На мінулым тыдні да шэрагу сямейных скандалістаў, якія пражываюць на тэрыторыі Дзмітравіцкага сельсавета, адправілася міжведамасная камісія ў саставе работнікаў мясцовага сельвыканкама, інспекцыі дзяржэнергагазнагляду, ТЦСАН і райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Маршрут пралягаў праз такія населеныя пункты, як Журоўка, Вяшэўка, Шавярнічы, Дзмітравічы, Арэшкавічы і Прудок.
Найбольш паказальнай у плане сварак аказалася сям’я, у якой пражывае тры браты і іх састарэлая (1928 года нараджэння) маці. Нягледзячы на тое, што жывуць усе толькі за кошт пенсій матулі і старэйшага з братоў, а грошы лішнімі тут не бываюць, іх не шкадуюць на набыццё алкаголю. Дарэчы, у час нашага візіту адзін з мужчын знаходзіўся, нягледзячы на ранні час, на добрым падпітку. Не грэбуюць спіртным і астатнія браты, што прыводзіць да сварак і боек паміж сабой.
У другой сям’і таксама часта ўзнікаюць сваркі. Ды яно і было з-за чаго: абодва не працавалі, часта ўжывалі алкаголь. Сёння сітуацыя памянялася ў лепшы бок. І прычын тут дзве. Па-першае, муж уладкаваўся на працу, а, па-другое, жонка аказалася на некаторы час у месцах не вельмі аддаленых.
Наступны адрас. Аналагічны малюнак. Два браты і маці жывуць пад адным дахам. Часта сварацца паміж сабой, распускаючы рукі. Прычына – тая ж: п’янства. Матулі ўжо за 70. На пытанне, ці крыўдзяць яе дамачадцы, не без гонару адказвае, што тыя слухаюцца яе.
Акрамя прафілактычных размоў з галоўнымі фігурантамі акцыі і выдачы ім прадпісанняў члены камісіі таксама праверылі спраўнасць пячнога ацяплення і электраправодкі, наяўнасць у жылых памяшканнях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, нагадалі правілы спальвання смецця на прысядзібных участках і г.д.
Не абышлося і тут без заўваг, папярэджванняў і выдачы прадпісанняў. Далёка не ў кожным домаўладанні пасля завяршэння зімы печы знаходзяцца ў належным парадку. Гаспадары аднаго з дамоў аказаліся адключанымі ад электрычнасці з-за неаплаты. Па словах спецыяліста, нават у тым выпадку, калі запазычанасць будзе ліквідавана, электрычнасць тут усё роўна падключана не будзе: праводка патрабуе поўнай замены.
Уразіў і такі факт. Адзін з жыхароў вёскі вырашыў паспачуваць свайму суседу, які трапіў у аналагічную сітуацыю. І каб той не сядзеў без святла, правёў праводку ў яго дом. Прама цераз вуліцу. А каб тая нікому не перашкаджала, кабель паклаў у зямлю і закапаў яго. Давялося даставаць яго і на вачах членаў камісіі ліквідоўваць такую “пераноску”. Добра яшчэ, што гаспадар падключыў гэты кабель ад уласнай разеткі і не дапускаў крадзяжу электраэнергіі.
Уражваючымі былі і некаторыя малюнкі быту асобных сяльчан. Бруд у пакоях, забруджаная пасцельная бялізна (а іншы раз і поўная адсутнасць яе), закопчаныя фіранкі на вокнах, нефарбаваная падлога, рыжыя шпалеры на сценах…
Вядома, кожны мае права жыць так, яму хочацца. Але няўжо так складана прыкласці хаця б мінімум намаганняў для таго, каб тваё жытло набыло прывабны від і ты сам змог адчуць сябе на прыступку вышэй і па-іншаму ставіцца да жыцця? Ці не гэтая абыякавасць прыводзіць чалавека да бяды, злоўжывання алкаголем, узлаванасці, якая выліваецца ў скандалы і бойкі? Зрабіце крок да ачышчэння. І няхай штуршком для гэтага стануць вам велікодныя святы.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.