На шляху да адраджэння

Date 09.09.2025 Man
Comment 435
На шляху да адраджэння

Бярэзінцы, напэўна, не раз адзначалі, як у апошні час больш прывабна стаў выглядаць адміністрацыйны будынак ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”. Ён не толькі адрамантаваны і заззяў новымі яркімі фарбамі. На ім, акрамя таго, з’явіліся фотаздымкі герояў апошніх падзей жыцця калектыву – удзельнікаў жніва. Мерапрыемствы гэтыя былі прымеркаваны не толькі да праводзімага сёлета Года навядзення парадку, але і сведчаць аб тым, што сельгаспрадпрыемства вырашыла заявіць пра сябе і нарэшце вырвацца з ліку аўтсайдараў.

Перамены закранулі не толькі сам адміністрацыйны будынак. З пачатку года многае было зроблена па добраўпарадкаванні і іншых аб’ектаў райаграсэрвіса. У прыватнасці, наводзіўся парадак на жывёлагадоўчых аб’ектах, дзе ў тым ліку ствараліся і дадатковыя ўмовы для работы працуючых там людзей. Вынікам агульных намаганняў стаў той факт, што з пачатку года прыбаўка малочнай прадукцыі ў параўнанні з мінулым годам склала 160 працэнтаў. Па гэтым паказчыку сельгаспрадпрыемства трывала трымае лідарства ў раённай зводцы.

З істотным плюсам папрацавалі ў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” і ў час правядзення жніва. Так, валавы намалот збожжа аказаўся ў параўнанні з леташнім больш важкім на 1064 тоны, а сярэдняя ўраджайнасць узрасла на 6 цэнтнераў з гектара.

– Сёлетняе жніво без памяншэння можна параўнаць з вядзеннем баявых дзеянняў, - расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Аўтухоў.

– Спачатку вясеннія халады паставілі пад пагрозу намаганні нашых хлебаробаў і не абяцалі высокай ураджайнасці. Затым, калі колас наліўся і быў гатовы да ўборкі, з-за штодзённых дажджоў не было магчымасці на поўную сілу прыступіць да жніва. Нашы камбайнеры і вадзіцелі выкарыстоўвалі літаральна кожную гадзіну для таго, каб абмалаціць участак поля, даставіць на зернесушыльны комплекс чарговую партыю збожжа. А яго, пераўвільготненае, трэба было давесці да кандыцыі, перш чым адправіць на захоўванне або на рэалізацыю ў праграме дзяржпаставак.

І тым не менш, праявіўшы стойкасць, дзелавітасць і валявыя якасці, у гаспадарцы не дапусцілі страт ураджаю, убралі яго да апошняга зярнятка, здолелі паказаць больш высокі паказчык, чым летась.

Асноўны цяжар у рабоце, безумоўна, лёг на плечы камбайнераў. Асноўнымі работнікамі былі Аляксандр Жалябін, Андрэй Піскун, Алег Сіпайла і Андрэй Некраш. Яны ўжо не раз правераныя падобнымі выпрабаваннямі, таму і на гэты раз аказаліся на вышыні.

Своечасова адрэгуляваныя камбайны, умелае кіраванне імі дазволіла працаваць без затрымак і паломак, расцягваць працоўны дзень да самага позняга вечара, пакуль існавала магчымасць весці ўборку. Вынікам намаганняў стала тое, што двое камбайнераў пасля завяршэння кампаніі аказаліся ў ганаровым ліку тысячнікаў – гэта Алег Сіпайла і Андрэй Некраш.

У кагорту тысячнікаў увайшоў таксама і Вадзім Бондараў, які на сваім МАЗе дастаўляў намалочанае збожжа на КЗС. Колькі рэйсаў зрабіў ён за гэты час, і сам, напэўна не зможа даць дакладнага адказу. У адной кампаніі з Вадзімам штодзень рэйсы з палеткаў ажыццяўлялі таксама Аляксандр Жукоўскі і Мікалай Берасневіч. І хаця паказчыкі іх аказаліся менш сціплымі, стараннасць, з якой яны адносіліся да справы, таксама заслугоўвае слоў удзячнасці.

- Словы ўдзячнасці я сёння хачу выказаць усім працаўнікам нашага сельгаспрадпрыемства, - гаворыць Аляксандр Аўтухоў, - бо жніво – гэта заўсёды калектыўная праца, а добрае яго завяршэнне – наш агульны поспех. У ім ёсць заслуга не толькі непасрэдных камбайнераў і вадзіцеляў, а і многіх іншых працаўнікоў, якія ў свой час аралі зямлю, засявалі палеткі, даглядалі пасевы, хто садзейнічаў бесперапыннаму ходу ўборкі, дапрацоўцы збожжа, забяспечваў удзельнікаў жніва гарачымі і сытнымі абедамі, клапаціўся пра бяспеку працы, планаваў і закладваў будучы ўраджай. Дзякуй вам вялікі за вашу адданасць і адказнасць, за работу ў адной дружнай камандзе, якая, веру, здольная і на больш важкія дасягненні. І яны ў нас абавязкова будуць. Са святам дажынак вас, сябры!

Сапраўды, гарызонты для росту вытворчых паказчыкаў у “Бярэзінскага райаграсэрвіса” вялікія. Ёсць для іх дасягнення і вялікія пасяўныя плошчы, і важкі жывёлагадоўчы цэх. Але існуе ў гаспадарцы і шмат праблем.

Па-першае, гэта непасрэдная блізкасць да горада, у выніку чаго большасць людзей імкнецца затрымацца на працы ў Беразіно, а не аддаць перавагу сельскай гаспадарцы. Адсюль і дэфіцыт кадраў. Нашы заробкі, безумоўна, адштурхваюцца ад вытворчых паказчыкаў, і пакуль тыя не вырастуць да лідзіруючага ўзроўню, гаварыць пра істотны рост зарплаты таксама не даводзіцца.

Яшчэ адна праблема – раскіданасць гаспадаркі па розных кутках раёна. А гэта патрабуе дадатковых расходаў і грашовых сродкаў, і часу, і тэхнікі. Не дае разгарнуцца гаспадарцы і цяжар назапашаных за апошнія гады даўгоў, калі даводзіцца ў першую чаргу гасіць іх і толькі потым накіроўваць існуючыя сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Хаця яна тым не менш з году ў год папаўняецца. Так, толькі сёлета тут набылі два трактары – адзін МТЗ -1221 з касілкай і адзін энергана-сычаны, КВК, кормараздатчык, 20-тонны прычэп…

Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства бачыць глыбіню існуючых праблем. Але разам з тым і стварае магчымасці для прарыву і адраджэння калектыву. Як бачым, сёлетні год паказвае, што шлях выбраны правільны і ў гаспадаркі ёсць рэальныя магчымасці для далейшага нарошчвання сваіх магутнасцей, вытворчых паказчыкаў і выхаду з крызісу.

* Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Паўла САЛАЎЁВА.

ОАО “Березинский райагросервис».

УНП 600035616.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць