Традыцыйна, 15 верасня ў краіне адзначаецца Дзень бібліятэк. Свята гэта значнае не толькі для саміх работнікаў бібліятэчных устаноў Беларусі, але і для шматлікіх чытачоў, бо такое захапленне, як чытанне кніг, заўсёды будзе актуальным, і кнігі – запатрабаваным прадуктам.
Летась бібліятэкары Бярэзіншчыны адзначылі знакавы юбілей – 120-годдзе са дня, калі ў Беразіно была заснавана першая бібліятэка, – гістарычна важная дата. Зараз у раёне акрамя цэнтральнай маецца яшчэ 5 сельскіх філіялаў бібліятэкі, якія абслугоўваюць каля 6 тысяч чытачоў. Дзве з іх выконваюць функцыі клуба-бібліятэкі, у іх праводзяцца дыскатэкі для дарослых і дзяцей, і разнастайныя культурныя мерапрыемствы. Паказальнік колькасці наведванняў, які кантралюецца праграмай «Культура Беларусі», заўсёды ідзе з перавыкананнем плана. У фондах бібліятэчнай сістэмы налічваецца каля 60 тысяч кніг, з якіх сёлета паступіла амаль 3 тысячы новых. Больш 50 найменняў часопісаў і газет выпісваецца толькі ў цэнтральную бібліятэку.
.jpg)
Заўважым, Беразіно – горад, у якім чытаць кнігі любяць і робяць гэта з задавальненнем. Адпаведна са статыстыкай, якую вядуць работнікі бібліятэкі, кожны трэці жыхар райцэнтра з’яўляецца актыўным карыстальнікам бібліятэкі, за год бярэзінцы прачытваюць дзясяткі тысяч кніг, а таксама шмат перыядычных выданняў.
Цэнтр прыцягнення
– Цэнтральная раённая бібліятэка багацее мерапрыемствамі і ўвагай бярэзінцаў, якім мы можам прапанаваць шмат чаго! – шчыра гаворыць дырэктар установы Наталля Маеўская. – Гутарка ідзе не толькі пра навінкі кнігавыдання, сучасная бібліятэка даўно зрабілася найцікавейшым сацыякультурным аб’ектам у горадзе. Цяпер гэта месца адпачынку, інтэлектуальнага развіцця, мастацкіх выстаў і правядзення разнастайных канферэнцый, круглых сталоў, дыялогавых пляцовак і сустрэч з пісьменнікамі і цікавымі людзьмі горада. Самае апошняе мерапрыемства – сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам Бярэзіншчыны. Як бачыце, бібліятэка жыве і даўно зрабілася цэнтрам прыцягнення для актыўных, крэатыўных, творчых людзей горада і раёна.
.jpg)
У нагу з часам
Летась на 120-гадовы юбілей старшыня Бярэзінскага райвыканкама Андрэй Сакалоўскі ўручыў грашовы сертыфікат для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. На атрыманыя сродкі была набыта акустычная сістэма ў складзе мікрафона, мікрафоннай стойкі і гукавой калонкі. Аднак падарункі тым не абмежаваліся, ва ўласнасць бібліятэкі паступіў новы аўтобус «Газель-Next» на 22 пасадачных месцы, які амаль кожны дзень выкарыстоўваецца для правядзення бібліятэчных мерапрыемстваў і аказання бібліятэчных паслуг у маланаселеных і аддаленых населеных пунктах Бярэзінскага раёна.
Установа імкнецца адпавядаць запатрабаванням часу.
Фонд бібліятэкі рэгулярна папаўняецца новымі кніжнымі паступленнямі. Для прыхільнікаў класікі і старых кніг маецца спецыяльнае кнігасховішча, для аматараў навінак і сучаснай літаратуры – абаненцкі аддзел. Чытальная зала – для тых, хто любіць пасядзець у цішыні з часопісам або газетай, ці прабавіць час у інтэрнэце.
Папаўняюцца рады бібліятэкараў і новымі кадрамі. Сёлета пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў прыйшлі працаваць маладыя спецыялісты, бібліятэкары-бібліёграфы Ульяна Гарошка і Яніна Шышакова. Засталася працаваць пасля тэрміну абавязковай адпрацоўкі бібліятэкар Аліна Васількова.
Дзякуй партнёрам
– Развіццю галоўнай бібліятэкі раёна ў многім садзейнічае спонсарская дапамога ад арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і дзелавых партнёраў. У ліку пастаянных спонсараў ААТ «Беларусбанк», ГА «Белая Русь», Мінская гарадская арганізацыя прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, – працягвае Наталля Мікалаеўна. – Удзячны мы і многім дарагім нам людзям.
За апошнія дзесяць гадоў чытачамі было падорана амаль паўтары тысячы кніг класічнага, фантастычнага і прыгодніцкага жанраў. Ёсць у нас і дзелавыя сувязі з прадстаўнікамі юрыдычнай сферы. Прадстаўніцтва Мінскай абласной натарыяльнай палаты ў асобе загадчыка натарыяльнай канторы Генадзя Жаўронка і Мінскай абласной калегіі адвакатаў Міністэрства юстыцыі ў асобе загадчыка юрыдычнай кансультацыі Марыны Грынкевіч – дзелавыя партнёры па забеспячэнні бясплатных юрыдычных кансультацый насельніцтву на базе публічнага цэнтра прававой інфармацыі Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Са святам!
– Як бачыце, сябры, сучасная бібліятэка – гэта больш чым бібліятэка, – падводзіць вынік Наталля Маеўская. – Напярэдадні нашага прафесійнага свята хочацца павіншаваць усіх работнікаў бібліятэчнай сістэмы і нашых дарагіх чытачоў. Жадаем усім радасці, міру, шчасця, толькі добрых кніг у жыцці, абавязкова з добрым фіналам. Наведвайцеся ў бібліятэку, мы заўсёды вам рады!
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.