Тым не менш, сёння мы раскажам менавіта пра Старую Падваложку, як асобную вёску.
Яе гісторыя вядома нам толькі з 1917 года, калі тут налічвалася 12 двароў і 92 жыхары. Існуюць звесткі, што ў час вайны яна часткова была спалена. Яшчэ адным цікавым фактам з’яўляецца тое, што тут у 1896 годзе нарадзіўся беларускі пісьменнік Янка Цвік (Іван Зіноўевіч Бабіновіч).
Тут заўсёды жылі працавітыя і добрыя людзі. Ды і зараз старажылы вёскі складаюць яе галоўны касцяк. Пастаянна пражываючых жыхароў тут налічваецца 11 чалавек (некаторыя з іх яшчэ працуюць, і не толькі ў мясцовым СУП “Здравушка-агра”).
Улетку наваколле напаўняецца гоманам і смехам дзятвы і прыезджых – былых мясцовых выхадцаў, якія прыязджаюць на сваю малую радзіму ў якасці дачнікаў. Тады ўсе 20 хат
Старой Падваложкі жывуць паўнацэнным жыццём, а на прысядзібных участках можна заўважыць руплівых гаспадароў, якія даглядаюць свае градкі і агароды: зямля тут ніколі не пустуе і шчодра дзячыць людзей за іх намаганні.
Жыхары вёскі таксама вялікія аматары лесу, дзе заўсёды шмат грыбоў і ягад, якіх хапае не толькі для ўласных патрэб, а і на продаж.
Але зараз, пакуль яшчэ не наступіў сезон, жыццё ідзе зусім па іншым раскладзе. Маімі гідамі па вёсцы сталі яе жыхары Леанід Красоўскі і Ганна Бабіновіч. І хоць абодва яны нарадзіліся не тут, а ў Халопах – вёсцы, што існавала раней побач з Паплавамі і зараз з‘яўляецца яе часткай, лічаць сябе старажыламі Падваложкі, бо звязалі з ёй сваё жыццё больш як паўвека назад. Леанід Аркадзьевіч сёння на заслужаным адпачынку, доўгі час працаваў у раённым вузле электрасувязі, былы матрос, які за час службы ў арміі пабываў ў многіх краінах свету. Сёння імкнецца аднавіць гісторыю вёскі і яе людзей, ведае шмат цікавых фактаў аб іх лёсе.
– Насупраць майго дома стаіць непрыкметная хаціна, – расказвае ён. – У вёсцы ўсе ведаюць, што жыла тут у свой час былая партызанская сувязная Вольга Тарасаўна Кацько. У час вайны яе мужа катавалі ў Беразіно і забілі ў трасцянецкім лесе, а яна з трыма маленькімі дзеткамі засталася адна і дапамагала партызанам. Затым, ужо ў мірны час, настаўнічала шмат гадоў і пакінула пра сябе светлыя ўспаміны. Яе ўжо няма сярод нас, на лета ў гэтую хату прыязджаюць яе ўнукі і праўнукі – род Кацько працягваецца.
Ведае Леанід Красоўскі і шмат іншых цікавых гісторый з мінулага Старой Падваложкі. Але ж нам хочацца расказаць пра яе сённяшні дзень і самабытнасць.
Дык вось, акрамя ўзгаданага дома, сёння ў вёсцы ёсць яшчэ адзін унікальны аб’ект (хаця, слова гэтае не зусім адпавядае існасці) – устаноўлены пры ўездзе ў вёску вялікі праваслаўны крыж. Узведзены ён быў гадоў дзесяць назад па прапанове Божынскага святара айца Валерыя і пры актыўным ажыццяўленні задуманага настаўніка Паплаўскай школы, мясцовага жыхара Барыса Бабіновіча. Гэтае месца вяскоўцы шануюць, нярэдка збіраюцца тут разам. А перыядычна даглядае крыж маці Барыса Барысавіча Ганна Іванаўна, якая жыве непадалёк.
Ганна Бабіновіч у свой час працавала ветурачом. За парадай і дапамогай да яе звяртаюцца і сёння, нягледзячы на тое, што жанчыне ўжо 72 гады.
Тут жывуць і двое яе сыноў – Мікалай (у адной хаце з маці) і Андрэй – цераз вуліцу. Хуткая на пад’ём (да гэтага часу летам ездзіць у лес на веласіпедзе!), гаваркая, гаспадарлівая, яна спраўляецца не толькі весці сваю гаспадарку, а і часта бывае ў Андрэя. Пакуль яны з жонкай занятыя на рабоце (ён працуе ў аўтабазе распажыўтаварыства, а яго жонка Наталля – СУП “Здравушка-агра”), прыходзіць падтрымаць сваю ўнучку, што знаходзіцца ў бацькоў на час дэкрэтнага водпуску і гадуе дваіх дзетак – дачушку Алішу і сыночка Даміра. Нязвыклыя для нашага ўспрымання імёны тлумачацца тым, што муж Алены (унучкі Ганны Іванаўны) па нацыянальнасці туркмен.
– На сёння мае праўнукі з’яўляюцца самымі маладымі жыхарамі нашай вёскі, – дзеліцца думкамі Ганна Бабіновіч. – Такім чынам, хоць мы старэем, працяг у вёскі ёсць. Я веру ў тое, што гэты куточак і надалей будзе жыць, што ў вёскі ёсць працяг – у нашых дзецях.
Дарэчы, сям’я Андрэя і Наталлі Бабіновіч унікальная не толькі шлюбам дачкі з выхадцам азіяцкай рэспублікі. Ёсць тут і яшчэ адна акалічнасць: муж і жонка на сваім падвор’і трымаюць карову.
На сёння гэта лічыцца ўнікальнай з’явай, хаця колькі гадоў таму падобная жыўнасць вялася ў кожнай гаспадарцы. Дарэчы, па словах мясцовых жыхароў, у прыватным сектары кароў трымаюць у цэлым па гаспадарцы толькі тры сям’і.
Сярод іншых жыхароў Старой Падваложкі – Сяргей і Ганна Бабіновіч, Уладзімір Бабіновіч, Галіна і Віктар Кіклевічы… Вёска падзяляецца на вуліцу Старую і завулак Зарэчны. Дарэчы, калі прайсці ўсю вуліцу Старую, то неўзабаве трапіш на вуліцу Новую – цэнтральную вуліцу вёскі Новая Падваложка, больш ажыўленую і густанаселеную.
– Сёлета ў маі мне споўніцца 74 гады, – расказвае Леанід Красоўскі. – Хутка прабег час маладосці. І сёння большай часткай жывеш успамінамі – не толькі пра свой учарашні дзень, а і пра стаўшую мне роднай вёску Старая Падваложка, пра яе жыхароў і іх лёс. Мы павінны цікавіцца сваёй гісторыяй, гісторыяй сваёй малой радзімы, каб перадаць сабраную і захаваную інфармацыю сваім нашчадкам. І чым больш інфармацыі ў мяне назапашваецца, тым становіцца ўсё больш цікавым. Адсюль нараджаецца наша любоў да Айчыны, тут бярэ пачатак патрыятызм, без якога чалавек не можа быць паўнацэнным грамадзянінам сваёй Радзімы.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.