27 сакавіка - важная дата на календары служак Мельпамены. У гэты дзень вось ужо 60 гадоў святкуецца Міжнародны дзень тэатра. Штогод з гэтай нагоды тэатральныя калектывы наладжваюць для гледачоў прэм’еры новых спектакляў. Такая традыцыя даўно жыве і ў нашым раёне.
Аднак сёлета народны тэатр пад кіраўніцтвам Мікалая Пытляка раённага цэнтра культуры не парадуе ні генеральным прагонам, ні прэм’ерай спектакля. Але драматызаваць сітуацыю не варта, бо бярэзінскіх тэатралаў у канцы лістапада чакае сапраўдны сюрпрыз - юбілейны фестываль самадзейных аматарскіх калектываў “Бярэзінская рампа”.
Яшчэ мінулай вясной фестываль на ўсю моц грымеў, заслужаны Гран-пры пад гучныя апладысменты быў ўручаны калектыву нашага тэатра за найскладанейшую пастаноўку спектакля па п’есе Аляксандра Вампілава “Старэйшы сын”, а рэжысёр Мікалай Пытляк адзначаны дыпломам за лепшую рэжысёрскую работу. А ўжо сёння ён старанна працуе над новай пастаноўкай. Чым жа збіраецца здзівіць вопытны рэжысёр на юбілеі?
Ён і на гэты раз лёгкіх шляхоў не чакае, бо рыхтуе спектакль па сучаснай і надзвычай актуальнай п’есе “Хайп” сучаснага вострамоднага беларускага драматурга Улады Альхоўскай.
- Гэта сапраўдная драма з элементамі псіхалагічнага трылера, - гаворыць Мікалай Мікалаевіч. - Спектакль расказвае гісторыю аб паспяховым бізнесмене, які цалкам прысвяціў сябе кар’еры. Галоўны герой жыў у ілюзіі, што яго жонка і дачушкі ідэальныя, аднак ён хутка разумее, што зусім не ведае сваю сям'ю і рэдка бывае дома. Яму трэба штосьці мяняць, але ўжо вельмі позна. П’еса закранае спрадвечнае пытанне бацькоў і дзяцей, глыбока паказвае праблему сучасных інфармацыйных тэхналогій і падыходзіць для сумеснага прагляду.
– Сапраўды, “Хайп” – вастрэйшая п’еса аб тым, як пад удзеяннем інтэрнэту разбураецца асоба чалавека, – дадае выканаўца галоўнай ролі Надзея Міхалёва, – Яна тычыцца кожнага з нас, бо паказвае, што мы перасталі заўважаць, чым жывуць нашы дзеці і ўнукі.
Трэба адзначыць, што ў складанай псіхалагічнай п’есе няма месца тэатральнаму найгрышу і штучнай інтанацыі, ды і сама пастаноўка антытэатральная і ўражвае выключнай натуральнасцю, адлюстроўвае ўсе рэаліі нашага напружанага жыцця. Таму ад акцёраў патрабуецца шмат сіл і старанняў, каб кожны ў зале на сваёй уласнай скуры адчуў усю глыбіню ўзнятай праблемы інфармацыйных тэхналогій. А гэта значыць, што надышоў самы час і нам з вамі да прэм’еры паразважаць над пачварствам і бяздушшам асобных карыстальнікаў інтэрнэту, каб рэальна пачуць у словах герояў выйсце з віртуальнай навалы.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.