Нарадзілася Лідзія Фамінічна ў Мсціслаўскім раёне ў мнагадзетнай сям’і і была старэйшай сярод іншых пяці братоў і сясцёр. Сям’я адносілася да разраду сераднякоў, а здабываўся гэты статус толькі асабістым мазалём. Таму і дзяўчынцы хапала працы з маленства. Ліда памятае, як людзей перасялялі з хутароў у вёскі. Іх сям’я трапіла ў вёску Шамушчына, дзе бацькам адразу давялося ўступіць у калгас. Спраў хапала і там.
У рэдкія хвіліны адпачынку і вольнага часу ў Ліды актыўна праяўлялася цяга да вучобы. І бацькі, хоць і пагаджаліся ў душы з адвечным пастулатам, што з навукі хлеб есці не будзеш, не пярэчылі жаданню дзяўчынкі, і тая стала хадзіць у школу. Дзесяць класаў Лідзія Галкоўская закончыла ў 1941 годзе. На той час уладальнік падобнай адукацыі лічыўся вельмі граматнай асобай. Таму і не было ні для каго дзівам, што маладую дзяўчыну адразу прызначылі брыгадзірам. Але тут грымнула вайна. З яе пачаткам Лідзе давялося адчуць усе жахі тых трывожных гадоў, страх смерці, пабачыць папялішча роднай хаты, пражыць доўгі час у маленькай варыўні з саламянымі насціламі, са спадзяваннем чакаць бацьку з фронту і сястру з Нямеччыны. І гэта толькі асобныя імгненні яе далёкага мінулага, якія давялося пранесці праз усё жыццё.
Пасля вызвалення ад акупантаў Мсціслава на тэрыторыі яго раёна адкрываецца педвучылішча, навучэнкай, а затым і выпускніцай якога становіцца і Лідзія Галкоўская. Знаёмства з азамі новай прафесіі адбывалася ў Жураўскай пачатковай школе. Затым была вучоба на хіміка-біялагічным факультэце двухгадовага настаўніцкага інстытута. Пасля яго малады спецыяліст па размеркаванні трапляе на Бярэзіншчыну, у Мачаскую школу. Тут Лідзія Трафімаўна сустракае сваё сямейнае шчасце ў асобе маладога выкладчыка матэматыкі Міхаіла Васільевіча Самца, які толькі што дэмабілізаваўся з вайны.
Неўзабаве мужа прызначаюць дырэктарам Мацевіцкай сямігадовай школы. Калі ў некалькіх словах апісаць яе, то гэта быў драўляны аднапавярховы будынак, вакол якога – закінутая, нічым не агароджаная тэрыторыя. З яе добраўпарадкавання і распачалі работы. А было тут да чаго прыкласці і рукі, і фантазію. Так, агароджу зрабілі з фігурна сплеценай лазы, тэрыторыю вакол школы ператварылі ў сапраўдную кветкавую аранжарэю, да таго ж пасадзілі 50 пладовых дрэваў, вырошчвалі клубніцы і агародніну, гадавалі трусоў. Даходы ад рэалізацыі атрыманай прадукцыі здавалі на спецыяльны рахунак, грошы з якога ішлі на падтрымку малазабяспечаных сем’яў. А было іх у той пасляваенны час нямала. Паступова Л. Галкоўская навяла адмысловы парадак і ў кабінеце хіміі, які стаў узорам для пераймання іншымі прадметні-камікалегамі. Так, у працы, навучанні і дамашніх клопатах няўмольна цёк час, якога на сябе заўсёды не хапала.
– Я ніколі не бачыла адпачынку, – прызналася Лідзія Трафімаўна. – Нават сям’і і сваім двум сыночкам увагі надавала не столькі, колькі патрабавалася, бо заўсёды была ў рабоце. Толькі аднойчы адпачывала ў Лётцах у санаторыі. Адзін раз за сто гадоў…
Гучалі гэтыя словы без суму і шкадавання пра тое, што так мала аддавала на сябе часу. Удзячнасцю ж за шчырасць, няўрымслівасць і адданасць справе сталі педагогу бязмерная любоў вучняў, павага і пашана аднавяскоўцаў ды калег. Нікога, на жаль, з паплечнікаў Л. Галкоўскай ужо не засталося ў жывых. Заўчасна пакінуў гэты свет і яе муж, які пакутаваў вузлавым поліартрытам. Апусцелі і самі Мацевічы, у якіх калісьці кіпела жыццё. Не знайсці сёння нават рэшткаў былой школы – на месцы таго будынка буяе пустазелле. Але на вёсцы жыццё працягваецца.
– Затрымаў мяне ў гасцях, у часе, сам Усявышні, – прызнаецца доўгажыхарка. – Дзякуй, што падтрымлівае мяне ў добрым стане.
І сапраўды, Лідзія Фамінічна і сёння не губляе сваёй абаяльнасці і інтэлігентнасці. Яна ўсё такая ж рухавая, гаманкая, пазітыўная. Жыве пад Мінскам, у Калодзішчах, сочыць за “работай” пчол на прысядзібным участку, якія, падобна ёй, карпатліва працуюць, носячы гаючы нектар.
Няхай жа Ваша старасць, шаноўная Лідзія Фамінічна, будзе і надалей падобна на лебядзіную песню жыцця, якая мае шмат сугучнасці з юнацтвам прыгажосці, дзе паэзія адной зліваецца з паэзіяй другой, як вячэрняя зорка з маладым світанкам. З юбілеем Вас!
Ніна БУРКО,
в. Капланцы.