З калекцыяй мінулага па жыцці

Date 27.09.2025 Man
Comment 406
З калекцыяй мінулага па жыцці

Звычайнае лёгкае захапленне з цягам часу стала нечым большым. Захацелася захоўваць, вывучаць, сістэматызаваць сведчанні мінулага. Сапраўды, дакранацца да спадчыны і душой, і розумам. Ну і, вядома, прыкласці рукі, бо нярэдка рэчы з гісторыяй патрабуюць асаблівага догляду або рэстаўрацыі. 

Я не лічу сябе фанатам у калекцыяніраванні, – гаворыць сёння член Народнага клуба народных майстроў Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў Васіль Каваленка. – Мяркую, у кожнага з нас ёсць цікаўнасць да спадчыны, кожны трапятліва адносіцца да рэчаў, што засталіся як памяць пра родных або іншых блізкіх людзей, да рэчаў, якія ствараюць настальгічны настрой ці нагадваюць пра мінулае. У мяне няма тэматычнай накіраванасці, збіраю тое, што дорага і памятна мне. Шлях да збірання калекцый у кожнага свой. Па словах Васіля Стэфанавіча, яго захапленне пачалося з царскай манеты, якую знайшоў падчас рэканструкцыі дома, купленага ў 1985 годзе ў Погары Бранскай вобласці. З цягам часу пачаў збіраць усё цікавае, што траплялася.

Але ж… Як мне падалося, захапленне было закладзена намнога раней.

– На маёй радзіме, у сяле Юдзінава Погарскага раёна Бранскай вобласці, дзейнічае цэлы музей-комплекс, які складаецца з пяці музеяў, – расказвае Васіль Стэфанавіч. – Перш за ўсё, адзіны, ва ўсялякім выпадку ў бытнасць СССР, музей-запаведнік палеаліту. Адкрыў старажытнае пасяленне беларускі прафесар Палікарповіч, які на той час працаваў у Ленінградзе. Калі мне было гадоў 10, таксама праводзіліся раскопкі. Працавалі навуковыя супрацоўнікі і студэнты, але прыцягвалі і ўсіх жадаючых. І мы з задавальненнем дапамагалі. Дарэчы, на месцы раскопак знойдзена жыллё з касцей маманта, ну і, вядома, шмат бытавых артэфактаў, упрыгажэнні.

Ёсць у сяле і свая мастацкая галерэя, дзе прадстаўлены карціны ўсіх мастакоў, якія ўступалі ў Саюз мастакоў СССР. Зараз гэта філіял Бранскага краязнаўчага музея.

Яшчэ адзін музей, дзе сабраны рэчы землякоў, якія ваявалі на фронце або ў партызанах, «расказвае» пра гады Вялікай Айчыннай вайны. Да таго ж, падчас вайны ў нас былі страшныя баі, на месцах, дзе стаялі доты і дзоты, нават у 60-ыя гады можна было вёдрамі збіраць гільзы. А ў гады акупацыі дзейнічалі партызанскія атрады.

У комплекс уваходзяць музей бытавой тэхнікі, а таксама краязнаўчы. Краязнаўчы музей фарміраваў захоплены гэтай справай настаўнік гісторыі нашай школы і прасіў кожнага прынесці нешта з рэчаў. Мы з сябрам прынеслі сярэбраны Георгіеўскі крыж, які знайшлі на кар’ерах. Увогуле, кожны штосьці знайшоў для музея, а сяло было вялікае, больш за паўтары тысячы чалавек.

Ці не адсюль пайшлі вытокі захаплення? А яшчэ ад беражлівага захоўвання памяці і рэчаў ад родных. Таму смела можна сказаць, што калекцыя Васіля Каваленкі мае асобасны сэнс, зразумелы толькі яму і самым блізкім людзям. Найбольш каштоўным экспанатам калекцыянер лічыць бабуліну ікону, якая і сёння вісіць у спальным пакоі. А таксама бацькаву ваенную гімнасцёрку з узнагародамі. Стэфан Мікітавіч быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ваяваў на 1-ым Беларускім, у тым ліку за Гомель, пасля быў 1-ы Украінскі фронт і пераможны рух далей. Некалькі разоў быў паранены, узнагароджаны медалём «За адвагу», ордэнам Чырвонай Зоркі.

Дарэчы, аднавіла бацькаву гімнасцёрку жонка Васіля Стэфанавіча – Вера Эдуардаўна – майстар рукадзелля з залатымі рукамі. Не памылюся, калі скажу, што, нягледзячы на тое, што яны маюць розныя захапленні, увогуле ж складаюць адно цэлае. Таму на пытанне аб тым, дзе знаходзяць месца для калекцыі мужа, гаспадыня толькі ўсміхаецца. Бо і яна, як кажуць, «у справе», у адной звязцы.

Сямейны шлях Каваленкаў пачаўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе яны разам вучыліся. Напэўна, лёс прывёў туды юнака з Расіі. Пасля школы марыў паступіць у Тульскае ваеннае вучылішча, была магчымасць паехаць набываць ваенную прафесію ў Алма-Аты. Але так атрымалася, што па аб’яве райкама камсамола паехаў у Беларусь атрымліваць спецыяльнасць інжынера.

З дыпломамі паехала маладая сям’я па размеркаванні на радзіму мужа ў Расію. Працавалі на Погарскай цыгарэтна-цыгарнай фабрыцы (якая ў свой час пастаўляла цыгары нават для Чэрчыля). Пасля развал Савецкага Саюза, перабудова прымушалі Васіля Стэфанавіча да перамен – працаваў у сельскай гаспадарцы, інструктарам у райкаме камсамола, у органах унутраных спраў, займаўся «сваёй справай». Пяць дамоў пабудаваў сваімі рукамі, апошні – у Беразіно. Сюды, на радзіму жонкі, пераехалі больш за 10 гадоў таму назад.

Вядома, адбыліся змены ў жыцці. А вось захапленне калекцыяніраваннем і калекцыя пераехалі разам. Колькасць рарытэтаў у ёй наўрад ці можна падлічыць. Розныя прылады, посуд, свяцільнікі, гадзіннікі, швейныя машынкі, форменнае адзенне і пагоны (ёсць, нават, пагон царскай арміі), значкі, сімволіка… У ліку значных сам калекцыянер, як сапраўдны інжынер, называе навігацыйную лінейку лётчыка 1941 года, хардвугламер, які выкарыстоўваўся ў генштабах для распрацоўкі арыенціраў стральбы… Кожны з прадметаў – гонар В. Каваленкі і яго клопат.

– Таму асвоіў справу рэстаўратара, электрыка, зваршчыка, цесляра, сталяра… – заўважае В. Каваленка.

З цягам часу не знікае імкненне захоўваць, вывучаць, сістэматызаваць прадметы, якія з’яўляюцца яскравым сведчаннем мінулага. Прычым робіць гэта Васіль Стэфанавіч зусім не з меркантыльных памкненняў, захапленне калекцыяніраваннем адлюстроўвае яго ўнутраную сутнасць. Таму пра многае не можа гаварыць без эмоцый і сентыментальнасці, падкрэсліваючы ідэю і аддачу. Аддачу ў выглядзе зацікаўленасці іншых людзей. Бо любая рэч з калекцыі для яго – гэта не проста прадмет мінулага, кожная з іх нясе ўнутраны сэнс. Таму з задавальненнем дзеліцца сваімі калекцыямі для выстаў, якія арганізуюцца ў раённым цэнтры рамёстваў, цэнтральнай бібліятэцы. Ды і ў цэлым, сям’я Каваленкаў сёння ў ліку найбольш актыўных удзельнікаў многіх мерапрыем-стваў, якія праводзяцца ў Беразіно. Куды, нярэдка, прыходзяць не з пустымі рукамі. Гэта і рарытэтныя прадметы з калекцыі Васіля Стэфанавіча, і рэчы, пашытыя або звязаныя рукамі Веры Эдуардаўны.

– Адна з першых выстаў у Беразіно была арганізавана для вучняў Бярэзінскай гімназіі, – расказвае Васіль Каваленка. – Я тады працаваў у гэтай установе і расказаў тагачаснаму дырэктару Віталію Дудко пра сваё захапленне. Ён і пабудзіў мяне арганізаваць выставу, яе экспанатамі сталі значкі. Парадавала, што выстава не прайшла дарэмна і зацікавіла школьнікаў.

Васіль Стэфанавіч і сёння гатовы перадаваць дзецям сваю зацікаўленасць да вывучэння гісторыі. Бо калекцыяніраванне для яго – гэта яшчэ і пазнанне новага, духоўнае абагачэнне.

Такое адчуванне Каваленкі прывілі сваім сыну і дачцэ, сёння перадаюць семярым унукам і двум праўнукам. Асаблівы сёлетні гонар дзядулі з бабуляй – паступленне ўнука Андрэя ў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча. Да гэтага часу ён вучыўся ў сталічнай школе, дзе дзейнічае музей, і праводзіў там экскурсіі. З асаблівай цеплынёй Васіль Стэфанавіч расказвае, што ў гэтым жа музеі ўнук усталяваў «Куток дзядулі». Значыць, усё не дарэмна, ёсць працяг яго захап-лення, а па-сутнасці справы, з матывацыяй, унутраным сэнсам і, нават, характарам.

Між іншым, 21 верасня – Дзень калекцыянера. Жадаю новых цікавых знаходак!

 

 

Ала АЛЬФЕР.
Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць