Самародак па імені Тамара

Date 04.01.2023 Man
Comment 1326
Самародак па імені Тамара

Звычайна пра людзей – прыродных самародкаў, якія надзелены мноствам талентаў і ўменняў у многіх галінах дзейнасці, можна пачуць: “Гэтаму чалавеку Бог у цемечка пацалаваў”.

Сапраўды, на свеце за час свайго жыцця можна набыць усё. А вось сапраўдны талент і жаданне праявіць яго даюцца чалавеку ад Бога. І дэталёва перабраўшы па памяці кожнага чалавека роднай мне вёскі (а ведаю іх ужо больш за 75 гадоў), іх вартасць, я прыйшла да высновы, што аналагаў па таленце, рамястве, развіцці ўсебаковых здольнасцей, якія мае гэтая простая прывабная сялянская жанчына, настаўніца па адукацыі, падобных Тамары Несцяровіч у Капланцах няма.

Гэта сапраўды чалавек-унікум. Яна ўмелец у галіне мастацтва, дызайна, фларыстыкі, вязання, вышывання, у справе малярных і слясарных работ, выдатны кіроўца аўтамабіля, які пры неабходнасці можа самастойна выправіць любую яго паломку. Да таго ж яна – педагог з вышэйшай адукацыяй, любімая маці і жонка.

А з’явілася яна ў сценах мясцовай школы 52 гады таму назад гэткім дзяўчом, больш падобным на вучаніцу старэйшых класаў, чым на маладога спецыяліста. І калі Тамара падала накіраванне на працу ў якасці выкладчыка працоўнага навучання тагачаснаму дырэктару Уладзіміру Іванавічу Анцыпаву, толькі яго педагагічны такт не дазволіў яму ў поўнай ступені выказаць сваё расчараванне. Ён толькі і змог вымавіць: “Вы настаўнік працы? Я ж прасіў прыслаць да нас самастойнага мужчыну…”

Знаёмства з рабочым месцам для маладога спецыяліста мела не самыя лепшыя ўражанні: майстэрня, дзе ёй належала працаваць, уяўляла сабой пусты пакой з абшарпанымі сценамі, толькі там-сям стаяла некалькі драўляных лавак.

Праз колькі тыдняў з пачатку навучальнага года кабінет школьнай майстэрні ўжо было не пазнаць. Пачуццё густу плюс уменне пісаць ад рукі любы друкаваны шрыфт, выдатнае валоданне фарбамі і талент ствараць прыгожыя карціны спатрэбіліся педагогу для афармлення пустуючага пакоя. Ён аж зазіхацеў! Тамара Рыгораўна вучыла дзяцей выпільваць і выпальваць розныя фігуры, займацца фларыстыкай з кветак, у якіх у той час патанала школа. Дзеці любілі яе прадмет больш за фізкультуру, дэманстравалі выдатныя навыкі і веды, што не магло не радаваць педагога.

Адно, што крыху засмучала жанчыну, дык гэта тое, што ў яе за плячыма быў толькі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, у той час, як яе калегі побач мелі вышэйшую адукацыю. Але ж нікому не будзеш расказваць, што вучоба ў тэхнікуме давала дзяўчыне магчымасць пераадольваць праблемы з харчаваннем, спецвопраткай, інтэрнатам і з’яўлялася ратаваннем ад яе беднага становішча.

Хаця, здавалася б, паходзіла яна з поўнай сям’і - бацька працаваў старшынёй калгаса, а непісьменная маці выдзялялася сваёй непаўторнай прыгажосцю. Быў і дзед Тамаш, які ездзіў на заробкі ў Амерыку і акрамя чамадана “керынак”, прывёз нямала золата. З-за частых здрад бацькі сям’я неўзабаве распалася і юнай Тамары для таго, каб неяк выжыць, давялося прыбягаць да выкарыстання сваіх мастацкіх навыкаў. Да паступлення на вучобу яна займалася афармленнем кабінетаў, дызайнам службовых пакояў, напісаннем лозунгаў, афармленнем куткоў…

Пасля атрымання спецыяльнасці настаўніцы працоўнага навучання Тамара Рыгораўна праз які час заканчвае факультэт агульнатэхнічных дысцыплін Мозырскага педінстытута. Будучы ўжо замужняй дамай з двума дзецьмі, жанчына ставіць перад сабой чарговую задачу – асвоіць новую дысцыпліну і стаць выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры. І вось ужо прадметны кабінет педагога па сваім дызайне і змястоўнай насычанасці становіцца адным з лепшых у раёне. Гэтую мяжу настаўніца падтрымлівае ўжо не адзін год сваімі адносінамі да працы, да навучання, да вывучэння роднай мовы і беларускай культуры. Тамара Рыгораўна – фанат вывучэння роднага краю і яго спадчыны. Колькі матэрыялу назапасіла яна за час сваёй работы!

Сёння Капланецкая школа з’яўляецца цэнтрам не толькі навучання дзяцей. Яна ўяўляе сабой і культурны цэнтр вёскі, а педагогі, што працуюць тут, - носьбітамі ведаў, навыкаў і рамёстваў, якія сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі назапашваюць у сабе для будучага жыцця. І сярод тых, хто дае ім пуцёўку ў дарослае жыццё, запальвае сваім энтузіязмам і бязмернай энергіяй, і Тамара Рыгораўна Несцяровіч – жанчына непераўзыдзенага таленту і ўмеліца на ўсе рукі ад Бога.

Ніна БУРКО.
Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30