У ліку лідараў не ўпершыню

Date 12.09.2025 Man
Comment 339
У ліку лідараў не ўпершыню

Для шэрагу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў сёлетняе жніво аказалася знакавым, бо было першым на такой адказнай пасадзе. Як бачым, справіліся яны з пастаўленай задачай паспяхова і з гонарам могуць прадстаўляць свае калектывы на сённяшнім свяце. А вось для галоўнага агранома філіяла “Ома” Уладзіміра Шагойкі жніво-2025 – апошняе на яго працоўным календары. Яно і зразумела: Уладзімір Рыгоравіч на сёння з’яўляецца самым паважаным па ўзросце галоўным аграномам у раёне і гэтым летам адзначыў сваё 70-годдзе.

– Дапрацую да канца года, правяду яшчэ апошнюю азімую сяўбу і – на адпачынак, - дзеліцца планамі ён. – Не перажываю за далейшы лёс калектыву, бо з надзеяй і ўпэўненасцю перадаю свой пост нашаму аграному Кірылу Хадорчанку. У гаспадарцы ён ужо гады чатыры, і я бачу, што гэта здольны і здатны спецыяліст, раслінаводчая галіна будзе ў надзейных руках.

Дададзім, што Уладзімір Шагойка аддаў агранаміі 44 гады. Пачынаў у далёкім 1981 годзе ў тагачасным невялікім калгасе “Саюз”, потым была больш магутная гаспадарка – калгас “Чырвоная Беларусь”, а з 2004 года, калі стварыўся сельгасфіліял “Ома”, нязменна працаваў тут. Яго пераемнік, Кірыл Хадорчанка, таксама праходзіў школу агранаміі ў ААТ “Багушэвічы” (там ён з 2009 года), і вось ужо пяць гадоў, як поплеч з Уладзімірам Шагойкам клапоціцца пра высокія ўраджаі “Омы”. За гэты час не толькі вывучыў кожны палетак, а і заслужыў павагу і аўтарытэт дасвечанага чалавека сярод мясцовых працаўнікоў.

Калектыў

Вось і сёлетні год для сельгасфіліяла аказаўся плённым і прыбытковым як у фінансавым плане, так і ў плане росту ўраджайнасці. Сёлета яна тут склала 38 цэнтнераў з гектара супраць 25 леташніх. Адзначым, што самую высокую ўраджайнасць сёлета ў гаспадарцы паказала азімая пшаніца - па словах дырэктара філіяла Дзмітрыя Калацэя незвычайную для бярэзінскіх зямель – 57,7 цэнтнера на круг. Няблага паказалі сябе і іншыя культуры, за выключэннем азімага рапсу, які, як і ў іншых гаспадарках раёна, істотна папсавалі вясеннія замаразкі.

А вось летнія дажджы, якія супалі з пачаткам жніва, адбіліся на выніках работы не так прыкметна, хіба што працягласць кампаніі аказалася крыху даўжэйшай. Мясцовыя аграрыі супрацьпаставілі капрызам прыроды свае зладжанасць і працавітасць і выйшлі ганаровымі пераможцамі ў гэтай бітве за ўраджай.

Вялі яе чатыры экіпажы. Па даўняй практыцы, заведзенай тут, членам экіпажа з’яўляецца і адвозчык збожжа: разам яны становяцца ўзаемазамяняльнымі і ўсю нагрузку падзяляюць паміж сабой на роўных. Так адзін з экіпажаў аказаўся сямейным: тут шчыравалі бацька і сын Анатоль Драгун і Аляксандр Валасевіч. Ды і трэці член гэтай сям’і, Леанід Драгун, таксама кіраваў камбайнам. А працаваў ён у пары з Уладзіславам Пісаравым. Традыцыйна ў пары (вось ужо 21 сезон!) займаліся ўборкай Анатоль Цімашэнка і Андрэй Дыбаль, якія за час кампаніі паспелі нават аказаць дапамогу сваім калегам з філіяла “Арэшкавічы”. Чацвёрты экіпаж прадстаўляў сабой дуэт двух Васількоў – Васіль Пінчук і Васіль Буры. Дарэчы, іменна гэты экіпаж па выніках жніва аказаўся з найбольшым намалотам, хаця і не выйшаў у лік тысячнікаў. Тлумачыцца гэта проста: плошча збожжавых у “Оме” склала сёлета ўсяго 567 гектараў. І пры роўнай нагрузцы на камбайн, якіх у гаспадарцы чатыры (а працавалі ўсе з аднолькавым стараннем), шанцаў камусьці дасягнуць тысячнага намалоту амаль няма.

Сёння большасць былых хлебаробаў занята на нарыхтоўцы кукурузы. Плошчы пад “царыцу палёў” у гаспадарцы сёлета павялічылі і на зерне плануюць браць яе ўжо не 30, а 170 гектараў. Так што камбайны неўзабаве ізноў пачнуць малацьбу. Сярод тых, хто гэтымі днямі шчыруе на палетках, і Валерый Кунавіч. І хоць мужчына не прымаў непасрэднага ўдзелу ў жніве, у высокіх ураджаях ёсць і яго істотная заслуга, бо менавіта ён робіць іх задзел і першым адпраўляецца на поле, выконваючы цэлы шэраг глебаапрацоўчых работ, перш чым у зямлю ляжа насенне.

У размове з Дзмітрыем Калацэем узгадваліся і прозвішчы многіх іншых працаўнікоў калектыву.

– Кожнаму з іх сёння, па выніках жніва, хачу выказаць самыя шчырыя словы падзякі за іх працавітасць, мэтанакіраванасць, аддачу і старанне, – гаворыць Дзмітрый Мікалаевіч. - Як вядома, любы кіраўнік нічога не варты без сваёй каманды. У нас яна самая надзейная і з’яднаная. І менавіта гэта з’яўляецца асновай нашых поспехаў і стабільнасці.

Наперадзе ў нас нямала новых задач і працы. Веру, што іх ажыццяўленне магчыма і ў далейшым нам будзе па плячы. Дзякуй усім за працу і з дажынкамі вас!

Гаспадары

Сёння ў цэнтры “Ома”, вёсцы Міхалёва, праходзіць свята дажынак. Для таго, каб годна прыняць гасцей, тут было нямала зроблена. Як сіламі самога сельгасфіліяла, так і намаганнямі Багушэвіцкага сельскага Савета на чале з Сяргеем Шабаном. Ды і гараджане тут таксама часта з’яўляліся, каб аказаць пасільную дапамогу. За гэты час тут паклалі новы асфальт па Маладзёжнай, Сонечнай і Школьнай вуліцах, высеклі нямала аварыйных дрэваў і кустоў, правялі абкос узбочын дарог і вуліц, правялі частковы рамонт, замену і афарбоўку агароджаў. Больш яркімі і прывабнымі сталі і аб’екты філіяла – зернесушыльны комплекс, фермы, мехмайстэрня. Усё гэта застанецца мясцовым жыхарам і працаўнікам пасля свята. Як памяць пра такую па-дзею і мінулае жніво, як напамін, што вёска жыве і прыгажэе, ствараючы добры настрой яе жыхарам.

*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.
УНП 601055341.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць