На заканчэнні мерапрыемства было аб’яўлена, што «Дажынкі-2025» пройдуць у сельгасфіліяле «Ома» і Сяргей Счасны, кіраўнік «Арэшкавіч», перадаў эстафетную палачку свайму калегу Дзмітрыю Калацэю. Эстафетную палачку перадаў, а вось першынство ў раённым спаборніцтве пакінуў за сабой. Так, сёлета «Арэшкавічы» ізноў аказаліся мацнейшымі ў традыцыйным саперніцтве і на свяце хлебаробаў дададуць у сваю ўжо багатую калекцыю дыпломаў яшчэ адзін – як адлюстраванне пастаяннага лідарства на жніўнай ніве Бярэзіншчыны.
.jpg)
У гаспадарцы сёлета, нягледзячы на ўсе перыпетыі надвор’я, на круг удалося атрымаць па 47,2 цэнтнера збожжавых. Лічба з разраду завоблачных – гадоў дзесяць-дваццаць назад. Пры гэтым пшаніца дала па 44 цэнтнеры з гектара, жыта – 50, авёс – 57, а трыцікале – наогул 60,5. Рост ураджайнасці культур дазволіў аграрыям павялічыць і валавы намалот, які на гэты раз дасягнуў 2595 тон. І гэта з плошчы ў 550 гектараў. Але нельга думаць, што ў «Арэшкавічах» сам бог дзяцей люляе і там не бывае ніякіх катаклізмаў. Так, познія вясеннія замаразкі вельмі паўплывалі на пасевы азімага рапсу, з-за чаго жаданага выніку атрымаць спецыялістам не ўдалося.
.jpg)
– Галоўныя складальнікі высокага ўраджаю, прычым не толькі нашага, – гэта строгае выкананне тэхналогіі і высакаякаснае насенне, – адзначае Сяргей Іванавіч. – Уборка хлеба – гэта толькі заключны этап той вялікай работы, якую гаспадарка вядзе на працягу ўсяго года. У ёй задзейнічаны многія спецыялісты, а не толькі тыя шэсць чалавек, якія забяспечвалі бесперабойны ход жніва. Безумоўна, стараліся і яны. І паказвалі ўзор сваіх адносін да даручанай справы, не гублялі марна ні мінуты, працуючы да позняга вечара. Сёлета на камбайнах шчыравалі Васіль Рашотка, Пётр Мельнік, Андрэй Смычок, на адвозцы – Віктар Лучына, Павел Ермаловіч і Ігар Макарэвіч. Пры гэтым трое з іх аказаліся ў ліку тысячнікаў – камбайнер Васіль Рашотка, а таксама вадзіцелі Віктар Лучына і Павел Ермаловіч. Добра праявіў сябе ў гэты адказны час і малады камбайнер Павел Мельнік. У гаспадарцы ён ужо некалькі гадоў. Асноўны фронт яго работы – ферма, дзе ён на пагрузчыку займаецца раздачай кармоў і іншымі справамі. Таму выступаць у якасці галоўнай дзеючай асобы на жніве было для яго ў навінку. Але справіўся дэбютант з пастаўленай задачай на выдатна, і хоць не ўвайшоў у лік тысячнікаў, быў блізкі да гэтага паказчыка і працаваў на роўных з іншымі, больш вопытнымі спецыялістамі.
.jpg)
.jpg)
Не прастойваў у напружаныя дні кампаніі і мясцовы зернесушыльны комплекс. На ім, як і ў мінулыя гады, сваю актыўную шэфскую дапамогу аказвалі чацвёра прадстаўнікоў галаўнога прадпрыемства – Мінскага завода колавых цягачоў – Аляксандр Вярцінскі, Юрый Ачыновіч (дарэчы, як выявілася, выхадзец з нашага Бярэзінскага раёна), Аляксандр Фінскі і Павел Дубіна. Хапала спраў тут і механізатару Ігару Макарэвічу, які на трактары МТЗ рэгулярна завіхаўся на пляцоўцы, аказваючы дапамогу аператарам. Кіравала ж усім працэсам на КЗС мясцовая вагаўшчыца Раіса Аўтуховіч, якая таксама выступае ў гэтай ролі не першы раз і добра ведае справу. Дарэчы, Раіса Міхайлаўна жыве ў Беразіно і з’яўляецца актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці, і на раённым свяце дажынак у скадзе калектыву «Маргарыткі» будзе прадстаўляць адзін з танцаў.
У ліку тых, хто мае прамое і непасрэднае дачыненне да атрыманага ўраджаю, актыўна працаваў у час жніва, Сяргей Счасны называе і шмат іншых прозвішчаў. Не абыдзем іх і мы. Дарэчы, адно з іх ужо прагучала вышэй – Ігар Макарэвіч. Асноўны занятак гэтага механізатара – унясенне мінеральных угнаенняў. Такую ж ролю ў гаспадарцы выконвае і Канстанцін Кухаронак. Яны, па словах кіраўніка сельгаспрадпрыемства, напрамую ўздзейнічаюць на фарміраванне будучага ўраджаю, праводзячы ўсе неабходныя хімахоўныя работы: адзін, уносячы вадкую фракцыю, пачынаючы ранняй вясной на «Расе», другі – цвёрдыя тукі, граматна ўносячы іх у адпаведнай прапорцыі ў час росту раслін.
Яшчэ раней, у час пасяўной кампаніі, ворыва зябліва і падрыхтоўкі глебы, сваё важкае слова канкрэтнымі справамі выказвае Аляксандр Аўчыннікаў. Якасць яго работы ніколі не выклікае нараканняў.
Вялікая нагрузка і адказнасць, дарэчы, не толькі ў час жніва, ляжыць і на самым паважаным працаўніку калектыву Але Ніціеўскай. Яна – ветэран сельскай гаспадаркі, мае за плячыма ўжо больш за 70 гадоў, але настолькі тонка ведае сваю справу, што ёй пазайздросціць можа любы малады чалавек. Жанчына з’яўляецца загадчыцай складоў. Усіх – з запаснымі часткамі, з палівам, з мінеральнымі ўгнаеннямі, са збожжам… Паражае не толькі адмысловы парадак на кожным са складоў, а тое, наколькі дакладна і беспамылкова ведае Ала Іванаўна свае фонды, дзе што захоўваецца і заўсёды ў лічаныя хвіліны знаходзіць неабходную рэч.
Пільнасць, адказнасць за чалавечыя лёсы, уменне прадугледзець многія фактары на некалькі крокаў наперад уласцівы яшчэ адной працаўніцы гаспадаркі – Дар’і Караткевіч. Вы, напэўна, здагадаліся, што працуе яна інжынерам па ахове працы. Якое ж жніво ці іншая адказная сельскагаспадарчая кампанія без яе пільнага вока! Да таго ж Дар’я – адзін з нядаўніх маладых спецыялістаў, якая так і засталася ў «Арэшкавічах» пасля размеркавання, паралельна з гэтым з’яўляецца і дыспетчарам, паспяхова спалучаючы абедзве такія адказныя пасады. Вось дзе, сапраўды, яскравы прыклад для пераймання іншым маладым спецыялістам. Іх, дарэчы, сёлета ў гаспадарку паступіла пяць чалавек – чатыры механізатары і яшчэ адзін – на пасаду загадчыка рамонтных майстэрняў. Новаму папаўненню ў сельгаспрадпрыемстве рады, імкнуцца зацікавіць іх у тым, каб яны засталіся тут і надалей. Але ці вернуцца сюды юнакі, адслужыўшы ў радах Узброеных Сіл, куды неўзабаве будуць прызваны, сказаць цяжка.
.jpg)
– Пералік гэтых прозвішчаў, – дадае Сяргей Іванавіч, – можна працягваць і далей, узгадваючы кожнага, хто мае дачыненне да жніва, члена калектыву. Кожны з іх заслугоўвае толькі самых цёплых і шчырых слоў падзякі і павагі. Я вельмі ганаруся сваім калектывам, які, нягледзячы на існуючыя праблемы, заўсёды станоўча спраўляецца з пастаўленай задачай, прымае актыўны ўдзел у атрыманні багатага ўраджаю, на справе клапоціцца аб дзяржаўнай харчовай бяспецы і дабрабыце роднага калектыву. Са святам дажынак вас, сябры!
.jpg)
.jpg)
*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.
Сельгасфіліял «Арэшкавічы». УНП 601055778.