэты. Я вельмі ўдзячны не толькі асноўным удзельнікам кампаніі – камбайнерам, вадзіцелям і работнікам зернесушыльнага комплексу, а і ўсім працаўнікам ААТ «Першамайскі», бо кожны на сваім рабочым месцы ўсімі сіламі садзейнічаў ходу кампаніі, быў аднадумцам і даказваў справай сваю годнасць. Таму дасягнуты поспех я поўнасцю падзяляю з усім калектывам, выказваю шчырую ўдзячнасць за надзейнае плячо кожнага з вас.
Напэўна, будзе нялішнім назваць некалькі лічбаў ураджайнасці асобных культур.
.jpg)
Так, яравы ячмень даў на круг па 40 цэнтнераў, азімае трыцікале – 41, жыта – 53, авёс – 60. Добра паказаў сябе сёлета і яравы рапс – 32 цэнтнеры з гектара супраць дваццаці, які дала гэтая ж азімая культура. Сёння, нягледзячы на тое, што працягваецца ўборка кукурузы, а яе пасаджана больш за тысячу гектараў, кіраўнік гаспадаркі і яго спецыялісты, у тым ліку і галоўны аграном Сяргей Толкач, жывуць днём заўтрашнім і складаюць план будучых пасеваў. Налета іх плошчы, як гэта было і ў 2025 годзе, ізноў павялічацца. На 400 гектараў павялічыцца клін азімай сяўбы за кошт збожжавых і кармавых культур. Такім чынам, агульная плошча складзе 1800 гектараў, што для «Першамайскага» зусім нямала. Ужо сёння ажыццяўляюцца адпаведныя захады для таго, каб усё вырашчанае было ўбрана і апрацавана. А для гэтага патрабуецца ўмацаванне матэрыяльнай базы. Яна папаўняецца ў гаспадарцы кожны год. Так, толькі сёлета былі набыты новы збожжаўборачны камбайн, КВК-800, дзве 12-радковыя кукурузныя сеялкі, пасяўны агрэгат, касілка… На наступны год у планах кіраўніка – абавязковае абнаўленне зернесушыльнага комплексу (ужо вядзецца збор неабходных дакументаў) – новага КЗС-60 з чатырма бункерамі для захоўвання збожжа. Ёсць патрэба і ў папаўненні камбайнавага парка. Для далейшага развіцця гаспадаркі на наступны год у Мікулічах плануюць і ўзвядзенне новага сучаснага малочнатаварнага комплексу на 1200 галоў, бо і развіццю жывёлагадоўлі тут надаюць вялікае значэнне: ужо сёння, без уліку кукурузнага сіласу, назапашаны 91 працэнт кармоў для грамадскага пагалоўя (29,94 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы).
Што датычыцца паказчыкаў работы гэтай галіны, то сярэднясутачны ўдой на карову тут дасягае 17,51 кілаграма, а гэта да адпаведнага леташняга перыяду плюс 3, 29 кілаграма, або 125 працэнтаў.
Як бачым, у «Першамайскага» ёсць не толькі выдатныя рабочыя-прафесіяналы, але і трывалая перспектыва развіцця гаспадаркі. А значыць, быць сельгаспрадпрыемству больш моцным і эканамічна стабільным, а яго працаўнікам больш заможнымі і ставіць перад сабой новыя задачы.
.jpg)
.jpg)
*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Уладзіслава СІНЯКА і Івана ЖУКОЎСКАГА.
ОАО «Первомайский».
УНП 600036495.