Фотахроніка мінуўшчыны

Date 18.03.2022 Man
Comment 712
Фотахроніка мінуўшчыны

Старыя фотаздымкі краявідаў, жыцця Бярэзіншчыны, падзей, што адбываліся ў нашым куточку малой радзімы, - нібы жывыя сведкі або кадры кінахронікі, якія без прыкрас адлюстроўваюць наша мінулае жыццё, даюць магчымасць вярнуцца ў мінуўшчыну на добрых паўвека, а то і стагоддзе, ўвачавідкі ўбачыць “дзіўныя вобразы мілага краю”.

 

Захавалася такіх кадраў няшмат. І кожны з іх па-свойму ўнікальны, непаўторны і дорыць шмат настальгічных пачуццяў.

Сёння падборкай прыведзеных ніжэй фотаздымкаў мы адкрываем наш чарговы, прысвечаны Году народнай памяці, праект “Бацькаўшчына”, у рамках якога будзем прыадчыняць своеасаблівыя фотавокны ў мінулае, узнаўляючы перажытае і часткова, з цягам часу, прызабытае. Будзем вельмі ўдзячны нашым чытачам, падпісчыкам, усім неабыякавым да гісторыі Бярэзіншчыны людзям, калі хтосьці зможа прапанаваць рэдакцыі цікавыя фотаздымкі мінулага з невялічкім расказам пра адлюстраваныя на іх падзеі, мясціны або асоб. Перакананы, што сямейныя альбомы багатыя на такія рарытэтныя здымкі. Няхай стануць яны даступнымі для ўсіх і дапамогуць яшчэ раз дакрануцца да нашых каранёў.

Фотападарожжы ў мінулае мы рабілі ўжо раней. Да прыкладу, летась 11 жніўня ў “Бярэзінскай панараме” змяшчаўся матэрыял “Гісторыю аднаўляюць фотаздымкі”, на якіх адлюстравана Бярэзіншчына канца XIX – пачатку XX стагоддзяў. Адзін з фотаздымкаў, адшуканы ў кнізе В. Цітова “Этнаграфічная спадчына. Беларусь. Краіна і людзі”, дэманстраваў браму пры ўездзе ў вёску Міластава. Сёння мы вяртаемся да гэтай тэмы і працягваем расказ пра брамы, якія ўстанаўліваліся пры ўездзе не толькі ў той ці іншы населены пункт, а і на асобны (зразумела, далёка не кожны) падворак.

Як бачым на здымку, падобная брама існавала і перад будынкам графа Патоцкага. Наколькі шыкоўнай ці просценькай была яна, невядома. На адлюстраванні відаць толькі яе рэшткі, якія існавалі яшчэ ў сярэдзіне 50-х гадоў, калі ў будынку працавала школа.
Традыцыя ўстаноўкі брамы перадалася ад старога, яшчэ існаваўшага за царом, пакалення прадстаўнікам новага парадку. Яны таксама былі аматарамі падобных упрыгожванняў, якія служылі адначасова і мяжой, з якой пачыналася тэрыторыя таго ці іншага падворка. У дадзеным выпадку брама выступае як урачысты ўваход на тэрыторыю гарадскога стадыёна.

Ладзіліся на ім далёка не толькі спартыўныя баталіі, але і грамадска-палітычныя мерапрыемствы. З-за адсутнасці ў Беразіно плошчаў, дастатковых для масавага збору гараджан, менавіта тут праводзіліся святы, дэманстрацыі, урачыстыя мітынгі. Адно з такіх мерапрыемстваў вы можаце пабачыць на чарговым здымку.

Вось такія яны, нашы старонкі мінулага. Іх шмат – цікавых, прызабытых, непрачытаных. Давайце ж гартаць іх разам!

Так выглядаў некалі ўваход на гарадскі стадыён...  

А так - урачыстыя мерапрыемствы, што ладзіліся на ім

Брама пры ўваходзе да будынка графа Патоцкага 

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фотаздымкі з архіваў Тамары КРУТАЛЕВІЧ і Ігара ЖУКОЎСКАГА.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31