Урокі гісторыі павінны вучыць

Date 19.07.2022 Man
Comment 685
Урокі гісторыі павінны вучыць

Школу я закончыў 40 гадоў таму назад і гісторыю Вялікай Айчыннай вайны вывучаў не толькі па тагачасных савецкіх падручніках, а і па ўспамінах саміх удзельнікаў тых крывавых падзей – людзей, якія на сваіх плячах і цаной свайго гераізму прынеслі нам Вялікую Перамогу і вызваленне.

Штогод мы, школьнікі, сустракаліся з ветэранамі вайны, слухалі іх усхваляваныя расказы, з павагай глядзелі на сваіх пакрытых сівізной суседзяў, калі яны на 9 Мая выходзілі з баявымі медалямі і ордэнамі на ўрачыстасці. Мы лавілі кожнае іх слова, імкнулі-ся быць падобнымі ў сваіх учынках і справах. Іх успаміны былі заўсёды светлымі і шчырымі – пра франтавое брацтва многіх народаў Савецкага Саюза, пра адвагу партызан і падпольшчыкаў, пра баі на акупіраваных гітлераўцамі краінах Еўропы поплеч з палякамі, чэхамі, балгарамі…

Па меры таго, як усё менш і менш заставалася ў жывых ветэранаў вайны, стала мяняцца і памяць пра тыя суровыя гады. Не, не ў нас, беларусаў. Мы і сёння памятаем тую вялікую цану, якая была выплачана нашым народам за вызваленне. А вось там, у Еўропе, зусім побач, у той жа Польшчы (не будзем хадзіць далёка) штосьці стала не так з памяццю. Пазабыліся Астраленка, Ломжа, Гданьск і іншыя гарады, дзе паляглі тысячы беларускіх партызан, якія, не маючы вопыту баёў на фронце, прымалі тут першае хрышчэнне агнём. Пазабыўся і той факт, што менавіта ў Беларусі было сфарміравана Войска польскае, добраахвотныя байцы якога вялі разам з савецкімі салдатамі баі за вызваленне Польшчы. На змену гэтым падзеям сёння прыйшлі ва ўгоду новым палітычным амбіцыям іншага роду думкі і светапогляды, прыводзяцца іншыя факты і меркаванні, руйнуюцца помнікі і магілы савецкіх салдат, сціраецца памяць аб іх.

Але зусім не тое шаноўнае панства павінна забываць праз дзесяцігоддзі. З тых далёкіх саракавых гадоў даходзяць да нас звесткі аб так званай Арміі Краёвай (“Айчыннай арміі”), створанай у 1942 годзе для барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На жаль, першапачатковая задача, якую ставіла перад сабой гэтае фарміраванне, з часам памяняла свой накірунак і ўжо праз які год байцы арміі пачалі ўступаць у супрацоўніцтва з акупантамі, сталі ваяваць з партызанскімі фарміраваннямі. Што вельмі важна і можа падацца незразумелым, дык гэта тое, што вялікую барацьбу вялі прадстаўнікі Арміі Краёвай не на тэрыторыі роднай Польшчы, а ў Беларусі, дакладней заходніх яе абласцях. Байцы АК у большай ступені вялі барацьбу не з немцамі, а з прадстаўнікамі савецкай улады ў былой Заходняй Беларусі. Сведчаць пра гэта многія факты, як і тое, што барацьба тая вялася не толькі ў 1944-м, але і ў 1945-м годзе, калі і Беларусь, і Польшча ўжо былі вызвалены ад нямецкай навалы.

Так, на вызваленай тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў 1944 годзе актыўна дзейнічала пяць абводаў Арміі Краёвай агульнай колькасцю каля пяці тысяч чалавек.

Кожны абвод дзяліўся на кампаніі, далей ішлі плютоны – дружыны – секцыі. У цэлым на тэрыторыі Беларусі падраздзяленняў арміі было значна больш і яны аб’ядноўваліся ў акругі. Усяго па вобласці за другое паўгоддзе 1944 года ад рук бандытаў загінула 26 супрацоўнікаў НКУС, а таксама 68 ваенных, 4 савецкіх работнікі, 48 мясцовых жыхароў. У зоне свайго базіравання па ўсёй заходняй частцы Беларусі “акаўцы” за гэты перыяд ажыццявілі 222 тэракты, 86 нападзенняў на дзяржаўныя органы, забілі 214 чалавек.

Пасля праводзімых чыстак колькасць бандфарміраванняў істотна змяншалася. Так, толькі ў выніку аперацыі, праведзенай у верасні-кастрычніку 1944 года, быў ліквідаваны штаб злучэння АК “Поўнач” Навагрудскага раёна і 54 узброеныя групы, затрымана больш як 20 тысяч чалавек. Аднак сваю барацьбу “акаўцы” не спынілі, нягледзячы на істотныя страты.

Яны сталі разбівацца на больш дробныя групы, мяняць клічкі, хаваць зброю і па-ранейшаму праводзіць тэрарыстычныя акцыі супраць Чырвонай арміі, НКУС, прадстаўнікоў улады і мясцовых жыхароў. Нават у пераможным 1945 годзе яны не складвалі зброю і знішчалі нашых суайчыннікаў.

Свой крывавы след Армія Краёва пакінула таксама і на тэрыторыі заходніх раёнаў Украіны.

Як бачым, у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ёсць старонкі, якія паказваюць нам не толькі адчайную барацьбу супраць агульнага ворага і захопніка – фашысцкай Германіі, на барацьбу з якой узняўся ўвесь свет, але і факты таго, як пад прыкрыццём гэтай барацьбы некаторыя і ў той складаны час імкнуліся да вырашэння сваіх асабістых амбіцый. Як паказвае гісторыя, нічым станоўчым гэта не заканчваецца. І гэты вывад павінны памятаць тыя, хто сёння імкнецца паўтараць падобныя крокі і спрабуе перапісаць гісторыю з яе павучальнымі ўрокамі.

Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота з адкрытых крыніц.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31