Не бацькі, а абавязаныя асобы

Date 07.12.2021 Man
Comment 874

Шчыра прызнаюся: мне заўсёды бывае крыўдна, балюча, падступаюць слёзы, калі бываю ў Бярэзінскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры. Сёння тут знаходзяцца 6 дзетак, якім у адпаведнасці з Дэкрэтам № 18 патрабуецца дзяржаўная абарона, і яны былі часова змешчаны ў прытулак.

Бацькі, на жаль, не клапаціліся належна аб іх дабрабыце, забыліся, што яны, любячыя тата і матуля. Гэта трое дзетак з вёскі Уша, двое – з Арэшкавіч, адна дзяўчынка – з Беразіно.

У адносінах да траіх дзетак ужо прынята рашэнне аб пазбаўленні іх «любячай матулі» бацькоўскіх правоў… І калі дзяўчынак выпішуць з бальніцы, яны адправяцца не дамоў, а ў дзіцячую вёску «Исток», што ў Бараўлянах… Бацькам быў дадзены шанец і час ўсё паправіць, 6 месяцаў, але яны не скарысталіся ім… І пра дабрабыт іх дзяцей будзе клапаціцца дзяржава. У астатніх бацькоў яшчэ ёсць шанец вярнуць дзетак!

Падарунак ад Дзядулі Мароза – вяртанне да бацькоў

– Тата і матуля, мы вас памятаем, чакаем, любім, забярыце нас хутчэй дамоў, – гавораць брацік і сястрычка Данііл і Сафія з надзеяй у вачах… – Мы так хочам дадому! Тут мы з 16 верасня… Тут пра нас клапоцяцца, але без вас нам так сумна. І на Новы год у Дзядулі Мароза мы папросім, каб ён паспрыяў, і мы вярнуліся да вас.

Нагортваюцца слёзы і згадваецца вядомая песенка пра маманцянятка: – “Пусть мама услышит, пусть мама придет… Ведь так не бывает на свете, чтоб были потеряны дети…”

І так балюча, крыўдна становіцца ад таго, што дзяцей, сапраўды, неабходна абараняць ад “любячых” татаў і матуль. Няўжо ёсць у бацькоў штосьці даражэйшае за ўсмешку, шчаслівыя вочы іх дзетак?! Так, зараз гэтыя дзеткі ўсміхаюцца, гуляюць, бегаюць, скачуць, але іх вочы поўняцца надзеяй, надзеяй, што хутка яны будуць жыць разам з любімымі татамі і матулямі.

На ўсё пра ўсё ў бацькоў 6 месяцаў! Яны павінны прыкласці максімум намаганняў, каб ім вярнулі дзяцей.

– Усе суб’екты прафілактыкі гатовы дапамагчы бацькам справіцца з іх праблемамі. Зараз толькі ад саміх іх залежыць, ці вернуцца іх “крывіначкі” дамоў, – заўважае сацыяльны педагог цэнтра Таццяна Несцяровіч.

Бачна, што дзеткі, сапраўды, сумуюць па бацьках. Нават у мяне пыталіся, калі тыя вернуцца. І на пытанне, ці любяць яны тату і маму, дружна адказалі:

– Вельмі любім і сумуем!

У мяне адно пытанне ўзнікае: як бацькі дапусцілі да таго, што іх дзеці засталіся без іх?!

– Прычына, па якой гэтыя дзеткі былі змешчаны да нас, – негатоўнасць дома да ацяпляльнага сезона, – дадае Таццяна Уладзіміраўна. – Вы б бачылі: печкі разбураны, дома – халадзіна! Вось як у такіх умовах маглі б перазімаваць трое дзетак?!

Не матуля – а абавязаная асоба!

Аналізуючы розныя выпадкі, якія разглядаюць на камісіі па справах непаўналетніх, прыходзіш да высновы, што адабранне дзіцяці чымсьці страшным бацькі не лічаць. Дакладней, разлічваюць, што пабудзе яно ў прытулку і вернецца. А як жа іначай, яны ж так любяць сваіх крывіначак, не могуць жыць без іх. Проста “крыху” выпілі, пабуянілі, схадзілі “налева”… І нават статус абавязанай асобы ім не страшны, хаця сума грошай за ўтрыманне дзіцяці ў дзяржаўнай установе даволі вялікая, і яе патрэбна будзе выплаціць, калі дзіця не вернецца ў біялагічную сям’ю.

І вось такія гора-бацькі – абавязаныя асобы, яшчэ ўмудраюцца здзяйсняць прагулы, не жадаюць працаваць і нават не думаюць, здаецца, пра сваіх дзетак…

З 50 абавязаных асоб 1 знаходзіцца ў вышуку, 4 – у лячэбна-працоўных прафілакторыях, 6 – у месцах пазбаўлення волі, 2 – у сацыяльным водпуску па догляду дзяцей да дасягнення імі ўзросту 3-х гадоў, 37 – працуюць на прадпрыемствах сельскай гаспадаркі і на прамысловасці.

У адзін з дзён на “пошукі” абавязаных асоб мы і накіроўваемся з членамі рэйдавай групы – намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Святланай Бондар, дырэктарам сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святланай Дражнік і педагогам цэнтра Таццянай Несцяровіч.

Чаму не працуеце?

Якраз нам насустрач крочыць адна з абавязаных асоб. Бачна, што заўважыла членаў рэйдавай групы. Паскорыла крок, нацягнула капюшон на твар, быццам нас не заўважае.

Вітаем яе і пытаемся, чаму не на працы?

– Ой, ды я ж вас не заўважыла, – з упэўненасцю кажа жанчына. – Іду з бальніцы, прыхварэла! Прагулы? Не, я не здзяйсняю іх. Належна працую. Вось сёння толькі ў бальніцу пайшла…

Як аказалася, жанчына ўзяла чарговае накіраванне на лячэнне ад алкагольнай залежнасці ў медыцынскі цэнтр. А літараль-на днямі прыехала ў цэнтр у стане алкагольнага ап’янення.

Таму ў шпіталізацыі было адказана. Спадзяёмся, што чарговая спроба прайсці лячэнне будзе ўдалай.

І я на бальнічным!

Крочым далей – на другі адрас. А нам насустрач яшчэ адна абавязаная асоба.

– Ой, ды я ж на бальнічным, таму не працую пакуль, – заяўляе жанчына.

Значыць, па вуліцы хадзіць у яе хапае сілы, а вось працаваць, каб ішлі адлічэнні на ўтрыманне дзетак, – не, яна хворая…

Аказваецца, у хуткім часе жанчына, увогуле, паедзе на лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

Я памятаю гэтую жанчыну з пасяджэнняў камісіі па справах непаўналетніх. Памятаю, як яна плакала, абяцала выправіцца, завязаць з асацыяльным ладам жыцця… Ды так усё і засталося на ўзроўні абяццаняў…

– А ці гутарыце вы з дзецьмі?

– Сувязь падтрымліваем, старэйшая – вучыцца ўжо, таму ў яе няма часу прыязджаць да мяне, малодшыя – у прыёмнай сям’і. Сазваньваемся.

– А ці хацелі б, каб дзеці зноў былі з вамі? – пытаюся я.

– Хацелі! – адказвае жанчына.

– А што для гэтага робіце?

У адказ цішыня…

Па стане на 1 кастрычніка на тэрыторыі Бярэзінскага раёна зарэгістравана 80 абавязаных асоб. Працэнт кампенсацыі па аддзеле прымусовага выканання — 72,8%. Абавязаны кампенсаваць выдаткі на карысць упраўлення па адукацыі, спорце і турызме 50 абавязаных асоб.

Зачыненыя дзверы

Хацелі пагутарыць і з яшчэ адной маці. Яе дачка зараз у прытулку. Жанчына кожны раз абяцае выправіцца, змяніцца, адумацца… Маленькая дачушка ёй верыць і чакае…

Падчас рэйду ў адной з кватэр дзверы нам ніхто не адчыніў, але нас «сустрэла смецце». Маці, напэўна, і не думае вяртаць дачушку, якая зараз у прытулку

Жанчыну мы не засталі дома. Але каля кватэры нас чакалі “авгиевы конюшни”…

– Ды і ў кватэры, хутчэй за ўсё, абстаноўка не парадуе! Жанчына дзесьці падпрацоўвае ў Мінску. Дачушка – у прытулку. Ці выправіць жанчына сітуацыю? Пакуль складана сказаць. Але мы заўсёды верым ў лепшае, – заўважаюць члены рэйдавай групы.

Сям’я Сянько

Завіталі яшчэ да адной шматдзетай сям’і – сям’і Сянько з Беразіно. Мы пра яе неаднаразова ўжо пісалі. Тут выхоўваюцца чацвёра хлопчыкаў – Мікіта, Максім, Ягор і Арцём. Тата клапоціцца пра дзетак, робіць усё магчымае, каб тыя не мелі ні ў чым патрэбы. А маці?

– Здараецца ўсякае: іншы раз і любіць “загуляць”, – заўважаюць члены рэйдавай групы.

Зараз сям’я, дзякуючы падтрымцы дзяржавы, атрымала ўтульную кватэру.

– Сам з сынамі рабіў тут рамонт, – заўважае гаспадар Аляксандр. – Імкнёмся, каб было ўтульна. Пераехалі месяц таму. Зараз збіраем мэблю. Старэйшыя – ходзяць у школу. Малодшы – у садок.

“Чакай мяне” па-бярэзінску

– Я ўдзячны камісіі па справах непаўналетніх за клопат, за тое, што дапамаглі мне зберагчы маіх сыночкаў. А яшчэ – знайсці сям’ю, – заўважае Аляксандр. – Як? Гэта мой другі шлюб. У маладосці быў жанаты, там таксама ёсць дзеці. Але неяк так развёў нас лёс. І я нават не ведаў, дзе яны зараз. А Святлана Іванаўна знайшла маіх родных. Яны зараз пражываюць за мяжой. І нават агранізавала тэлефонны званок па відэасувязі.

– Плакалі ўсе, – дадае Святлана Іванаўна. – Яны ж не бачыліся гадоў 20! Вось такое жыццё складанае. Атрымалася такое свайго роду “Чакай мяне”.

– Будзем зараз сазваньвацца! Магчыма, яны нават прыедуць да нас.

Калі ж гора-бацькі адумаюцца?

Бясспрэчна, ніхто не застрахаваны ад памылак. Ды вось, памылкі бываюць розныя. Балюча, калі ў выніку іх пакутуюць дзеці. Пазней, магчыма, бацькі ўсё ж адумаюцца, усвядомяць, што нарабілі сваёй абыякавасцю. Толькі паправіць штосьці можа быць позна. А члены камісіі па справах непаўналетніх і суб’екты прафілактыкі заўсёды імкнуцца падтрымаць бацькоў, даць ім яшчэ адзін шанец. На жаль, карыстаюцца ім нямногія. І гісторый са шчаслівым канцом, калі гора-бацькі адумваюцца, вельмі мала. Крыўдна.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара і Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31