Адбылася гэта шчаслівая для сям’і падзея 8 верасня 1867 года.
Хлопчыка назвалі Ізраіль. Сымбалічнае імя, калі разумець значэнне – той, хто змагаецца з Богам. Імя змагара.
Чакаў маленькага Ізю лёс звычайнага яўрэйскага хлопчыка. Гэта значыць, сваім часам скончыць хедар, а далей таксама слясарнічаць.
Але, калі Ізю было чатыры гады, нечакана згарэў дом, і сям’я Гельфандаў апынулася літаральна на вуліцы. Праўда, доўга не думалі, пабралі ацалелыя транты і падаліся ў Адэсу. Магчыма да радні. У Адэсе тата Лейзар ўладкаваўся працаваць партовым грузчыкам. Там жа давялося перажыць яўрэйскі пагром, падзею нярэдкую. Каб пагромшчыкі ведалі як акцыя паўплывае на фармаванне светапоглядаў Ізі, верагодна абыйшлі б бокам. Але, што зроблена, тое зроблена, маленькі Ізя ўсёй душою ўзненавідзеў царскі рэжым і ўсялякае цемрашальства ў дачыненні да яўрэйскай нацыі.
У Адэсе ў хлопчыка праявіліся здольнасці да вучобы, Ізя вучыўся і шмат чытаў забароненых рэвалюцыйных кніжак, якія толькі мацавалі нянавісць да царскага рэжыму ў Расіі. Цалкам верагодна, што менавіта тым часам ў Ізі і з’явілася мара скінуць цара. З часам мара стала мэтай. Трэба дадаць, што ў сваім жыцці Ізя паставіў яшчэ адну мэту – асабіста разбагацець. Ён памятаў з ранняга дзяцінства ўсялякія нястачы роднага штэйтла, бачыў якім чынам бацька зарабляў на хлеб, і зрабіў выснову, што грошы гэта тое, што ён прагне мець як мага болей.
Пасля паспяховага заканчэння гімназіі, Ізя здолеў паступіць у Базельскі ўніверсітэт. Тут ён стаў доктарам філасофіі ў галіне эканомікі і фінансаў.
Такім чынам, сын звычайнага слесара неўпрыкмет зробіўся тэарэтыкам, палітыкам і фінансістам. І змагаром са старажытным парадкам.
***
Атрымаўшы ступень доктара філасофіі, наш зямляк у Расію вяртацца адмовіўся, перабраўся ў Германію, дзе яго добразычліва сустрэлі паслядоўнікі марксісцкага вучэння Карл Каўцкі і Клара Цэткін.
Тут Гельфанд заняўся палітыкай, творчы бенефіс адбыўся на старонках газеты Die Neue Zeit (“Новы час”). У 1894 годзе ён выступіў на старонках выдання з шэрагам артыкулаў пад псеўданімам Парвус, ад лацінскага Parvus – маленькі. Менавіта пад гэтым псеўданімам ён і ўвайшоў у гісторыю.
За знешняе аблічча атрымаў ад Каўцкага мянушку Доктар Слон, асобныя людзі па-за вочы называлі Парвуса Таўстун. Ён умее пісаць правільна і ведае, што чытачы прагнуць убачыць у газеце, ведае як цешыць людскія жаданні і амбіцыі, і як накіроўваць у патрэбнае рэчышча грамадскае меркаванне. Усе рускія марксісты запоем чытаюць сачыненні Парвуса. Нават болей, Ленін просіць маці прыслаць яму ў сібірскую ссылку ўсе артыкулы Парвуса. Гэта ўжо быў статус, бо далёка не ўсіх прывячаў Ільіч. Дарэчы, кніжку Парвуса “Сусветны рынак і сельскагаспадарчы крызіс”, напісаную ў 1897 годзе, Ленін настойліва рэкамендаваў усім, хто захапляецца падобнай тэматыкай.
Аматар прыгод і выкшталцоных авантур Парвус разам з сябруком у 1899 годзе па падробленым пашпарце пакалясіў па абшарах Расійскай імперыі, і ў выніку напісаў цікавую кніжку “Галадаючая Расія”. На Нямеччыне кніга адразу стала бестселлерам.
Парвуса прыкмецілі як амбітнага журналіста і спачатку запрасілі на пасаду рэдактара Leipziger Volkszeitung (“Ляйпцыгскай народнай газеты”), а потым Sachsische Arbeiterzeitung (“Саксонскай рабочай газеты”) у Дрэздэне.
Гельфанд быў дасведчаным эканамістам. Пад ягоным началам марксісцкая газета ўпершыню ў гісторыі зрабілася прыбытковай.
Вядомасць і аўтарытэт Парвуса раслі штодня.
Хто нарадзіўся і вучыўся да развалу Саюза, памятае са школьнай праграмы, што Ленін выдаваў газету “Іскра”, дэвіз якой быў “З іскры разгарыцца полымя”. Дык вось, шаноўныя, першыя нумары “Іскры” друкаваліся на кватэры Парвуса ў прыгарадзе Мюнхена. Самымі бліскучымі аўтарамі газеты былі амбітныя журналісты Парвус і Троцкі. Нават Ленін, які называў сябе літаратарам, саступаў ім месца на першай паласе. Дарэчы, мюнхенская кватэра Парвуса стала месцам сустрэч рэвалюцыянераў. Менавіта тут Парвус моцна пасябраваў з Троцкім і падсунуў яму ідэю так званай “перманентнай рэвалюцыі”.
***
У 1905 годзе ў Расіі адбылася рэвалюцыя. Парвус і Троцкі выехалі ў Расію нават раней за Леніна. Калі Троцкі стаў фактычна кіраўніком Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, то Парвус заняўся выключна ідэалогіяй. Парвус паспяхова арганізаваў і ўзяў пад кантроль тое, што зараз завуць “інфармацыйнай вайной”. Упершыню ў гісторыі гэта адбывалася ў вельмі вялікіх маштабах. Трапіўшая пад кантроль Парвуса ліберальная “Руская газета” пачала выдавацца накладам 500 тысяч экзэмпляраў. Друкарні не хапала магутнасцяў. Газету не паспявалі друкаваць.
Як падобнае магло надарыцца ў краіне з вялікай арміяй, моцнай сакрэтнай службай (царскай ахранкай), дзе народ кіраваўся ідэалагічным прынцыпам “Бог, цар і Айчына”? Адзін наклад “Рускай газеты” сведчыць пра негатыўны ўплыў эпохі цара Мікалая II для расійскай імперыі. Гэта вынік бязладдзя, глыбокай карупцыі і слабай улады ў тагачаснай імперыі.
На ўздыме рэвалюцыі Парвус заклікаў да эканамічнага байкоту ўрада: “Не плаціць у казну выкупных і ўсякіх другіх плацяжоў. Патрабаваць, каб пры ўсіх здзелках, пры выплаце… жалавання плацілі б золатам, срэбнымі рублямі. Забіраць грошы з дзяржаўнага банка, патрабуючы ўсю суму золатам”.
***
Але ж, першая рэвалюцыя пацярпела крах, і прыгоды Парвуса пацягнуліся далей, жыццё мацней завіравала і заблішчэла ўсімі фарбамі – наш зямляк апынуўся за кратамі ў “Крестах”. Пасля разгляду судовай справы, жвавага дзеяча прыгаварылі да трох гадоў ссылкі. Ехаць на край свету – ў Туруханск. Але ж для Парвуса справа гонару не даехаць да месца адбывання пакарання. Падробны пашпарт, яўкі і грошы былі прадбачліва загатоўлены загаддзя. У Енісейску Парвус налівае выпіць сваім канвойным, частуе гарэліцай ад душы. І калі канваіры у покат спяць, арыштант бяжыць, паяўляецца спачатку ў Італіі, затым ў Германіі і на радзіме болей ніколі не паказваецца.
У той жа час адбываецца некалькі сварак, якія вельмі падмочваюць рэпутацыю Парвуса, ён кідае без сродкаў дваіх жонак з дзецьмі і падкідвае непрыемны сюрпрыз пралетарскаму пісьменніку Максіму Горкаму.
Увогуле, Таўстун Парвус вельмі любіў жанчын. Багацей-“мільёншчык” валокся ледзь не за кожнай спадніцай. У асяродзі сацыял-дэмакратаў падобныя паводзіны лічыліся заганнымі. Тагачасныя сацыял-дэмакраты мелі пурытанскія норавы, іх калега Парвус вельмі адрозніваўся і вылучаўся з шэрагу марксістаў. Праўда, Троцкі меў двух жонак, і асобныя іншыя лідары мелі каханак-палюбоўніц, але гэта шчыльна прыхоўвалася і не выстаўлялася на паказ. А вось наш зямляк Парвус зусім не хаваўся ў плане адносін з жанчынамі, што вельмі адбілася на рэпутацыі – у сацдэмаўскіх колах лічылася маветонам прымаць дапамогу ад Парвуса.
Слынны сын зямлі бярэзінскай жыў на шырокую нагу, адкрыта жаніўся і разводзіўся, з’яўляўся на людзях з палюбоўніцамі. Меў чатырох афіцыйных жонак.
Пісьменнік Максім Горкі, убачыўшы адну з Парвусавых жанчын, назваў яе “сапраўды дарагой”. Дарэчы, з Горкім у Павуса склаліся захапляльныя адносіны. Гісторыя захавала цікавыя звесткі.
Аднойчы Парвус займаўся прасоўваннем (можна сказаць рэкламай) твораў Максіма Горкага ў нямецкія тэатры. Толькі ў адным Берліне п’есу “На дне” паказалі пяцьсот разоў. Ганарараў назбіралася неймаверная колькасць. Па дамоўленасці частка гэтых грошай прызначалася аўтару, частка – расійскай сацыял-дэмакратыі, а частка ішла на ўплату паслуг самаго Парвуса. Аднак, па словах Горкага, ніхто акрамя Парвуса гэтых грошай не бачыў. На казытлівыя пытанні Ізраіль Лейзаравіч сціпла мовіў, — патраціў на падарожжа па Еўропе з прыгожай жанчынай.
Ёсць інфармацыя, што пазней ён усё ж разлічыўся з Горкім.
Так ці не, але пасля гісторыі з тэатрамі Парвуса выключылі з партыі. Ці гараваў Парвус з той нагоды? Здаецца, як таленавітаму чалавеку ведаўшаму сабе кошт, Парвусу было напляваць на партыю. Нагадаем, з самай маладосці Парвус паставіў сабе дзве мэты: скінуць цара і зрабіцца асабіста багатым. Гэта было жыццёвым крэдам, арыентырам, ён гэтым жыў, натхняўся і будаваў планы. Партыя ж была здаецца проста інструментам у рэалізацыі задумак.
Аднак, на той момант Германія пачала выдаваць Расіі беглых рэвалюцыянераў. Многім партыйцам, аматарам любіць радзіму за мяжой, давялося шукаць паратунку.
***
У 1908 годзе ў Турцыі адбылася рэвалюцыя, і Парвус выехаў туды, быў рэдактарам газеты младатуркаў, адточваў майстэрства ўплыву на масы. У час Балканскіх войнаў стаў фінансавым дарадцам урада, прадстаўніком канцэрнаў Крупа і Вікерса ў Асманскай імперыі, пастаўшчыком збожжа і прадстаўніком буйнога гандляра зброяй Базіля Захарава. Тым і разбагацеў – здзейснілася адна з запаветных мараў. У 1910 годзе Гельфанда ведаюць у Канстанцінопалі ў якасці паспяховага прадпрымальніка.
Парвус адкрыта фармуляваў, што на рэвалюцыю патрэбны грошы і не малыя. Зорны час дзеяча настаў з пачаткам Першай сусветнай вайны. Парвус выступае за перамогу Германіі, на яго меркаванне гэта перамога павінна прывесці спачатку да рэвалюцыі ў Расіі, затым да сусветнай рэвалюцыі. Ён абгрунтаваў неабходнасць саюза Нямеччыны з расійскімі рэвалюцыянерамі, запэўніў нямецкі ўрад, што нават у выпадку нямецкай перамогі Расія будзе ўяўляць небяспеку, калі не распадзецца. Таму выступаў за вызваленне Фінляндыі, Украіны ды іншых частак імперыі. Нямецкі ўрад яму паверыў! Нягледзячы на страту былых сувязей з сацыялістамі, якія называюць Парвуса “сутэнёрам імперыялізма”, ён атрымлівае для пачатку ад германскага міністэрства замежных спраў адзін мільён марак і адразу бляфуе, абяцае назначае дату расійскай рэвалюцыі на гадавіну “крывавай нядзелі” 22 студзеня 1916 года. У Германіі западозрылі, што Парвус паклаў гэтыя грошы на асабісты рахунак у банк. Але пасля перамогі “Февральской” рэвалюцыі ў Расіі Парвус атрымаў яшчэ пяць мільёнаў марак для перавозу Леніна, як правадыра адзінай антываеннай партыі, у ахопленую рэвалюцыяй Расію.
Менавіта Парвус прапанаваў ідэю прывезці Леніна і Зіноўева ў Расію рабіць рэвалюцыю ў славутым апламбаваным вагоне праз Германію. На тэрыторыях Францыі і Англіі згаданых асоб чакаў арышт.
Дарэчы, ёсць версія, што Ленін хацеў арганізаваць пераварот у маленькай краіне накшталт Аўстрыі, бо не верыў у магчымасць рэвалюцыі ў Расіі. І вось менавіта наш суайчыннік угаворамі і лагічнымі раскладамі пераканаў Ільіча арганізаваць паўстанне ў Расійскай імперыі. І Ленін згадзіўся. Парвус разумеў, рэвалюцыя адкрые доступ да шматколькасных залатых запасаў і іншага багацця, накопленага за тысячу гадоў існавання дзяржавы. І меў рацыю… Праўда, потым падзеі пакрыліся тайнай. Даследчык Ігар Буніч мяркуе, што рускае золата пераправілі ў ЗША, і менавіта яно дапамагло выжыць амерыканцам пад час “вялікай дэпрэсіі” – фінансавага крызісу 20-х. Так ці не, гэта толькі версія, але пасля сваёй перамогі бальшавікі шмат канфіскавалі-экпрапрыіравалі золата ў насельніцтва, і шмат чаго набывалі за мяжой за золата.
***
У Капенгагене Парвус заснаваў экспартна-імпартную гандлёвую кантору. Частка прыбыткаў ішла на справу рэвалюцыі. Самае цікавае, кантора пераводзіла грошы на пэўны рахунак у Піцеры, да якога мелі доступ і бальшавікі. Пасрэднікам паміж Парвусам і бальшавікамі выступаў Якаў Ганецкі (Фюрстэнберг), асабісты сябра Леніна.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Парвуса атрымалася здзейсніць фантастычны план і артымаць ад нямецкага ўрада з паўсотні мільёнаў марак для “ідэалагічнай апрацоўкі расійскага насельніцтва ў прагерманскім рэчышчы”. У лістападзе 1918 года адбылася рэвалюцыя ў Германіі, Парвус уцёк у Швейцарыю, дзе на ягоным рахунку захоўвалася больш за два мільёны франкаў (падобных рахункаў у яго мелася амаль у кожнай краіне Еўропы). Пасля вярнуўся ў Германію, дзе бязбедна жыў на віле пад Берлінам. Займаўся журналістыкай.
Што не адняць, Парвус быў бліскучым палітычным аналітыкам. У 1895 годзе прадказаў непазбежнасць расійска-японскай вайны. Калі ж вайна пачалася, быў упэўнены, што следам здарыцца сусветная вайна, а за ёй рэвалюцыя ў Расіі. Пасля запэўніваў, што адбудзецца рэвалюцыя ў Германіі.
У 1921-м Парвус казаў: калі краіны Антанты разбураць Нямеччыну, яны ператвораць немцаў у арганізатараў Другой сусветнай вайны.
Здзейснілася і першае, і другое, і трэцяе.
Памёр 17 снежня 1924 года – у адзін год з Леніным.
***
Такі вось цікавы чалавек нарадзіўся ў Беразіно. Легендарная асоба. Сярод краязнаўцаў чуў аднойчы, што дом яўрэяў Гельфандаў знаходзіўся насупраць кінатэатра, на месцы, што побач з кафэ “Маладзёжнае”, вядомае даўней пад назвай “Бураціна”. Так гэта ці не, мабыць ужо не праверыць.
Аднак пра самаго Ізраіля Гельфанда, або Аляксандра Парвуса, можна знайсці ва ўспамінах яго сучаснікаў Максіма Горкага, Георгія Саламона і іншых. Пішуць пра яго даследчыкі Эдвард Радзінскі, Ігар Буніч, Аляксандр Бушкоў і іншыя.
У Расіі пра Парвуса ў 2017 годзе нават з’явіўся серыял “Дэман рэвалюцыі”.
Асоба, вартая цэлай дакументальна-прыгодніцкай кнігі. Асоба, якая з большага засталася ў цяню гісторыі.
P.S. Асабіста мяне заўсёды турбавала пытанне сувязі прычын і наступстваў. Вось не згары дом у Гельфандаў, не патрапі маленькі Ізя ў яўрэйскі пагром, якім бы шляхам пайшла нашая гісторыя? Пытанні метафізікі… Аднак, што здарылася, тое здарылася.
Падрыхтаваў паводле інфармацыі з вольных крыніц Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.