Раніца панядзелка і пачатак чарговага працоўнага тыдня для работнікаў ферм ААТ “Багушэвічы” пачаліся з прыемнага візіту да іх гасцей у рамках правядзення прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод”. Хаця, уласна, прыбыўшых гасцямі таксама назваць нельга, бо дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Сухоцкі, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Галіна Шагойка і эканаміст Вера Бандзік бываюць тут амаль штодня. Ды і старшыню райкама прафсаюза работнікаў АПК Марыну Каўзуновіч ведаюць жывёлаводы не па чутках, а асабіста і заўсёды рады сустрэчы з ёй.
Шчырыя словы падзякі за нястомную працу, пажаданні поспехаў у выкананні ўскладзеных на іх абавязкаў і моцнага здароўя былі падмацаваны і невялікімі персанальнымі падарункамі, а таксама салодкімі пачастункамі для калектыўнага чаяпіцця. Безумоўна, знойдуць сваё прымяненне і прывезеныя на кожную ферму фільтры для ачысткі пітной вады.
Акцыя “Наш жывёлавод” ідзе да завяршэння. У хуткім часе падобныя сустрэчы адбудуцца з жывёлаводамі ААТ “Уша” і “Брадзец”.