Ці дастаткова ў магазінах харчовых прадуктаў першай неабходнасці?

Date 01.04.2022 Man
Comment 992
Ці дастаткова ў магазінах харчовых прадуктаў першай неабходнасці?

Нядаўна бярэзінцы закупляліся соллю, цукрам, грэчкай і іншымі прадуктамі ў значных аб'ёмах. Але ажыятажу, калі з паліц у магазінах “змяталі” літаральна ўсё, не было.

 

Прафсаюзы штотыднёва здзяйсняюць народны кантроль за цэнамі. Разам са старшынёй раённага аб'яднання прафсаюзаў Аленай Токан мы звярнуліся да бярэзінцаў з пытаннямі: ці назіраецца дэфіцыт харчовых тавараў, ці варта рабіць запасы?

Людміла ЦЫРКУНОВІЧ, жыхарка Беразіно:

– Вядома ж, не! Асабіста я дэфіцыту не назіраю, усяго ўдосталь паўсюль, ва ўсіх бярэзінскіх гандлёвых кропках. Гэта проста вар’яцтва – хапаць цукар дзясяткамі кілаграмаў, быццам ніколі яго не бачылі. Мае даражэнькія, я шмат перажыла і справілася з усім, і дзеці ёсць, і ўнукі, і ўжо праўнукі. Галоўнае, не хварэйце, людцы, і не турбуйцеся, усяго нам хопіць.

Таццяна ГАЛУБЕЦ, працуе ў ААТ “Пагосцкі”:

– У нашых магазінах усяго хапае, нейкіх запасаў дома рабіць няма прычыны, бо навошта? Калі жыла ва Узбекістане, было цяжка з прадуктамі ў той час, даводзілася ў 3 гадзіны ночы ўставаць за бутэлькай малака, і не было чаго варыць дзеткам. Не думаю, што цяпер у нас да падобнага калі-небудзь дойдзе… Ва Узбекістане я такую бяду перажыла, што мяне ўжо нічым не напужаць, але мы ўсе выжылі. Таму запасаў не раблю, лічу гэта пустым. Зараз дзецям і сабе ў магазіне бяру прадукты на адзін раз. Нам усім хапае. Наогул у краіне заўсёды стабільныя і высокія ўраджаі, таму нельга сказаць, што ўзнікне праблема з наяўнасцю прадуктаў харчавання на магазінных паліцах.

І на рабоце супрацоўніцам гавару: не хапайце, не варта. Я нарадзілася ва Узбекістане і пражыла там 27 гадоў, потым 30 гадоў у Беларусі, тут дзяцей вырасціла, унукі ўжо ёсць, таму я шчаслівая бабуля, у нас усё ёсць, і ўпэўнена – не перавядзецца.

Аляксандр ЕФАНЧЫК, жыве ў Гуце:

– Не заўважаю ніякага недахопу прадуктовых тавараў. Усяго хапае: і мукі, і цукру, і алею. Запасаў таксама мы не робім, бо пытанне: навошта. Калі толькі цукру магу ўзяць упакоўку цэлую – дык тое на лета закаткі рабіць і варыць варэнне. А мукі адзін пакет, па патрэбе. Дарэчы, на пенсіі зараз, жыву з 92-гадовай матуляй, даглядаю. Раней працаваў на “Магілёўхімвалакне”. Дык, калі падумаць, і ў даўнія часы мы
неяк асаблівых запасаў харчовых прадуктаў не рабілі ніколі.

Пётр НЕСЦЯРОВІЧ, працуе ў раёне газазабеспячэння:

– Мукі, цукру і астатняга ў магазінах удосталь, у дастатковых колькасцях. Не думаю, што з гэтым узнікне фатальная праблема, таму запасаў не робім. Дый навошта запасацца? Усяго ж не купіш. Ну так, круп такіх-сякіх купіў, мо і звыш нормы, дык гэта каб на пару месяцаў хапіла ды ў магазін менш ездзіць. У любым выпадку не 20-30 кілаграмаў, як гэта могуць рабіць іншыя. Ажыятажу няма, але трывожнасць нейкая ёсць, хоць і цалкам тлумачальная. У любым выпадку, лічу, запасаў рабіць не варта.

Мубарыс АЛІЕЎ, прадпрымальнік:

– Не, дэфіцыту не назіраю ніякага. Наогул, ажыятаж на прадукты не падтрымліваю, гэта няправільна. У магазінах усяго навалам, бяры – не хачу. Зазвычай бяру прадукты, якія патрабуюцца на дадзены момант. Ну колькі? Пакет мукі, пакет цукру, гэта з таго спісу, якія самыя неабходныя. Трэба ж улічыць, што ёсць людзі, якія наогул цукар не ўжываюць, чай з цукеркамі п’юць. У астатнім жа ў магазінах не бачна, каб чагосьці не было. Хапае ўсяго, нармальна. Запасаў таксама не раблю.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31