Барбершоп – стыльны выгляд для стыльных людзей

Date 24.10.2022 Man
Comment 1366
Барбершоп – стыльны выгляд для стыльных людзей

У нашым побыце з цягам часу з’яўляюцца новыя словы. Вось і зараз камусьці можа быць і незразумелым выраз: у нас адкрыўся барбершоп.

Аднак маладое пакаленне добра ведае, што гэта значыць. Для астатніх патлумачу: тут можна пастрыгчыся. У спецыялізаваным мужчынскім салоне у Беразіно займаецца гэтай справай Яўгеній Данілаў – прыветны малады чалавек.

Пачалося ўсё з таго, што Яўгеній яшчэ падчас армейскай службы вырашыў стрыгчы людзей. Ды стаць не проста звычайным цырульнікам, а сапраўдным майстрам барбершопа, барберам-прафесіяналам. Дарэчы, сам ён з Беразіно, у 2016 закончыў сярэднюю школу №2, служыў у памежных войсках у Пінску.

- Пасля дзембеля адразу падаўся ў Мінск і там запісаўся на спецыяльныя курсы, пасля якіх уладкаваўся адразу у барбершоп, дзе адпрацаваў месяцаў з восем, потым перайшоў працаваць у іншых барбершопах, - распавядае Яўгеній. – І вось калі працаваў, назапашваў вопыт, практыкаваўся, не пакідалі думкі адкрыць падобную справу ў родным горадзе. Проста загарэўся гэтай ідэяй! Да таго ж дваюрадны брат Алег Булойчык гэтым займаецца.

Каб адкрыць мужчынскі салон крэдытаў ніякіх не браў, дапамаглі бацькі. А вось інструменты, абсталяванне, неабходныя касметычныя сродкі ўжо былі свае ўласныя, купленыя даўно.

- Калі ўладкоўваешся ў барбершоп, там ніхто інструментаў не дае, майстар прыходзіць на работу са сваім звычным, з тымі самымі нажніцамі, расчоскамі. Гэта ўжо стала традыцыяй, своеасаблівым знакам прафесійнай прыналежнасці.

 

Барбершоп ці цырульня?

Што такое барбершоп і чым ён адрозніваецца ад звычайнай цырульні? У прынцыпе спектрам паслуг, якіх нізашто не знойдзеце ў парыкмахерскай. Помніце класічныя кінастужкі, у якіх салідных джэнтльменаў акуратна і надзейна голяць небяспечнай брытвай майстры-брадабрэі з бялюткімі ручнікамі цераз плячо? Вось-вось, менавіта ў барбершопе можна пагаліцца старадаўнім дзедаўскім спосабам, асвечаным вякамі. Ніякіх бяспечных “Джылетаў” ці аднаразовых станкоў – толькі вострае бліскучае лязо, якое чыста і гладка выбрывае скуру на шчоках, падбароддзі і горле – брутальна і па-мужчынску. Падчас гутаркі з маім суразмоўцам міжволі ўспомнілася, як у дзяцінстве такім жа самым чынам галіўся мой дзед, выкарыстоўваючы трафейную нямецкую брытву колеру медзі.

Яўгеній перакананы, што паслуга знойдзе сваіх аматараў-спажыўцоў.

- Да таго ж, заўважу, што да працэсу стрыжкі майстар заўсёды ставіцца творча, - тлумачыць ён. – У нас гэта як мастацтва, і да кожнага кліента асаблівы падыход. Па-першае, барбершоп гэта крыху вышэйшы ўзровень паслуг. Тут не гоняцца за колькасцю кліентаў, бо галоўнае якасць. Напрыклад, я магу затрачваць на стрыжку аднаго чалавека па 40-50 хвілін, пры тым надзяляецца ўвага ўсім дробязям і нюансам у знешнім выглядзе, якія пажадае наведвальнік. Дарэчы, у рабоце майстра барбершопа і не бывае дробязей, работа з кліентам заканчваецца толькі тады, калі ён цалкам задаволены знешнім выглядам. 

Асобная тэма – догляд за барадой. Многія лічаць наяўнасць буйной расліннасці на твары прызнакам сур’ёзнасці, даросласці і як мінімум упрыгожваннем, якое пасуе сапраўднаму мужчыне. Менавіта барбер-прафесіянал падкажа і дапаможа набыць кожнаму брутальнаму “барадачу” ўласны непаўторны стыль.

Пералічваць усе “плюсы” барбершопа не мае сэнсу, іх можна апісаць адным выразам: стылёвая прычоска для стыльных людзей. Тут вас не толькі пастрыгуць і паголяць, але і дадуць магчымасць паглыбіцца ў своеасабліую атмасферу, якой патыхаюць сучасныя тэндэнцыі б’юці-сферы, або догляду за сабой, калі іншымі словамі.

 

Не толькі для мужчын

Ці працуеце з жанчынамі, роднымі, блізкімі, сябрамі? Было б неправільна абмінуць гэтае пытанне.

- Маёй каханай прыгажуні жонцы падраўніваю кончыкі валос, - усміхаецца Яўгеній. – Наогул, стрыгу па-магчымасці ўсіх, хто папросіць. Нават і жанчын з кароткай стрыжкай.

Дарэчы, жонка майго суразмоўцы Ангеліна, настаўніца англійскай мовы ў сярэдняй школе №2, глядзіць на справу мужа з захапленнем і цікавасцю. Здаецца, любой жанчыне прыемна, калі галава сям’і можа дапамагчы ўправіцца з валасамі і зрабіць гэта яшчэ асноўнай прафесіяй.

- Мне падабаецца гэтая справа, яна па-своему творчая, прыносіць эстэтычнае задавальненне. Прыемна ствараць прыгажосць. Для гэтага ёсць і памкненне і жаданне. Дый лічу, што валодаю сучаснай прафесіяй, за якой будучыня. Б’юці-сфера, мяркую, будзе ў далейшым набіраць абароты ў плане запатрабаванасці, бо стыль і імідж паступова займаюць першыя пазіцыі ў жыцці сучаснага чалавека, важна на нашым узроўні стаць сярод першапачынальнікаў дадзенай справы.

Пацвярджэннем дадзенай высновы служыць факт, што ўжо ў першы тыдзень існавання барбершопа тут ужо пабывала з палову тузіна наведвальнікаў, стрыгліся, даглядвалі бароды.

Ну, а чым захапляецца ў вольны час гэты стылёвы малады чалавек? Футболам! Гэта даўняе захапленне з першага класа школы. Пастаянна ўдзельнічае ў розных спаборніцтвах і марыць пра далейшае развіццё раённага футбола. Яшчэ станоўча глядзіць на грамадскі маладзёжны рух, цікавіцца пытаннямі жыцця моладзі, яшчэ ў школе быў у шэрагах БРСМ. Пажадаем жа яму поспехаў у распачатай справе і самарэалізацыі ў далейшых творчых пошуках і памкненнях.

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара і з архіва героя матэрыялу.

 

 

 

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30