У кожнага прадстаўніка меўся спіс прафесій, спецыялістаў у якіх адчуваецца недахоп: ад каменшчыка да інжынера па будаўніцтву.
Сёння ў пошуку працы сюды звярнулася 9 чалавек.
Наведвальнікі
- Шукаю работу хоць прыбіральшчыцай, - кажа адна жанчына, якая была першай, хто завітаў на “кірмаш”. – Хаця магу і жывёлу даглядаць, і іншыя прафесіі маюцца. Сама жыву ў сельскай мясцовасці, але хачу перабрацца ў горад.
Жанчына пакінула свае кантакты, і ў сектары занятасці паабяцалі з ёй тэрмінова звязацца, бо патрэбы ў прыбіральшчыцах пакуль няма, аднак “усякае бывае”.
- А я хачу дапамагчы ўладкавацца мужу, - кажа другая жанчына. – Прыйшла з азнаямляльнымі мэтамі, паслухаць-паглядзець, што прапаноўваюць…
Прысутныя з паразуменнем усміхаюцца і расказваюць, спецыялісты ў якіх галінах ім неабходны, у сваю чаргу цікавяцца, што ўмее рабіць муж.
- Прыехаў з Таджыкістана, маю від на жыхарства ў Беларусі. Таксама атрымаў вышэйшую адукацыю, я інжынер-эканаміст. Хачу працаваць па спецыяльнасці, - расказвае мужчына.
Прысутныя ветліва тлумачаць наведніку, што інжынерам-эканамістам ён адразу не ўладкуецца. Гэта не чыясьці прыхаць, і не “нацыянальная нецярпімасць”, як можна адразу падумаць. Справа ў тым, што заканадаўствы Беларусі і Таджыкістана адрозніваюцца, і па той прычыне, веды, набытыя ў Таджыкістане ў плане прафесійнай дзейнасці, не могуць быць прымененыя на беларускай прасторы. Іншымі словамі, трэба наноў вучыцца па гэтай спецыяльнасці. Мужчыне прапанавалі паспрабаваць сябе спачатку ў будаўнічых спецыяльнасцях на працоўных вакансіях, пачаць з менш кваліфікаванага статусу. Аднак наведнік упарта стаяў на сваім. Прысутныя запісалі кантакты гэтага чалавека і паабяцалі пры выпадку звязацца і прапанаваць што-небудзь іншае.
Наступная жанчына аказалася выкладчыцай мовы і літаратуры, і дадаткова атрымала юрыдычную адукацыю. Таксама мела цвёрдыя намеры працаваць па спецыяльнасці. Не гледзячы на тое, што не за гарамі заканчэнне вучэбнага года, жанчыне паабяцалі вырашыць пытанне з уладкаваннем у адну з устаноў адукацыі Бярэзіншчыны.
Такім чынам, кожны з сённяшніх візіцёраў, наведвальнікаў “кірмаша”, не застаўся без увагі, атрымаў прапановы па працаўладкаванню і кансультацыі.
Было б жаданне
Спіс актуальных вакансій доўгі, заробкі прапануюцца розныя. А што рабіць, калі няма попыту менавіта на тую спецыяльнасць, на якую вучыўся? Выхад адзін – перавучвацца.
- Мы цесна супрацоўнічаем з “Цэнтрам падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бярэзінскага райвыканкама”, куды і перадаем накіраванні на вучобу, перападрыхтоўку беспрацоўных. Таксама накіроўваем беспрацоўных на курсы цырульніка, майстра па манікюры, повара, бухгалтара ў Мінск. Навучанне бясплатнае, людзі нават атрымліваюць стыпендыю. Калі ж адпраўляем на курсы ў Мінск, то прадастаўляем і месца ў інтэрнаце, - расказвае загадчык сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Святлана Сайкоўская. – Да нас прыходзяць на “кірмаш” бывае і больш 10 чалавек за раз. Па статыстыцы, многія, хто звяртаецца, затым працаўладкоўваюцца і задаволены, што знайшлі работу са стабільным заробкам. Такая форма кантакту з беспрацоўнымі дае свой плён. Ад чалавека патрабуецца толькі адно – жаданне працаваць.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.