80 гадоў памяці людской трагедыі

Date 21.03.2023 Man
Comment 577
80 гадоў памяці людской трагедыі

Па афіцыйных даных, існуючых на сённяшні дзень, у час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Бярэзінскага раёна было расстраляна, спалена, павешана, угнана ў фашысцкае рабства 4190 мірных жыхароў. Генацыд беларускага народа ў тыя грозныя гады, сапраўды, насіў масавы характар. І ў кожным куточку нашай роднай Беларусі да гэтага часу памятаюць пра панесеныя ахвяры, пра сваю Хатынь, якая ёсць у кожным рэгіёне. І памяць гэтая не згасае, а расследаванне злачынстваў акупантаў, якое вядзецца сёння, ускрывае ўсё новыя і новыя факты. Пра гэта мы размаўляем з пракурорам Бярэзінскага раёна Дзмітрыем Макарэвічам.

– У красавіку 2021 года Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду мірнага насельніцтва былой БССР у перыяд Вялікай Айчыннай вайны, - расказвае Дзмітрый Пятровіч. - У кожным раёне былі створаны следчыя групы на чале з пракурорам раёна па расследаванні гэтых ліхадзействаў на адпаведнай тэрыторыі свайго рэгіёна. У названую групу ўвайшлі работнікі пракуратуры, а таксама прадстаўнікі Следчага камітэта – асобы, якія валодаюць паўнамоцтвамі весці такія следствы ў адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.

За мінулы час мы прагледзелі і вывучылі масу дакументальнага матэрыялу. Гэта не толькі фонды Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, занальных архіваў, але таксама і архіў цэнтральнага апарата Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі, дзе былі ўзнятыя ўсе справы ў адносінах учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі злачынстваў. Аналагічных спраў налічваецца не адзін дзясятак тысяч. Пакуль што вывучана невялікая крыха ўсяго гэтага аб’ёму. Таму распачатая два гады назад работа не спыняецца і будзе працягвацца і надалей.

– Тым не менш, ці можна ўжо сёння расказаць пра новыя ўскрытыя факты і пра межы генацыду ў адносінах да бярэзінцаў?

– У адпаведнасці з тымі архіўнымі дакументамі, якія мы атрымалі і вывучылі, былі ўнесены некаторыя звесткі, якія датычацца тэрыторыі нашага раёна. Так, на сёння мы можам гаварыць, што за час акупацыі было знішчана цалкам або часткова 128 вёсак Бярэзінскага раёна. Уся інфармацыя пацверджана архіўнымі данымі, выяўлена, даследавана, праверана і агледжана з выездам на месца. Нашай следчай групай былі дапрошаны асобы, якія з’яўляліся сведкамі тых падзей або ведаюць пра факты, якія нас цікавяць з расказаў блізкіх сваякоў. На жаль, такіх людзей становіцца ўсё менш і менш. Па кожным населеным пункце быў праведзены агляд месца здарэння, вывучаны ўстаноўленыя там помнікі і размешчаная на іх інфармацыя.

– Ці ўдалося ў ходзе работы выявіць або ўстанавіць дадатковыя месцы пахаванняў мірных ахвяр? Якая далейшая работа будзе весціся?

– З 2021 года папярэдне выяўлены тры такія месцы. Яны былі ўстаноўлены шляхам апытанняў сведкаў і асоб, якія штосьці нам патлумачылі, падзяліліся існуючай у іх інфармацыяй і паказалі месцы трагедый. Сёлета ў чэрвені-лістападзе тут правядуць раскопкі ў адпаведнасці з планам пошукавых мерапрыемстваў Міністэрства абароны.

– Назаву гэтыя магілы. Адна з іх размешчана ў лясным масіве паблізу в. Міхеевічы, каля старога павароту на в. Рудня. Тут, па словах сведак, была расстраляна яўрэйская сям’я.

Другое месца пахавання – былая в. Валоўніца (зараз яе ўжо не існуе). У час вайны ў ёй знаходзілася школа. Немцы насупраць будынка выкапалі цэлы роў, у які затым скідвалі целы расстраляных там бярэзіцаў. Расстрэльвалі там, па словах былога жыхара гэтай вёскі, цяпер ён пражывае ў в. Капланцы, не толькі мясцовых вяскоўцаў, а прывозілі ахвяр і з суседніх населеных пунктаў. Колькасць загінуўшых пакуль што невядома.

Трэцяе месца масавага пахавання мірных жыхароў Бярэзіншчыны знаходзіцца ў лясным масіве каля в. Багушэвічы. Тут закатавана каля 40 прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці (іх прах пакоіцца асобна ад тых, над брацкай магілай якіх устаноўлены помнік).

Па расказах пажылой жанчыны (былой ураджэнкі Багушэвіч, якая сёння пражывае ў Мінску і спецыяльна прыехала паказаць гэта сумнае месца), яўрэяў пад ілжывай прапановай адправіць на работы ў Германію спачатку сабралі ўсіх разам – з дзецьмі, пажыткамі – і павялі, маўляў, у Беразіно. А калі завялі ў лес, пастралялі ўсіх да аднаго і скінулі ў загадзя выкапаную для гэтага канаву.

Наогул, за час следства мы дапрасілі звыш сотні чалавек і вельмі ўдзячны ім за атрыманую інфармацыю, а таксама за тое, што некаторыя з іх прыязджалі на Бярэзіншчыну з іншых гарадоў, каб паказаць тое ці іншае месца фашысцкіх злачынстваў. Спадзяёмся і на далейшае цеснае супрацоўніцтва.

У дадатак скажу, што Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь распрацавана база даных “Генацыд”. Доступ да яе маюць толькі супрацоўнікі пракуратуры - кіраўнікі следчай групы. Тут фарміруюцца ўсе даныя пра поўнасцю або часткова знішчаныя населеныя пункты па ўсёй рэспубліцы, пра пацярпелых асоб кожнага населенага пункта, пра злачынцаў і іх пасобнікаў, а таксама звесткі пра ўрон, які быў нанесены гэтымі дзеяннямі. Памер гэтага ўрону фарміруецца не толькі дзякуючы звесткам, атрыманым у ходзе апытання і вядзення папярэдняга следства, але і на аснове архіўных дакументаў і іх аналізу.

Зараз мы атрымалі новы пласт інфармацыі з расійскага Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны. Так што работы хапае. І доўжыцца яна будзе яшчэ не адзін год, пакуль мы не ўстановім прозвішчы і агульную колькасць ахвяр фашысцкага генацыду. Нягледзячы на мінулыя гады, забытым ён быць не павінен.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Студзень 2025 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31