Крыху гісторыі
Яшчэ ў 1920-ыя гады ў структурах мясцовых Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонагвардзейскіх дэпутатаў былі створаны спецыяльныя падраздзяленні (аўтаінспекцыі) для ажыццяўлення нагляду за парадкам руху на вуліцах і дарогах. Дзясятага чэрвеня 1920 года быў прыняты Дэкрэт Савета народных камісараў (СНК) "Аб аўтаруху па горадзе Маскве і яе наваколлі (Правілы)", змест якога лёг ў аснову правілаў вулічнага руху ў многіх савецкіх рэспубліках.
У наш час
Мінула ўжо колькі дзясяткаў гадоў, але патрэба ў гэтай службе дагэтуль не аспрэчваецца ні вадзіцелямі, ні пешаходамі, бо паток машын на дарогах не змяншаецца і з’яўляюцца новыя віды транспартных сродкаў. Таму працягваюцца слаўныя традыцыі мінулых гадоў і сучасныя супрацоўнікі ДАІ дастойна выконваюць свае службовыя абавязкі па захаванні бяспекі дарожнага руху. Штат работнікаў аддзела ДАІ Бярэзінскага РАУС невялікі, але большасць з іх мае значны вопыт работы ў міліцыі і дакладна ведае сваю справу. Работнікі аддзела ДАІ кантралююць захаванасць патрабаванняў нарматыўных прававых актаў, якія рэгламентуюць сферу дарожнага руху, вядуць улік дарожна-транспартных здарэнняў, вытворчасць па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. Работнікі аддзела ДАІ ажыццяўляюць таксама неадкладныя дзеянні на месцы дарожна-транспартнага здарэння, у тым ліку аказанне пацярпелым першай дапамогі, забяспечваюць рэгістрацыю і ўлік транспартных сродкаў, вядуць прыём экзаменаў на права кіравання транспартам і выдачу вадзіцельскіх пасведчанняў.
Акрамя таго, яны цесна ўзаемадзейнічаюць з іншымі службамі органаў унутраных спраў, работнікі аддзела ДАІ ўдзельнічаюць у ахове грамадскага парадку, вышуку ўгнаных, украдзеных транспартных сродкаў, а таксама вадзіцеляў, якія пакінулі месца аварыі. Важным аспектам дзейнасці ДАІ з'яўляецца прафілактыка і папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму, прапаганда сярод насельніцтва бяспечных паводзін на дарозе.
– Наша штодзённая самаадданая служба, няўхільнае выкананне Правілаў дарожнага руху – гэта гарант парадку на дарозе, захаванне бяспекі і дабрабыту грамадзян, – гаворыць начальнік аддзялення ДАІ Бярэзінскага РАУС Дзмітрый Гайдук. – Мы непасрэдна клапоцімся аб жыцці і здароўі людзей, дбаем, каб у сем’і не прыйшло няшчасце. Таму нам вельмі патрэбны ў нашай справе выдатны настрой, бадзёрасць і аптымізм.
Вернасць традыцыям
Слаўныя традыцыі бярэзінскай дарожнай службы мацуюцца на асаблівым стаўленні да ветэранаў аддзела. Так, першым яго начальнікам быў Уладзімір Громаў, дастойнымі яго былі пераемнікі Аляксандр Далівайла, Мікалай Аўтухоў і іншыя.
Напэўна, дзякуючы ім і вернасці традыцыям, у аддзяленне прыходзяць маладыя супрацоўнікі. Адзін з іх Канстанцін Жораў. Яго тэрмін службы пакуль невялікі ў параўнанні з астатнімі калегамі, але ён хутка асвоіўся ў новым калектыве і ўжо мае не адзін дзясятак выяўленых парушальнікаў.
– Вядома, цяжка выяўляць парушальнікаў у раёне, дзе цябе ведае амаль кожны чалавек, – гаворыць малады мужчына. – Але ж мы клапоцімся, каб яны вярнуліся дамоў жывымі і здаровымі. Таму чым ушчуваць нас, лепш прышпіліцца рамянём бяспекі і лішні раз не націскаць на газ.
Нямнога азмрочвае настрой міліцыянера той факт, што на прафесійнае свята яму зноў выходзіць на чарговае дзяжурства, прыступаць да выканання сваіх абавязкаў. Наперадзе ў яго і калег шмат адказных і патрэбных усім нам спраў…
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.