Аднак капрызная восень ніяк не паўплывала на ход другіх па ліку Усебеларускіх турыстычных гульняў, якія былі наладжаны
на базе турыстычнага цэнтра “Юнацтва”, што ў вёсцы Жорнаўка. Сюды з розных куточкаў Беларусі прыехалі 220 сапраўдных турыстаў, каб у чарговы раз праверыць сябе на спартыўную вартасць. А што такім рашучым і падрыхтаваным холад і дождж?
Што ў праграме?
Згодна з палажэннем, праграма засталася ранейшай. Тут, як і заўсёды, спаборніцтвы па тэхніцы веласіпеднага, воднага
і пешаходнага турызму, турыстычная эстафета і жумарынг.
Які склад удзельнікаў?
Сёлета да ўдзелу ў спаборніцтвах свае заяўкі падалі тры групы ўдзельнікаў. У першую ўвайшлі каманды абласцей і горада Мінска, у другую – каманды раёнаў і гарадоў, а ў трэцюю – каманды спартыўных, турыстычных клубаў і арганізацый.
Трэба зазначыць, што частка каманд не першы раз бярэ ўдзел ва Усебеларускіх турыстычных гульнях, бо па душы ім аказалася жорнаўская зямля з яе мясцовым каларытам, гушчаром лясоў, хуткаплыннай ракой Бярэзінай і ўнікальнай для спаборніцтваў зонай турыстычнага цэнтра. Тут месца ўдосталь хапіла, каб разбіць на цырымоніі адкрыцця палатачны лагер, распаліць касцёр, засмажыць шашлыкі і прыгатаваць юшку.
Што было на цырымоніі адкрыцця гульняў?
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Усебеларускіх турыстычных гульняў прысутнічалі старшыня Міжнароднай федэрацыі спартыўнага турызму Мікалай Дубовік, экс-прэзідэнт Рэспубліканскага турыстычна – спартыўнага саюза Валянціна Максіменка і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Алеся Цітова. На правах гаспадароў мерапрыемства яна вітала ўсіх спартсменаў.
Дарэчы, Алеся Цітова была адзначана Дыпломам Міжнароднай федэрацыі турызму за папулярызацыю гэтага віду спорту. Падзякі яшчэ атрымалі на цырымоніі закрыцця гульняў, як суддзя – Антаніна Звоннікава, як арганізатар –Дзмітрый Ванькевіч, якія працуюць у турыстычным цэнтры “Юнацтва”.
На цырымоніі адкрыцця быў агучаны склад судзейскай каманды. У яе ўвайшлі старшыня і яго намеснік Рэспубліканскага турыстычна-спартыўнага саюза Валерый Ермаловіч і Галіна Вашкевіч.
Як праходзілі спаборніцтвы?
Праграма спаборніцтваў была разлічана на тры дні. У яе ўвайшлі не толькі спартыўныя мерапрыемствы, але і канцэртныя выступленні. Зразумела, што ўся увага была накіравана на спаборніцтвы. Так, на лузе спаборнічалі майстры фігурнага ваджэння веласіпеда. Улічваліся не толькі хуткасць і правільнасць выканання задання, але і належная спартыўная экіпіроўка.
Аднак нават яна не вельмі выратоўвала ад пранізлівага холаду і ветру ў час спаборніцтваў па водным турызме. Тут вецер літаральна сарваў палатку суддзяў і ўправіцца з байдаркай аказалася не так проста. Ды і не менш цяжка было ў час мерапрыемстваў па пешаходным турызме і турыстычнай эстафеце. Тут стаяў сапраўдны спартыўны запал і не было чуваць ніводнай скаргі на надвор’е.
Хто быў у складзе бярэзінскай каманды?
Бярэзінская турыстычная каманда клуба спартыўнага арыентавання “Беразіно” – нязменны ўдзельнік Усебеларускіх турыстычных гульняў. Сёлета ў яе склад увайшлі Уладзіслаў Комар, Ірына Зябко, Міхаіл Сынкоў, Кацярына Філіповіч, Арцём Лаўрыновіч, Андрэй Вальковіч, Вадзім Брэль, Дар’я Крэер, Ілья Крушны, Ціхан Касцяневіч, Ілья Савіч, Аляксей Кушнер, Аляксандра Стаселька.
Як бачым, у складзе турыстаў педагогі, студэнты, школьнікі і ёсць нават свой выратавальнік. Усе яны члены клуба спартыўнага арыентавання “Беразіно”. Так, не пазычаць спартыўнага вопыту Ірыне Зябко і Міхаілу Сынкову, якія ўжо шмат гадоў у вольны час займаюцца бегам. Гэтым заўзятым аматарам спорту падрастае дастойная змена. Вырашыў выступіць на спаборніцтвах студэнт першага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Ілья Крушны.
– Я ў будучым магчыма буду трэнерам па спартыўным арыентаванні, – гаворыць юнак. – Таму самы час на сваёй скуры адчуць, што такое сапраўдны спартыўны турызм!
Асабліва вылучаецца Аляксей Кушнер. Ён – выратавальнік, але даўно надзейна сябруе са спортам.
– Сёння я і спрынтар, і футбаліст, – гаворыць малады мужчына. – Пасля абеду ў мяне яшчэ футбольны матч на гарадскім стадыёне. Ды тут я не адзін, а са сваёй дзяўчынай. Яна ў мяне таксама прыхільніца актыўнага ладу жыцця.
На лузе да спаборніцтваў па фігурным ваджэнні веласіпеда рыхтавалася Дар’я Крэер.
– Гэта маё прозвішча па мужу, а ў дзявоцтве я – Ванькевіч, – смяецца маладая жанчына, – а ў нас амаль уся сям’я – сапраўдныя турысты. Я і мая старэйшая сястра з маленства займаемся спартыўным арыентаваннем і яшчэ ніводных спаборніцтваў не прапусцілі. Вось я вучуся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, працую картографам, яшчэ я маладая матуля, а ў вольны час гуляю ў настольны тэніс. Ды і на гэтыя спаборніцтвы выбралася з вялікай ахвотай.
А што ў выніку?
У выніку наша каманда заняла ў спаборніцтвах другое агульнакаманднае месца. Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца, бо бярэзінскія аматары турызму былі ў прызёрах на спаборніцтвах па тэхніцы веласіпеднага, воднага і пешага турызму, фінішавалі другімі ў турыстычнай эстафеце.
– Усё гэта лішні раз даказвае, што сапраўдным аматарам спорту непагадзь не перашкода, – гаварыў дырэктар турыстычнага цэнтра “Юнацтва” Дзмітрый Ванькевіч. – Таму не лянуйцеся і займайцеся фізічнай культурай і спортам. Тады і здароўе ўмацуеце, а настрой і планы ніякае халоднае надвор’е не сапсуе!
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.