Колькі яна за сваё жыццё напякла бліноў, яна і сама не ведае. Бліны ў яе – сапраўдная смаката: не заўважыш, і ўмнеш з дзясятак. Ды і асаблівыя яны ў яе атрымліваюцца, бо гатуе іх па-сапраўднаму шчаслівая жанчына – любімая жонка, руплівая маці, клапатлівая бабуля, шчодрая цешча і разумная свякроў.
Першы блін у дзесяць гадоў
Наталля родам з сонечнай і мандарыннай Абхазіі. Аднак вайна прымусіла яе пакінуць родныя мясціны. Мінула ўжо шмат гадоў, але дагэтуль шчаслівыя гады дзяцінства не забываюцца.
– Я ж там і спякла свой першы блін, – расказвае пра сябе Наталля Мікалаеўна, – як толькі навучылася карыстацца газам, дзесьці ў 10 гадоў. Так і пачала гатаваць. У нас на стале бліны былі часта і елі іх з варэннем з грэцкіх арэхаў.
Сёння Наталля Заікіна – адна з лепшых гаспадынь у раёне. Смак яе бліноў, пірагоў ведае шмат бярэзінцаў. Яна сваіх рэцэптаў не хавае і гатова частаваць блінамі хоць кожны дзень.
– Ведаеце, на маёй радзіме няма такога свята, як Масленіца, – гаворыць яна. – Толькі тут у Беларусі мне давялося даведацца пра гэтыя традыцыі і звычаі. І шчыра паверыць у іх. Я ж не толькі спецыяліст па блінах, але і загадчык клуба-бібліятэкі. Мне ж трэба ведаць мясцовыя звычаі. Ды і ўсе яны мне па душы.
Заканчвалася Масленіца ў нядзелю. Спальвалі чучала, якое рабілі з саломы. Абрад сімвалізаваў сабой развітанне з зімой і сустрэчу доўгачаканай вясны. Усё непатрэбнае і варожае павінна было застацца за парогам старога года. Вечарам на стол ставілі толькі малочныя стравы, галоўнае месца займалі сыр, масла і тварог з малаком. Людзі развітваліся з вясёлымі святамі, настройвалі сябе на новы працяглы пост. Заканчвалася вячэра абрадам развітання і ўсеагульнага прабачэння, даравання.
Спагада да людзей
Наталля Мікалаеўна ў гэтыя звычаі верыць і заўсёды просіць даравання. Хаця жыве сумленна і ў вялікай спагадзе да людзей Сялібы, якія сталі ёй як родныя. Яна ж для іх не адно свята наладзіла, не адзін пірог спякла, асабіста ведае і знаёма з механізатарамі, жывёлаводамі. Ды і яны ў ёй даўно прызналі сваю.
Вось ужо больш за трыццаць гадоў Наталля шчасліва жыве з мужам. Выгадавалі дачку і сына, зараз дапамагаюць ім выхоўваць унукаў. Ды і на вёсцы слывуць не гультаямі: трымаюць хатнюю гаспадарку. Таму да бліноў заўсёды есць і кавалак сала.
Масленіца і сёлета збярэ за адным сталом усю сям’ю Заікіных. Гаспадары спадзяюцца на шчодры ўраджай і жадаюць, каб у сям’і панавалі лад і дабрабыт, каб жыццё працягвалася ў дзецях і ўнуках. І, безумоўна, каб хутчэй прыйшла вясна.
– Вясну безумоўна чакаю, – гаворыць Наталля Мікалаеўна, – бо так хочацца пасля зімовай ляноты пакорпацца ў зямлі. Вясна – гэта заўсёды надзея. Вось я і спадзяюся, што яна прынясе нам мір, спагаду і дабрыню. Дзеля гэтага я гатова і мільён бліноў спячы.
Парады ад Наталлі Заікінай
1. Бліны гатовяць выключна па адным рэцэпце: на паўлітра малака патрэбна тры яйкі і 300 грамаў мукі, тры лыжкі цукру. Усе інгрэдыенты павінны быць пакаёвай тэмпературы. Таму малако і яйкі лепш загадзя дастаць з халадзільніка. Сярод начынак перавага аддаецца тварагу, да свята – у цеста дабаўляюцца разынкі.
2. Асаблівы інгрэдыент – растопленае сметанковае масла. Дзве-тры лыжкі трэба ўліць у прыгатаванае цеста.
3. Патэльня абавязкова павінна быць вельмі гарачай і яе трэба змазваць кавалачкам сала.
4. Першы блін заўсёды камяком. У гаспадыні так бывае
часта – галоўнае, каб патэльня была чыстай.
5. Гатуйце толькі з добрым настроем і тады ўсё атрымаецца. Поспехаў вам, людзі, і шчаслівай Масленіцы!
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.