– З пачатку года ў раёне назіраецца пэўны рост зарэгістраваных злачынстваў, – удакладніў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі раённага аддзела ўнутраных спраў капітан міліцыі Вадзім Сакаў, – Для таго, каб скараціць іх колькасць, напярэдадні пасяўной кампаніі мы ўзялі пад асобы кантроль пытанне захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу, заняліся ўшчыльную выяўленнем фактаў безгаспадарчасці на іншых аб'ектах, злоўжыванне спіртнымі напоямі ў грамадскіх месцах.
Міліцыянеры не памыліліся з задачамі, бо ў ходзе 6 рэйдавых мерапрыемстваў было выяўлена 37 правапарушэнняў, сярод якіх большасць - распіццё спіртных напояў альбо з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах, факты кіравання транспартным сродкам асобай без вадзіцельскага пасведчання, зарэгістраваны 6 фактаў парушэнняў пешаходамі правілаў дарожнага руху і адзін – вырабу і набыцця моцных алкагольных напояў.
Нецвярозыя на рабочых месцах
– Аднак больш за ўсё нас хвалюе сітуацыя з аховай на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, – заўважыў міліцыянер. – Толькі на працягу двух дзён былі затрыманы на жывёлагадоўчых фермах тры вартаўнікі ў нецвярозым стане. Усё гэта прымушае нас звярнуць асаблівую ўвагу і ўзмацніць кантроль за работай вартаўнікоў.
Дарэчы, 28 сакавіка ў раёне стартаваў маніторынг падрыхтоўкі да палявых работ. Штодзень рабочыя групы ў складзе работнікаў ДАІ і супрацоўнікаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі наведваюць гаспадаркі раёна, каб праверыць работу аховы і ўмацаванасць аб’ектаў, перадрэйсавы агляд вадзіцеляў і своечасовасць праходжання тэхнічнага агляду.
Даведка. У выпадку выяўлення дробнага крадзяжу таварна – матэрыяльных каштоўнасцей вінаватая асоба прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці: атрымлівае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь, грамадскія работы альбо арышт. Акрамя гэтага, штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь будзе прызначаны парушальніку за набыццё, захоўванне і рэалізацыю фізічным асобам пафарбаванага паліва.
Мілана ТРАПЯНОК.