Работа з людзьмі!
На гадзінніку яшчэ няма і васьмі гадзін раніцы, а Сяргей Рыгоравіч спяшаецца на працу.
- Шчыра прызнаюся, клопаты старшыні сельскага Савета не абмяжоўваецца рабочым днём. Гэтай справай патрэбна жыць пастаянна, – пачынае гутарку С. Шабан. – Да прыкладу, я яшчэ не зайшоў у свой кабінет, а ўжо работа пачалася. Жыву ў Беразіно, пакуль еду, бачу, што дзе-небудзь не вывезлі смецце, у іншым месцы – не працуюць ліхтары… Сустракаю людзей, яны таксама звяртаюцца з пытаннямі, просьбамі, пажаданнямі. І нават у выхадныя дні, можна сказаць, я таксама на працы.
– У чым заключаецца наша праца? – працягвае Сяргей Рыгоравіч. – Работа з людзьмі! Мы імкнёмся зрабіць жыццё вяскоўцаў больш камфортным, утульным. І, ведаеце, жыхары вёсак зусім не патрабавальныя, не капрызныя. Што ім патрэбна? У першую чаргу, добрыя дарогі, гутарка ідзе не пра асфальтаваныя, а проста добраўпарадкаваныя; каб працавала асвятленне без перабояў. Каб своечасова вывозілі смецце. Так, у нас узнікаюць пытанні і не ўсё так хораша, як хацелася б, але мы імкнёмся дапамагаць вяскоўцам у вырашэнні розных пытанняў, - расказвае Сяргей Рыгоравіч. – Зараз узнікаюць пытанні па ачыстцы дарог ад снегу. Паступаюць заяўкі, мы аператыўна звязваемся з ЖКГ, ДРБУ – накіроўваем тэхніку.
– Вясной, восенню наша асноўная задача – навядзенне парадку. У гэтым годзе мы прывялі ў парадак грамадзянскія могілкі ў Якшыцах. Вывезлі смецце, ліквідавалі несанкцыянаваныя звалкі (там было шмат адходаў) – усё ўтылізавалі, зрабілі агароджу. Усё – уласнымі сіламі работнікаў сельвыканкама. Увогуле, у нас на тэрыторыі Савета 16 могілак. Наведезены дасканалы парадак у Галаўных Лядах, Якшыцах. На наступны год запланаваны работы ў Багушэвічах, Перавозе, Божыне і Асмолаўцы.
Чаму столькі несанкцыянаваных звалак?
Мы напраўляемся ў вёску Якшыцы. Тут прыгожыя краявіды. Прырода – можна карціны маляваць. Побач рэчка. Але ўсю гэтую карціну псуюць несанкцыянаваныя звалкі. Зараз яны прысыпаныя снегам, але ж усё роўна праглядаюцца…
Як неаднаразова адзначала начальнік Бярэзінскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Дамаронак, адна з асноўных праблем у сельскіх Саветах – несанкцыянаваныя звалкі. У Якшыцах такіх звалак шмат (можна паглядзець здымкі).
Мы прайшліся з Сяргеем Рыгоравічам па вёсцы, каб запытаць у мясцовых жыхароў чаму смецяць, не берагуць прыроду, не захоўваюць чысціню.
– Так, у лясах у нас шмат смецця, – заўважае адна з жанчын. – Хто яго туды выкідвае? Ну, вядома ж, мясцовыя. Але хто дакладна – не ведаю. Сама ў пакетах выстаўляю смецце – 2 разы на месяц забірае ЖКГ. Ці ёсць нараканні на іх работу? Не, усё своечасова забіраюць.
– Нашы краявіды псуюць адходы. Як змагацца з гэтай праблемай? Прымушаць саміх людзей прыбіраць смецце, - дадае адзін з мужчын.
– Ці ведаем мы старшыню сельскага Савета? Вядома ж! Ён часта наведваецца да нас: правярае домаўладанні з аглядавай камісіяй, праводзіць прафілактычныя гутаркі, нагадвае пра меры бяспекі. Ды і на добраўпарадкаванні нашых могілак сам шчыраваў, не ленаваўся. Бачна, што гаспадар. Так, наша праблема – смецце. Яго шмат… Што рабіць? Складана сказаць, – расказвае мясцовы жыхар Фёдар Шалай.
– Дзякуй, што добраўпарадкавалі нашыя могілкі! Там жа столькі было смецця! Зараз чысціня! Дзякуй, – дадаюць людзі.
Дарэчы, мясцовыя жыхары добра ведаюць, што смецце нельга вывозіць у лес, да рэчкі. За гэта – штраф. Але… Напэўна, забываюцца пра гэта.
Хочацца нагадаць, што зараз у многіх месцах, дзе робяцца несанкцыянаваныя звалкі – пастаўлены фотапасткі. Кампетэнтныя службы будуць прымяняць больш максімальныя штрафы да парушальнікаў. І пра кожнага з іх будзем друкаваць інфармацыю на старонках газеты, у сацыяльных сетках, на сайце. Магчыма тады перастануць “забываць” смецце!
У магазіне – багаты асартымент
У Якшыцах ёсць і прыватны магазін, дзе даволі багаты асартымент тавараў. Заўважаю, што ёсць нават пажарныя апавяшчальнікі, што вельмі дарэчы!
– Імкнёмся задаволіць попыты пакупнікоў, таму і асартымент разнастайны, – расказвае прадавец магазіна Ірына Свірыдчук. – Ці ведаю пра звалкі смецця? Вядома ж, гэта для нас праблема. Я смецце не выкідваю ў лес. Хто? Складана сказаць. Але бывае, што нават мне пад магазін прыносяць пакеты са смеццем. Сорамна за такіх людзей.
Ініцыятыва – усім разам вясной выйсці на суботнік!
Мы прапанавалі мясцовым жыхарам разам вясной выйсці на суботнік, навесці парадак! І, здаецца, усе згадзіліся.
Чакаем спрыяльнага надвор’я! І – за працу! Зробім разам, агульнымі намаганнямі тэрыторыю Багушэвіцкага сельскага Савета самай чыстай і ўтульнай. Пачнём з малога, навядзём парадак у вёсцы Якшыцы!
Прыязджае нават хірург!
Мы зноў вяртаемся ў Багушэвічы. Прайшліся па аграгарадку. Пагутарылі з сяльчанамі.
– Вось не так даўно была на сходзе, які праходзіў у сельскім Савеце, – расказвае Вольга Скуратовіч. – Сяргея Рыгоравіча ведаем, неаднаразова звярталіся за дапамогай. Нядаўна падавалі заяўку, каб спілілі дрэвы на мясцовых могілках. Усё выканана. Заходзяць да нас і члены аглядавай камісіі. Зараз што хвалюе? Каб чысцілі дарогу лепш і падсыпалі, каб не так слізка было. Транспарт працуе добра, прыязджае своечасова. Задаволены і работай нашай амбулаторыі. Сёння – нават вёў прыём урач-хірург. Наш урач, загадчыца амбулаторыі, уважлівая, кампетэнтная, мы ёй задаволены! Якія яшчэ праблемы ёсць у Багушэвічах? Мяне, здаецца, усё задавальняе. А так, незадаволеныя заўсёды будуць, бо, як кажуць, нават сонца неаднолькава ўсім свеціць…
Сярод любімых газет – раёнка
Зазірнулі мы і ў паштовае аддзяленне. Тут шмат гадоў працуе Таццяна Баравая.
- У нас каля 100 чалавек выпісвае раённую газету. І з нецярпеннем чакаюць раёнку, каб быць у курсе ўсяго, што адбываецца ў краіне, вобласці, раёне. Ды і пра мясцовых жыхароў таксама цікава пачытаць! Якія праблемы хвалююць? Зараз – каб своечасова чысцілі і падсыпалі дарогі – гэта для паштальёнаў самае галоўнае зімой.
Звяртаемся – дапамагаюць
Сустракаем па дарозе ў сельскі Савет шматдзетную матулю Наталлю Шубіч.
- Ці звяртаюся з праблемнымі пытаннямі ў сельскі Савет? Вядома ж. І заўсёды дапамагаюць. Якія самыя актуальныя пытанні? Зімой – ачыстка дарогі. Увогуле ж, нам у Багушэвічах жывецца няблага. Садок, школа, амбулаторыя, магазіны – усё ёсць для нармальнага жыцця. Ды і чыстае паветра, краявіды!
Хочацца дастукацца да кожнага!
– Што самае складанае ў нашай рабоце?! – гутарым з Сяргеем Рыгоравічам. – Так адразу і не скажаш. Кожны від дзейнасці – асаблівы. Да прыкладу, цяжкасць у рабоце аглядавай камісіі заключаецца ў тым, што няпроста дастукацца да людзей.
Ёсць такія катэгорыі грамадзян, якім гавары – не гавары – яны ўсё роўна, да прыкладу, вядуць асацыяльны лад жыцця, кураць у памяшканнях, не захоўваюць нормы пажарнай бяспекі. Ёсць нямала і тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, менавіта з імі мы праводзім пастаянна прафілактычную работу. Запрашаем і на пасяджэнні грамадскага пункта аховы правапарадку.
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.