Хоць спяваюць яны зусім не па-салаўінаму, але ж валодаюць унікальнай уласцівасцю – паўліны надзвычай прыгожыя. І ў старадаўнія часы з'яўляліся неад'емным атрыбутам "райскіх" садоў падышахаў і імператараў. Вядома, што ў Старажытнай Грэцыі людзі плацілі грошы, каб паглядзець на гэтую экзотыку, якую ў той час дастаўлялі з цёплых краін.
– З чаго ўсё пачалося?
Прыкладна гадоў 7 назад паехалі з сям'ёй і сябрамі адпачываць у Закарпацце на тэрмальныя воды. У нейкі раз збіраемся павячэраць і чуем едкі-едкі крык. Бачу – паўлін, – распавядае Аляксей. – Мяне адразу працяла думка: трэба дома такую птушку завесці.Потым прыехалі на экскурсію ў адзін манастыр. Бачым: там таксама паўліны гуляюць у двары. Ідэя абзавесціся паўлінам засвідравала мацней. Пашукаў у інтэрнэце інфармацыю, хто гадуе гэтых экзатычных птушак у Беларусі? Знайшоў такіх людзей у Брэсцкай вобласці. Не адкладваючы справу, па дарозе з адпачынку заехалі і купілі паўліна, прывёз дадому ў Беразіно ў машыне.
Экзатычная гаспадарка
Паўлінавая гаспадарка Шнітковых невялікая: адзін самец вялікі – "галава сям'і", другі паменей – маладзейшы, самак засталося тры. Птушак было крыху больш, але паспелі прадаць.
На Бярэзіншчыне паўлінаў больш ніхто не разводзіць. Даводзіцца ездзіць у іншыя рэгіёны, да аматараў-паўлінаводаў, каб падзяліцца вопытам і пры выпадку абмяняцца птушкамі. Гэта неабходна рабіць, каб не было недарэчнага скрэшчвання ў рамках адной сям'і, якое можа выклікаць генетычныя адхіленні ў развіцці новых пакаленняў птушанят.
Птушкі з характарам
У год паўліны нясуць прыкладна 8-12 яек. Асноўны перыяд – май-чэрвень. Потым высіджваюць. Самкі за птушанятамі сочаць настолькі пільна, што іх клопату ў пару пазайздросціць асобным людзям. Месяцы тры запар самка пяшчотна даглядае вывадак, пакуль птушаняты не набяруцца моцы і падрастуць. Смеласці птушцы не займаць, ярасна кідаецца ў бойку пры малейшай пагрозе. Нястрымную рэакцыю выклікае ўсё тое, што самка сама палічыць пагрозай. Навакольныя каты даўно ведаюць, што набліжацца да птушанят, нават з мэтай пазнаёміцца, сабе даражэй. Аднойчы нават пацярпеў і сабака – алабай Нора, надзейны сябар, памочнік і ахова гаспадаркі. У паўлінаў моцныя і даволі "сур'ёзныя" кіпці.
Між іншым, харчуюцца паўліны звычайным курыным камбікормам. Аднак, каб з маленькай птушачкі вырас дарослы прыгажун з вялікім хвастом-веерам, догляд патрабуецца значны.
Ледзь злавілі
Дачакацца, каб сфатаграфаваць шыкоўны паўлінні хвост, няпростая задача, патрабуюцца належныя ўмовы надвор'я і адпаведны настрой у птушак. Зазвычай у добрае надвор'е, калі лагоднае сонейка шчодра лье святло з яркіх прадонных нябёсаў, паўлін-самец раскрывае свой непаўторны шматкаляровы веер каб уразіць самак. У такія моманты паўлін красуецца шыкоўнымі пёркамі і паказвае самкам які ён прыгожы "мужчына". Калі не ўпільнаваць, можа паказаць яшчэ і які ўдалы: быў выпадак – птушка скочыла на дах адным махам, а адтуль кароткімі пералётамі ды подбегам – куды вочы глядзяць.
Страўсы і надвор'е
Досвед гадоўлі экзатычных птушак у Аляксея Шніткова даўні, раней пэўны час вадзіліся страўсы. Спецыяльна для іх пабудаваў страўсятнік са столлю вышэй трох метраў. Страўсы жылі тры гады. Выраслі вялікія, хоць купляў маленькіх, памерамі з кур. Аднойчы зіма была нехалоднай, вільготнай, страўсы падхапілі запаленне лёгкіх і не перажылі. Што адметна, апошні страўс сканаў не з-за хваробы, бо быў здаровым, а відавочна з-за суму. Самка памерла, і самец не вытрымаў, не перажыў страты.
Мяса страўсаў дыетычнае і па смаку нагадвае цяляціну. Адно страўсінае сцягно можа важыць 35-40 кілаграмаў. Займаўся б развядзеннем страўсаў і далей, каб не непрадказальны фактар надвор'я.
Годны занятак
– Люблю экзотыку, жывёл, птушак. Займаюся гэтым выключна для душы ды каб парадаваць вока, і блізкім гэтае маё захапленне вельмі да спадобы. Нейкай мэтанакіраванай селекцыйнай работы не вяду, – шчыра прызнаецца Аляксей Шніткоў.
Дбайны гаспадар акрамя ўсяго яшчэ і вырошчвае рыбак. Для іх – спецыяльны басейн, у якім плаваюць карп, фарэль, каляровы карась: жоўты з плямамі, чырвоны, чорны. Фарэль набываў на Магілёўшчыне ў адной рыбагадоўчай гаспадарцы. За год рыба набірае 1 кілаграм вагі. Што характэрна, у кожнай фарэлі прыкладна па 100 грамаў ікры, як раз выспявае да навагодняга стала. Але ж галоўнае ва ўсімгэтым: экзотыка і незвычайнасць, якія так любіць гаспадар, бо ўсё новае – гэта заўжды цікавае, і вабіць нязведаным водарам першаадкрыцця, у першую чаргу, для самаго сябе.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота з архіва героя матэрыяла.