Сваю адданасць і перавагу раёнцы выказалі ўжо многія жыхары з розных куточкаў Бярэзіншчыны. Было нямала іх і ў час правядзення Дня падпісчыка, які рэдакцыя ў чарговы раз ладзіла ў аўторак, 21 сакавіка.
Прадстаўляем некаторых сяброў нашага выдання, бярэзінцаў, якія ў гэты дзень аформілі падпіску і выказаліся наконт работы журналістаў.
Аляксей Давідовіч:
- Выпісваю раёнку ўсё жыццё, колькі сябе памятаю. Таму газета з‘яўляецца маёй неад’емнай часткай. Нават і не ўяўляю сябе без “Бярэзінскай панарамы” і навін пра жыццё роднага раёна. Цікавіць ўсё: і культура, і прамысловасць, і сельская гаспадарка. Падабаюцца матэрыялы пра старанных землякоў, пра дасягненні і поспехі. Тым больш цікавая такая інфармацыя, што я многіх з герояў публікацый ведаю асабіста або па іншых матэрыялах. Я ж працаваў вадзіцелем аўтаклуба, бываў, лічы, у кожнай вёсачцы, знаёмых маю багата. І калі пра чалавека даведваюся штосьці новенькае, - гэта заўсёды цікава. Так што без раёнкі не застаюся ніколі. Вось і на гэты раз аформіў падпіску на квартал: зноў буду з навінамі!
Наталля Краснякова:
- Газету чытаю і памятаю яе яшчэ з тых часоў, калі яна называлася “Сцягам Леніна”. Родныя навіны з роднай газеты заўсёды вабілі. Цікавасць гэтую захоўваю і зараз. Хаця з’яўляюся гараджанкай, чытаю інфармацыю і пра сельскую гаспадарку і яе працаўнікоў. Цікава ж ведаць, колькі пасеялі, убралі, надаілі, атрымалі. І хаця я не вялікі бухгалтар або эканаміст, заўсёды адзначаю тыя поспехі, якіх дасягае наш раён. Ды і людзей шмат знаёмых трапляецца на старонках газеты: я ж не адзін дзясятак гадоў адпрацавала ў сістэме гандлю і мела шмат зносін з людзьмі. Ды і сёння, будучы на заслужаным адпачынку, таксама імкнуся быць у курсе ўсіх спраў. І раённая газета тут найпершы мой памочнік.
Таццяна Яфрэмава:
- Працую ў чавёртым дзіцячым садку. З раённай газетай таксама маю доўгае сяброўства. Люблю і паважаю гэтае выданне - - сапраўды сямейнае. Жыву ў Беразіно. Таму больш увагі надаю матэрыялам газеты, якія звязаны з добрапарадкаваннем і далейшым развіццём горада. Ёсць шмат станоўчых перамен, што вельмі радуе. Але ёсць і іншыя сітуацыі. Я жыву на вуліцы Азёрнай. Летась увосень тут паклалі тратуарную плітку – раённыя лады паклапаціліся аб нашым камфорце. Толькі вось паклалі тую плітку так, што ўжо зараз, з пачаткам вясны, там немагчыма прайсці з-за ямін і няроўнасцей. Сорамна павінна быць за такую работу.
Таццяна Кліменка:
- Дзень падпісчыка сёння? Дык, калі ласка, аформіце падпіску на раёнку на другі квартал. Не хачу застацца без мясцовых навін. Як жа без іх? З газетай знаёмая не толькі за кошт публікацый, а і сама перыядычна супрацоўнічаю з ёй як старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку – расказваю аб жыцці і рабоце таварыства. Ведаю, што ў калектыве працуюць граматныя і ветлівыя супрацоўнікі, сапраўдныя журналісты. Няхай і надалей нясуць яны бярэзінцам свежыя навіны, а выданне будзе заставацца запатрабаваным, нягледзячы на распаўсюджванне электронных сродкаў масавай інфармацыі.