Яе працоўны стаж у камбінаце пачаў свой адлік яшчэ ў 1982 годзе, калі маладой выпускніцай бабруйскага вучылішча прыехала гэта дзяўчына на Бярэзіншчыну, ды так і засталася назаўсёды ў нашым раёне, у гэтым дружным калектыве.
Пасля атрымання спецыяльнасці швачкі адвучылася і на закройшчыцу. Першыя прафесійныя ўрокі брала ў вядомага на той час майстра па пашыве адзення Міхаіла Клябанава, затым паступова напрацоўвала ўласны вопыт і прызнанне бярэзінцаў. І за 40 гадоў пра-цоўнага стажу назапасіла іх нямала. Як і тых грамат ды падзяк, якімі нярэдка адзначалася. Неаднаразова фотаздымкі стараннай працаўніцы (дарэчы, як і яе мужа, дачкі, зяця і нават унучкі) змяшчаліся на старонках нашай газеты, нумары якой старанна захоўваюцца ў сямейным архіве.
Сёння Марыя Уладзіміраўна з’яўляецца адзінай закройшчыцай атэлье індывідуальнага пашыву і рамонту адзення. Дзве яе напарніцы не так даўно пайшлі на пенсію. У ліпені і ёй можна будзе адпраўляцца на заслужаны адпачынак, але М. Харловіч пакуль што пакідаць любімую работу не збіраецца.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.